МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi),

Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс. км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс. км². Нас. 9,8 млн. чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г. Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.

Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс. чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс. ж., Лілонгве — каля 400 тыс. ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).

Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.​Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр. паліт. арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.​Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.

6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.​Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл. ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.

Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс. гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб. ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн. дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн. гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Малаві.
Да арт. Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.
Да арт. Малаві. Краявід на Пд краіны.

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭАТР,

адна з форм літ.-драм. радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.

Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.​Х’юза). У б. СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.​Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж. рас. радыё і ў Астанкіна.

На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.​Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.​Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.​Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.​Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.​Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.​Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.​Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.​Ільінскага, «Канец дружбы» К.​Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз. выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г. літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.​Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.​Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.​Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.​Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.​Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.​Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г. вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял. Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.​Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.​Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака. У 1960-я г. сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.​Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.​Бур’яна і І.​Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.​Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.​Мележа, «Жураўліны крык» В.​Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.​Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.​Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.​Савіцкага, «Новая зямля» Я.​Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.​Новікава, «Васіль Корж» С.​Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.​Лукшы, «Была вайна народная» А.​Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.​Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.​Мехава, «Каб узышло сонца» Р.​Бакіевіча і А.​Пётуха, «Праўда адна» А.​Шлега, «Такая служба» А.​Пінчука, «Званы Віцебска» У.​Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.​Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.​Куляшова «Хамуціус», Я.​Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.​Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.​Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.​Місько «Градабой», В.​Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.​Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.​Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.​Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.​Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.​Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.​Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.​Калошкі, «Вяртанне» У.​Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.​Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.​Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.​Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).

З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.​Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.​Коласа, «Адгукніся песняй» А.​Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.​Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.​Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.​Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.​Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.​Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.​Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.​Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.​Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.​Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.​Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.​Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.​Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.​Васілевіч, «Лацароні» Я.​Маўра, «Гарачым летам» Ф.​Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.​Бядулі, «Салдацёнак» Ч.​Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.​Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.​Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Я.​Глебаў, А.​Залётнеў, У.​Кандрусевіч, І.​Лучанок, І.​Любан, А.​Мдывані, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, В.​Помазаў, Р.​Пукст, Л.​Свердэль, А.​Туранкоў, М.​Чуркін.

Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.​Алендэр, Т.​Аляксеева, В.​Анісенка, У.​Багалюбскі, С.​Гурыч, П.​Данілаў, І.​Лапцінскі, М.​Троіцкая, С.​Сцефановіч; акцёры Г.​Аўсяннікаў, З.​Браварская, Г.​Глебаў, Л.​Давідовіч, П.​Дубашынскі, У.​Дзядзюшка, М.​Захарэвіч, А.​Клімава, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, С.​Станюта, З.​Стома, В.​Тарасаў, І.​Шаціла, Р.​Янкоўскі.

Літ.:

Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;

Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;

Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;

Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.

В.​М.​Шэін.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),

дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс. км². І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс. км² (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс. чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г. Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).

Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т. л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб. насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх. суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.

Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр. насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр. насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш. мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс. чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км². У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км². У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц. яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр. паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс. км²) і яўрэйскую (14,1 тыс. км², або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г. Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс. км² (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл. Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.

У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс. км²). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс. чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на ​2/3 за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.​Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж І. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр. араб. партыя і інш. Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд. кВт∙гадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн. т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн. т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс. т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сць ваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш. Хім. прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн. т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч. прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс. га, у т. л. больш за 220 тыс. га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т. л. кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс. га, інш. фрукты — каля 55 тыс. га, палявыя культуры — каля 230 тыс. га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс. га, кветкі — каля 2 тыс. га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс. га. Штогадовы збор (тыс. т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн. тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс. л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс. км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс. міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд. дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд. дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал. гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс. чал., рэзерву — 430 тыс. чал. У сухап. войсках 134 тыс. чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс. артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс. чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс. чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж. рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т. л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн. ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр. ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.​Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац. б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац. цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-ка Н.-д. ін-та імя Х.​Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр. муз. б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш. Н.-д. работу праводзяць Н.-д. ін-т імя Х.​Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т. л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д. работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб. інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т. л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.

Літаратура. Да канца 19 ст. л-ра яўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл. Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.​Д.​Гордан, І.​Х.​Брэнер, Х.​Н.​Бялік, Ш.​Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.​Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.​Шлёнскага, Н.​Альтэрмана, Л.​Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.​Ц.​Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.​Шалома і А.​Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.​Мосінзана, М.​Шаміра, С.​Ізхара, Н.​Шахама і інш.). З 1960-х г. цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.​Б.​Іехошуа і А.​Оза). Проза А.​Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.​Аміхай. Н.​Зах, Д.​Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.​Бен-Нера, Я.​Шабтая, Д.​Шыца, Ш.​Харэвен, Х.​Беера, паэзіі Я.​Гурвіца, М.​Візелціра, А.​Шабтая, І.​Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.​Кішона.

Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг. насельніцтва, выкарыстанне мясц. арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.​Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.​Рэхтэры, Д.​Кармі, М.​Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.​Мансфельд, Д.​Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.​Рэзнік, Э.​Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.​Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.​Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.​Лупентэлер, Г.​Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т. л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.​Кармі, А.​Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац. маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.​Шэмі, І.​Сімон, Х.​Атар, А.​Левін, графікі А.​Эльвейл, Ш.​Вейль, Я.​Штэйнхард, скульптары Х.​Арлова, М.​Цыфер, Б.​Лішанская, Я.​Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.​Ароху, Ш.​Себу, скульптарам З.​Бен-Цві, І.​Данцыгеру, Д.​Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар. маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.​Агам, скульпт. Р.​Царфаці, І.​Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.​Безем, А.​Кахане, графіка А.​Ашайіма, А.​Пана, М.​Шатры, Ш.​Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.​Капелян, М.​Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.

Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац. муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр. муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр. сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз. т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар. муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.​Лаўры) і ўсх. (Э.​Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.​Бен-Хаім, М.​Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз. авангард (М.​Капытман, Э.​Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац. т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз. ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.​Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).

Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.​Равіна, А.​Мескін, Ш.​Фінкель, М.​Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.​Бунім, П.​Фрай, А.​Халфі, Х.​Мірон, З.​Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац. т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.​Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.​Эвен-Ора і інш.

Кіно. Уласная кінавытворчасць у І. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.​Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.​Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.​Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.​Габісан, Э.​Фокс, Х.​Азулай, Ш.​Хасфары, О.​Бен-Дор-Ніў, М.​Бат-Адам, А.​Даян, Д.​Вольман, А.​Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.​Рыбенбах, Д.​Бен-Шытрыт, А.​Птай, Дж.​Шлец, А.​Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.

Літ.:

Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ. М., 1993;

Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;

Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;

Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;

Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ. М., 1994;

Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].

Г.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​В.​Сініла (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Ізраіля.
Да арт. Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.
Да арт. Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Д.​Кармі, І.​Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Ш.​Себа. Пастух. 1959.
Да арт. Ізраіль. Ш.​Бек. Партрэт. 1970.
Да арт. Ізраіль. А.​Левін. Від. 1924.
Да арт. Ізраіль. А.​Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.
Да арт. Ізраіль. А.​Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.
Да арт. Ізраіль. Н.​Безем. Ільвіная брама. 1976.
Да арт. Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),

тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д. Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.

Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.​Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.​Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.​Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.​М.​Гакеля, Дз.​П.​Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.​С.​Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.​М.​Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.​Яфімава, М.​Папова, Р.​Аляхновіча, Б.​Расінскага, С.​Утачкіна, А.​Васільева, Л.​Андрэадзі, Л.​Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс. м. Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл. Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.​Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.​П.​Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.​Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.​А.​Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.

У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.​А.​Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.​М.​Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс. км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.

Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс. км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар. арг-цыя грамадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.

На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт. Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж. авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш. Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.

Літ.:

Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;

Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;

Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.

Да арт. Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.​Ф.​Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».
Да арт. Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).

т. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras),

Рэспубліка Гандурас (República de Honduras), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс. км². Нас. 6 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.

Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр. ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю і інш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума і інш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс. ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.

Гісторыя. У 2—6 ст. у зах. ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.​Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.​А.​Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.​Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.​Р.​Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.

У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.​Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр. і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр. тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў ​2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.​Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.​Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.​Р.​Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл. ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў і інш. міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс. т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн. т), цукр. трыснягу (каля 3 млн. т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збор тыс. т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю і інш. харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн. гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн. гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс. т сталі за год, працуе на мясц. жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр. з-д перапрацоўвае за год 500 тыс. т імпартнай нафты. Ёсць цэм. з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн. прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВт∙гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн. т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі і інш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны і трансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.

З.​М.​Шуканава (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гандураса.
Да арт. Гандурас. Сталіца краіны г. Тэгусігальпа.

т. 5, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯЗНА́ЎСТВА,

усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.​Г.​Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст. Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш. Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.​М.​Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн. Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.

У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л. Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л. Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.​Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.

Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час. «Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел. навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-ва бел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.​М.​Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.​А.​Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.​Р.​Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.​Л.​Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.​М.​Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.​Фёнік (Беласток), А.​Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;

Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;

Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;

Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;

Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;

Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.

Л.​В.​Трэпет.

Да арт. Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.
Да арт. Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.​І.​Пічэтам. 1929.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),

Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс. км². Нас. 7229,1 тыс. чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г. Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз. Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч. тэр. ў бас. р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц. традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс. ж. (1993), па 20—40 тыс. ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн. чал. загінулі, каля 2 млн. чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.

Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс. н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм. Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.​Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.

1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.​Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн. чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.​Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.​Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.

Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп. дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл. ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).

Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс. га пад ворывам, каля 250 тыс. га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс. га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс. га.

Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс. т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс. т збожжа, 3 тыс. т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс. т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс. т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн. кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн. дол., імпарт 326 млн. дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал. гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн. дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.

Літ.:

Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;

Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Руанды.
Да арт. Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.

т. 13, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛІЯ (Brasil),

Федэратыўная Рэспубліка Бразілія (República Federativa de Brasil), дзяржава ў Паўд. Амерыцы, займае ўсх. і цэнтр. ч. мацерыка. Мяжуе на Пн з франц. Гвіянай, Сурынамам, Гаянай, Венесуэлай, на З — з Калумбіяй, Перу, Балівіяй, на ПдЗ і Пд — з Парагваем, Аргенцінай, Уругваем. На У абмываецца Атлантычным ак., даўж. берагавой лініі 7,4 тыс. км. Пл. 8,5 млн. км² (5-я па велічыні краіна свету). Нас. 162,2 млн. чал. (1994). Афіц. мова партугальская. Сталіца — г. Бразілія. Падзяляецца на 26 штатаў (Акры, Алагоас, Амазонас, Амапа, Баія, Гаяс, Мараньян, Мату-Гросу, Мату-Гросу-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Пара, Параіба, Парана, Пернамбуку, Піауі, Рандонія, Рарайма, Рыо-дэ-Жанейра, Рыу-Гранды-ду-Норты, Рыу-Гранды-ду-Сул, Санта-Катарына, Сан-Паўлу, Сеара, Сержыпі, Такантынс, Эспірыту-Санту) і федэральную сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 вер.).

Дзяржаўны лад. Бразілія — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1988. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, што выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 4 гады. Заканад. ўладу ажыццяўляе 2-палатны Нац. кангрэс, які складаецца з палаты дэпутатаў і федэральнага сената. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, які фарміруе ўрад. Штаты маюць уласныя канстытуцыі і заканад. сходы. На чале штатаў стаяць губернатары. Суд. сістэма складаецца з Вярх. федэральнага суда (11 суддзяў, якіх пажыццёва прызначае прэзідэнт са згоды сената), федэральных апеляцыйных судоў, ваен. трыбуналаў, судоў штатаў.

Прырода. На крайняй Пн адгор’і Гвіянскага пласкагор’я (на мяжы з Венесуэлай найвышэйшы пункт краіны — г. Ла-Небліна, 3014 м). Паўн. палавіну краіны займае Амазонская нізіна (Амазонія). Далей на Пд Бразільскае пласкагор’е (сярэдняя выш. 600—900 м), якое паступова павышаецца на ПдУ (г. Бандэйра, 2890 м) і стромка абрываецца да вузкай Прыатлантычнай нізіны. У верхнім цячэнні р. Парана акумулятыўная нізіна Пантанал. Бразілія займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды (больш за 100 млрд. т), марганцу, вальфраму, баксітаў, волава, нікелю, хрому, медзі, поліметал. і уранавых рудаў, сурмы, берылію, азбесту, рэдказямельных элементаў, золата. Есць радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага вугалю, алмазаў, каштоўных і вырабных камянёў, фасфарытаў і інш. Клімат мяняецца з ПнЗ на ПдУ ад вільготнага экватарыяльнага да сезоннага вільготнага субтрапічнага. Сярэднемесячная т-ра паветра 16—29 °C, толькі на Пн паніжаецца зімой да 12 °C, зрэдку бываюць замаразкі. Ападкаў 2000—3500 мм за год у Амазоніі, 1400—2000 мм на Бразільскім пласкагор’і і ў Пантанале, 700—500 мм на ПнУ, дзе адзначаюцца частыя і працяглыя засухі. Самая вял. р. Амазонка з густой сеткай прытокаў. 18 з іх даўж. больш за 1500 км кожны (найб. Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос). На З і Пд рэкі Парана, Парагвай, Уругвай, на У і ПнУ — Сан-Франсіску, Такантынс. Патэнцыяльныя гідраэнергет. рэсурсы 21 млн. кВт. Пераважаюць чырванаколерныя фералітавыя глебы, на Пд жаўтазёмы і чырвона-карычневыя, уздоўж рэк алювіяльныя. Пад лесам 38% тэр. краіны. На З Амазоніі густыя вільготныя экватарыяльныя лясы — гілея або сельвас, з каштоўнымі відамі дрэў (больш за 400 відаў), на У і на схілах Гвіянскага і Бразільскага пласкагор’яў пераважаюць лістападныя лясы. Цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я занята саваннай (мясц. назва кампас), на ПнУ паўпустыннае рэдкалессе (каатынга), на Пд пераважна араўкарыевыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Больш за 20 нац. паркаў (Арагуая, Жау, Ігуасу, Піку-да-Небліна і інш.), запаведнікі, заказнікі.

Насельніцтва. Асн. частка (95%) — бразільцы, нацыя, якая склалася ў выніку змяшання еўрапейцаў (пераважна партугальцаў, а таксама італьянцаў, іспанцаў і інш.) з неграмі (у асн. з Зах. Афрыкі) і індзейцамі; белыя (каля 55%), негры (каля 6%), мулаты і метысы (больш за 30%), каля 300 тыс. індзейцаў (пераважна ў Амазоніі) і каля 3 млн. імігрантаў — партугальцаў, іспанцаў, італьянцаў, немцаў, японцаў і інш.; ёсць выхадцы з краін Усх. Еўропы, у т. л. беларусы. Каля 89% вернікаў — католікі, 8% — пратэстанты і прадстаўнікі інш. хрысц. канфесій, ёсць будысты, мусульмане, іудаісты і інш. На ПнУ сярод нашчадкаў б. рабоў захаваліся афр. культы. Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 18,4 чал. на 1 км². На ПнУ, ПдУ і Пд краіны (каля 40% тэр.) жыве каля 90% насельніцтва, у т. л. ў зоне Атлантычнага ўзбярэжжа (9% тэр.) — каля 50%. Слаба населена (ад 1 да 5 чал. на 1 км²) паўн. ч. краіны. У гарадах жыве 70% (1993). Найбольшыя гарады (1991, тыс. ж.): Сан-Паўлу — 9480, Рыо-дэ-Жанейра — 5336, Салвадор — 2056, Белу-Арызонты — 2019, Фарталеза — 1758, Бразілія — 1596, Рэсіфі — 1290, Курытыба — 1290, Нова-Ігуасу — 1286, Порту-Алегры — 1263, Белен — 1246, Манаус — 1011.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Бразіліі з’явіўся ў 8—7-м тыс. да н.э. Карэнныя жыхары яе — індзейскія плямёны (гуайкуру, тупі-гуарані, айморэс, карыбы і інш.), якіх напярэдадні з’яўлення тут партугальцаў было 800 тыс. — 1 млн. чал. Партуг. мараплавец П.​А.​Кабрал 1.5.1500 абвясціў адкрытую ім Зямлю Святога Крыжа ўладаннем партуг. караля. Партуг. каланізацыя напачатку абмяжоўвалася нарыхтоўкай і вывазам мясц. чырв. дрэва pau-brasil (адсюль і назва Бразілія). З 1530 партугальцы перайшлі да арганізаванай каланізацыі. У 1532—36 узбярэжжа падзелена на 13 капітаній (феад. землеўладанняў) на чале з капітан-губернатарамі (сталіца — Баія). У с.-г. вытворчасці найб. развіццё атрымала плантацыйная сістэма, заснаваная на эксплуатацыі неграў-рабоў з Афрыкі. На працягу 16 ст. на браз. узбярэжжы намагаліся замацавацца французы. Бандэйранты — удзельнікі ваен. паходаў ва ўнутр. раёны Бразіліі — частку індзейцаў знішчылі ці ператварылі ў рабоў. Паўстанні індзейскіх плямён (1555, 1557, 1561) былі задушаны партугальцамі. Збеглыя негры стварылі сваю рэспубліку Палмарыс (1630—97). У 1680 адменена рабства індзейцаў. У 1720 у Бразіліі ўведзена пасада віцэ-караля, рэзідэнцыя якога ў 1763 пераведзена з Баіі ў Рыо-дэ-Жанейра. Палітыка партуг. улад стрымлівала эканам., паліт. і культ. развіццё Бразіліі, выклікала паўстанні каланістаў (у капітаніях Мараньян у 1684—85 і Мінас-Жэрайс у 1720), абуджала нац.-вызв. рух. У 1789 у капітаніі Мінас-Жэрайс узнікла змова Тырадэнтыса, якая мела на мэце ўзбр. паўстанне і абвяшчэнне Бразіліі незалежнай рэспублікай (раскрыта партугальцамі). Пасля акупацыі Партугаліі войскамі франц. імператара Напалеона I (1807) у Бразіліі знайшоў прытулак каралеўскі дом Браганса на чале з прынцам-рэгентам Жуанам (з 1816 кароль Партугаліі Жуан VI). У краіне былі адменены абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў, заснаваны Браз. банк, адкрыта Нац. б-ка ў Рыо-дэ-Жанейра (1808), адменены мытныя тарыфы на ўвоз друкаванай прадукцыі (1821) і інш. У 1815 абвешчана стварэнне Аб’яднанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарві (паўд. ч. Партугаліі), што афіцыйна скасоўвала статус Бразіліі як калоніі. Партугальская рэвалюцыя 1820 вымусіла Жуана VI вярнуцца ў Лісабон, рэгентам у Бразіліі застаўся яго сын прынц Педру. Ідэю незалежнасці краіны падтрымалі кансерватыўныя браз. колы, якія звязвалі незалежнасць з захаваннем манархіі. У 1822 Бразілія абвешчана незалежнай імперыяй (прызнана Партугаліяй у 1825), прынц-рэгент каранаваны як імператар Педру I. Паводле першай браз. канстытуцыі 1824 дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй. Пасля няўдалай спробы Педру I зрабіць у 1831 дзярж. пераварот ён адрокся ад прастола на карысць 5-гадовага сына (з 1840 імператар Педру II). Паступовая перабудова сац.-эканам. адносін вяла да змяншэння ролі рабскай працы. У 1850 забаронены гандаль рабамі, пасля чаго амаль спыніўся прыток неграў-рабоў з Афрыкі (на працягу 350 гадоў у Бразілію ўвезена каля 5 млн. рабоў). Гасп. развіццю Бразіліі садзейнічаў рост іміграцыі (ад 20 тыс. чал. у 1822—50 да 650 тыс. у 1871—89). З 1860-х г. у Бразіліі ўзмацніўся рух за ўстанаўленне рэспублікі, які спалучаўся з абаліцыянізмам. Адмена рабства, абвешчаная парламенцкім актам 1888, прадвызначыла лёс браз. манархіі. У выніку выступлення маладых афіцэраў-рэспубліканцаў у 1889 скінуты Педру II і ў краіне ўстанавіўся рэсп. лад. Паводле канстытуцыі 24.2.1891 краіна стала называцца Аб’яднанымі Штатамі Бразіліі. Барацьба сялян за зямлю ў канцы 19 ст. вылілася ў шэраг выступленняў, найб. буйное — у штаце Баія ў 1896—97. З канца 19 ст. ў Бразілію пранікаў англ. і паўн.-амер. капітал. Аграэкспартная накіраванасць эканомікі зрабіла Бразілію да 1-й сусв. вайны адным з буйнейшых пастаўшчыкоў кавы на сусв. рынак. У пасляваен. час уладу ў краіне ўтрымлівалі кансерватыўныя «кававыя» вярхі штатаў Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. У 1920-я г. ва ўмовах слабай апазіцыі і спаду рабочага руху супраць урада адкрыта выступілі маладыя афіцэры — «тэнентысты» (ад партуг. «тэнентэ» — лейтэнант). Іх паўстанні ў Рыо-дэ-Жанейра (1922), Сан-Паўлу і штаце Рыу-Гранды-ду-Сул (адпаведна ліп. і кастр. 1924) задушаны ўрадавымі войскамі, але барацьба працягвалася да 1927. На пачатку эканам. крызісу 1929—33 апазіц. сілы згуртаваліся ў Ліберальны альянс і вылучылі на выбарах 1930 кандыдатам у прэзідэнты Ж.Варгаса. Праграма альянсу патрабавала дэмакратызацыі краіны і «агульнанац. рэвалюцыі ў інтарэсах усяго народа», была падтрымана большасцю «тэнентыстаў». З-за перашкод па-праанглійску настроеных улад спадзяванні апазіцыі перамагчы на выбарах не спраўдзіліся, таму Ліберальны альянс перайшоў да ўзбр. барацьбы, якую падтрымлівалі ЗША. Вырашальную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні паўстання адыгралі «тэнентысты», якія перацягнулі на свой бок шэраг вайск. часцей. Паўстанне пачалося 3.10.1930 адразу ў некалькіх штатах (т.зв. Ліберальная рэвалюцыя). Пры падтрымцы насельніцтва паўстанцы ўстанавілі кантроль над усёй краінай. У Рыо-дэ-Жанейра быў сфарміраваны ўрад Ліберальнага альянсу на чале з Варгасам, які ўстанавіў часовы ваен. рэжым, увёў пратэкцыянісцкі мытны тарыф, адмяніў гандл. пошліны паміж штатамі, стварыў працоўнае заканадаўства, былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын. Мэтай урада было выкараненне класавай барацьбы і пашырэнне свайго ўплыву на рух працоўных («сац. гармонія»). Да 1934 урад пайшоў на кампраміс з кансерватыўнымі сіламі. У 1937 Варгас разагнаў кангрэс, устанавіў дыктатарскі рэжым «новай дзяржавы», у 1938 разграміў фаш. партыю «інтэгралістаў» і забараніў усе паліт. партыі. На ўзор фаш. Італіі ўводзілася карпаратыўная сістэма. Рэжым «новай дзяржавы» стымуляваў развіццё нац. прам-сці, дзярж. сектара, абмяжоўваў прывілеі замежнага капіталу. На пач. 2-й сусв. вайны Бразілія захоўвала нейтралітэт, у 1942 абвясціла вайну Германіі і Італіі, у 1945 — Японіі. Краіна далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі і падпісала Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый, у 1944 накіравала 50-тысячны корпус на італьян. фронт. У 1945 Варгас абвясціў пра ўвядзенне ў краіне дэмакр. свабод і заснаваў уласную Трабальісцкую («рабочую») партыю, якая заклікала да нац. адзінства на аснове супрацоўніцтва класаў, да абароны нац. эканомікі і паляпшэння становішча працоўных. Кансерватыўныя сілы з дапамогай ваен. вярхоў у кастр. 1945 дамагліся адхілення Варгаса ад улады. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1945 перамог маршал Э.​Г.​Дутра. У 1946 прынята канстытуцыя Бразіліі, якая абвясціла дэмакр. правы і свабоды. Урад Дутры наладзіў цеснае эканам. і ваен.-паліт. супрацоўніцтва з ЗША У 1947 у прадмесці Рыо-дэ-Жанейра прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін, у т. л. Бразілія, падпісалі Міжамер. дагавор аб узаемадапамозе (дагавор Рыо-дэ-Жанейра), аформіўшы першы ваен.-паліт. блок у пасляваен. свеце. На прэзідэнцкіх выбарах 1950 зноў перамог Варгас. Яго ўрад (1951—54) аднавіў нацыянал-рэфармісцкі курс, які атрымаў падтрымку ў шырокіх колах насельніцтва. У жн. 1954 незадаволеныя палітыкай прэзідэнта генералы-змоўшчыкі запатрабавалі яго адстаўкі. Варгас скончыў самагубствам. У перадсмяротным лісце ён абвінаваціў у змове міжнар. і мясц. фін.-эканам. групы. Хваля нар. абурэння стрымала правыя сілы ад устанаўлення дыктатуры. Курс на адстойванне канстытуцыі і дэмакр. свабод, абарону нац. інтарэсаў і правоў працоўных працягвалі прэзідэнты Ж.​Кубічэк ды Алівейра (1956—61), Ж.​Куадрус (студз.—жн. 1961) і Ж.​Гуларт (1961—64). У выніку перавароту 31.3.—1.4. 1964 уладу захапілі ваенныя. Прэзідэнтам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі стаў маршал У.​Кастэлу Бранку (1964—67). Была адменена канстытуцыя 1946, распушчана большасць прафсаюзаў. Сотні тысяч людзей былі арыштаваны, кінуты ў турмы, пазбаўлены паліт. правоў на 10 і больш гадоў, прафсаюзы пастаўлены пад кантроль урада і інш. У 1965 замест усіх скасаваных партый створаны праўрадавы Нац. саюз абнаўлення (АРЕНА) і апазіцыйны Бразільскі дэмакр. рух (БДР), у які ўступіла большасць трабальістаў. Дзейнасць, праграмы і фінансы абедзвюх партый кантраляваліся ваен. ўладамі. Паводле новай канстытуцыі 1967 правы кангрэса значна абмежаваны (у 1968 кангрэс увогуле распушчаны), а прэзідэнта выбірала калегія выбаршчыкаў з членаў Нац. кангрэса і прадстаўнікоў ад штатаў. Выбраны прэзідэнт маршал А. да Коста-і-Сілва (1967—69) у 1968 выдаў акт, які даваў кіраўніку дзяржавы неабмежаваныя паўнамоцтвы. За кошт вял. сац. выдаткаў для насельніцтва да канца 1860-х г. эканоміка краіны стабілізавана і забяспечаны высокія тэмпы яе развіцця. У знешняй палітыцы ваен. рэжым арыентаваўся на саюз з ЗША. Час прэзідэнцтва ген. М.​Гарастазу (1969—74) — перыяд найб. поспехаў браз. дыктатуры. Эканам. ўздым забяспечаны за кошт скарачэння выдаткаў на аплату працы, павышэння нормы прыбытку, прытоку замежнага капіталу, мабілізацыі рэсурсаў дзяржавы на перабудову эканомікі.

Аднак эканам. крызіс 1974—75 і рост цэн на імпартную нафту запаволілі тэмпы росту эканомікі. Урад ген. Э.​Гейзела (1974—79) ва ўмовах узмацнення апазіцыі дыктатуры ў 1978 распрацаваў праграму лібералізацыі рэжыму: адменены цэнзура друку і частка рэпрэсіўных законаў, надзвычайныя паўнамоцтвы прэзідэнта. У знешняй палітыцы ўрад Гейзела пачаў адыход ад безагаворачнай арыентацыі на ЗША на карысць прыярытэту гандл.-эканам. інтарэсаў Бразіліі. Урад ген. Ж.Б.Фігейрэду (1979—85) паскорыў працэс лібералізацыі (амністыя палітвязням і палітэмігрантам, пераход да шматпартыйнасці з 1980, скасаванне партый АРЕНА і БДР). Буйнейшай сярод апазіцыйных стала Партыя бразільскага дэмакр. дзеяння. Пагаршэнне эканам. сітуацыі на мяжы 1980-х г. узмацніла апазіц. настроі. У 1983 распачалася масавая кампанія за прамыя прэзідэнцкія выбары і пераход да цывільнага кіравання. Прыхільнікі гэтага курсу аб’ядналіся ў Дэмакр. саюз. У 1985 улада перададзена цывільнаму ўраду. Прэзідэнт Ж.​Сарней (1985—90) стварыў новае прац. заканадаўства, прыняў праект агр. рэформы. Канстытуцыйныя папраўкі аднавілі ўсеагульныя прамыя выбары прэзідэнта і ліквідавалі абмежаванні дэмакр. свабод, права голасу атрымалі 20 млн. непісьменных. Нац. кангрэс, выбраны ў 1986, прыняў у 1987 новую дэмакр. канстытуцыю. Нягледзячы на поспехі, эканам. курс урада з-за немагчымасці сумясціць высокія тэмпы росту эканомікі і выплату працэнтаў па вял. знешнім доўгу, які да 1989 дасягнуў каля 115 млрд. долараў, пацярпеў няўдачу. На прэзідэнцкіх выбарах 1989 перамог Ф.​Колар ды Мела, які стварыў уласную Партыю нац. рэканструкцыі. Яго ўрад (1990—92) скараціў дзярж. выдаткі, але не здолеў спыніць інфляцыю. У 1992 адбыўся буйнейшы ў гісторыі Бразіліі паліт. крызіс, выкліканы абвінавачваннямі Колара ды Мелы ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам. Пасля яго адстаўкі на чале дзяржавы стаў віцэ-прэзідэнт І.​Франку. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 перамог сацыял-дэмакрат Ф.​Э.​Кардозу. Бразілія — член ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць партыі: браз. сацыял-дэмакратыі, браз. дэмакр. дзеяння, ліберальнага фронту, Сацыял-дэмакратычная, Дэмакр. трабальісцкая, партыя працоўных, Нар. сацыялістычная, нац. рэканструкцыі; Адзіны прафцэнтр працоўных (у 1993 аб’ядноўваў больш за 15 млн. чл.), прафс. цэнтр «Форса сіндыкал» (каля 8 млн. чл. у 1993), Усеагульны цэнтр працоўных, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Незалежны прафес. саюз.

Гаспадарка. Бразілія — індустр.-агр. краіна, буйнейшая па эканам. патэнцыяле ў Лац. Амерыцы, 10-я ў свеце па велічыні валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Важную ролю ў яе эканоміцы адыгрываюць міжнар. кампаніі: агульная сума прамых прыватных замежных інвестыцый складае больш за 30 млрд. дол. ЗША (з іх больш за 70% інвестыцыі ЗША, ФРГ, Японіі). У дзярж. сектары чыгункі, сувязь, ч. марскога транспарту, здабыча і значная ч. перапрацоўкі нафты, большая частка вытв-сці эл. энергіі, здабычы жал. руды, каменнага вугалю, большасць прадпрыемстваў чорнай металургіі. Прамысловасць дае больш за 26% ВУП, сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства — 8, буд-ва — 6,7, транспарт і сувязь — 6,6%. Здабыча (1993): жал. руды 153,1 млн. т, марганцавай 722 тыс. т (па колькасці марганцу), баксітаў 9,4 млн. т, волава 25,6 тыс. т, золата 76 т, алмазаў 1500 тыс. каратаў, фасфарытаў 3,4 млн. т, нафты 32 млн. т, каменнага вугалю каля 30 млн. т. Здабыча нафты задавальняе патрэбы краіны прыкладна на 50%, як паліва выкарыстоўваецца этылавы спірт расліннага паходжання (штогадовая вытв-сць больш за 15 млрд. л, на ім працуе каля ​1/3 аўтатранспарту). Вытв-сць эл. энергіі 248,8 млрд. кВт∙гадз (1993), з іх 92% — на ГЭС. Буйнейшая ў свеце ГЭС Ітайпу (12,6 млн. кВт) на р. Парана. Значныя ГЭС: Кубатан на р. Тыетэ; Фурнас, Пейшоту, Марымбонду, Жагуара і Эстрэйту на р. Рыу-Гранды; Трэс-Марыяс і Паўлу-Афонсу на р. Сан-Франсіску; Жупія і Ілля-Салтэйра на р. Парана. Працуе АЭС Ангра 1. Прадпрыемствы чорнай металургіі пераважна на ПдУ (з-ды ў гарадах Волта-Рэдонда, Піасагуэра, Белу-Арызонты, Ітабіра). Выплаўка чыгуну 23,9 млн. т, сталі 25,7 млн. т (1994). Каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, волава) развіта ў штатах Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. Апрацоўчая прам-сць забяспечвае 85% патрэб краіны. Бразілія ўваходзіць у лік буйных маш.-буд. краін свету. Вылучаецца трансп. машынабудаванне — вытв-сць аўтамабіляў (больш за 1 млн. штогод), самалётаў, суднаў, трактароў, а таксама станкоў, эл.-тэхн. вырабаў. Адна з найб. дынамічных галін — вытв-сць камп’ютэрнай тэхнікі і яе кампанентаў. Развіта ваен. прам-сць, у т. л. на экспарт. Найбуйнейшыя цэнтры машынабудавання Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра, Белу-Арызонты. У Бразіліі — буйная нафтаперапр. (Рыо-дэ-Жанейра і Кубатан), разнастайная хім. (пераважае выпуск пластмасаў, азотных і фосфарных угнаенняў) і нафтахім. (штаты Сан-Паўлу, Баія, Рыу-Гранды-ду-Сул), цэлюлозна-папяровая (штаты Парана і Сан-Паўлу), тэкст. (пераважае вытв-сць баваўняных тканін) і гарбарна-абутковая (штат Мінас-Жэрайс, гарады Сан-Паўлу і Рыо-дэ-Жанейра) прам-сць. У харчасмакавай прам-сці найб. развіты экспартныя галіны: цукровая (вытв-сць цукру 7,4 млн. т, 1993), алейная (соевага алею 3,6 млн. т, 1993), а таксама тытунёвая, мясная, кававая і інш. Нарыхтоўка драўніны 268,9 млн. м³, у т. л. 191,2 м³ паліўнай. Марское і рачное рыбалоўства (каля 1 млн. т штогод). Сельская гаспадарка (занята 30% самадзейнага насельніцтва) дае больш за 40% экспартнай прадукцыі. Бразілія — адна з буйнейшых у свеце с.-г. краін. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 5% пл. краіны, пад лугамі і пашай каля 20%. Гал. экспартныя культуры (1993): кава — 1,27 млн. т (1-е месца ў свеце), какава — 346 тыс. т (2-е месца ў свеце), соя — 22,7 млн. т, бавоўна — 405 тыс. т, цукр. трыснёг — 251,4 млн. т; вырошчваюцца пераважна на ПдУ і Пд. Экспартнае значэнне маюць (1992): апельсіны — 18 млн. т, бананы — 5,6 млн. т, тытунь — 663 тыс. т, сізаль — 126 тыс. т. На Пд развіта вінаградарства. Гал. харч. культуры (1993): збожжа — 44,2 млн. т (у т. л. кукуруза — 30 млн. т, рыс — 10,2 млн. т, пшаніца — 2,2 млн. т), маніёк — 21,7 млн. т, фасоля, боб. Жывёлагадоўля на пашавых землях Бразільскага пласкагор’я, у Амазоніі, у адкормачных гаспадарках на Пд і ПдУ. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 153, свіней 31, авечак 19,7, коз 12,5. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны і цяляціны 3,1, свініны 1,2, мяса птушкі 3,2, малака 15,7. Транспарт. Даўжыня аўтадарог 1,8 млн. км, з іх з цвёрдым пакрыццём (пераважна на У) 12,3%. Пабудавана Трансамазонская шаша (ад Рэсіфі да граніцы з Перу), будуецца мерыдыянальная Трансбразільская шаша. На аўтатранспарт прыпадае 60% усіх перавозак грузаў і 95% пасажыраў. Чыгунак 19,2 тыс. км, з іх электрыфікавана 2,1 тыс. км, чыг. сетка сканцэнтравана на ПдУ, Пд і ўзбярэжжы акіяна. Даўжыня ўнутр. водных шляхоў больш за 31 тыс. км. Гал. водныя сістэмы: Амазонка з прытокамі, Сан-Франсіску, Парана. Марскі флот (агульная грузападымальнасць больш за 10 млн. т) базіруецца на 40 глыбакаводных партах. Найбуйнейшыя універсальныя парты Сантус, Рыодэ-Жанейра, Рыу-Гранды, Паранагуа, Порту-Алегры, спецыялізаваныя на экспарце жал. руды — Тубаран і Сан-Себасцьян. Авіяц. транспарт (больш за 1000 аэрапортаў і аэрадромаў з цвёрдым пакрыццём) займае значнае месца ва ўнутр. і міжнар. пасажыраперавозках. У экспарце каля 70% па кошце складаюць гатовыя вырабы. Вывозяцца сталь, алюміній, волава і інш. каляровыя металы, самалёты, аўтамабілі, абутак, жал. руда, кава, какава, соя, цукар, апельсінавы сок і інш. Імпартуецца нафта, машыны і абсталяванне, некаторыя харч. і хім. прадукты і інш. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Германіяй, Японіяй, Вялікабрытаніяй, краінамі Лац. Амерыкі. Бразілія экспартуе ў Беларусь цукар і каву, імпартуе калійныя і азотныя ўгнаенні. У 1992 Бразілію наведалі 1 млн. 975 тыс. турыстаў. Знешні доўг 120,7 млрд. долараў (1992). Грашовая адзінка — крузада.

Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. На канец 1994 налічвалі 336,8 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (219 тыс. чал.) аб’яднаны ў некалькі баявых камандаванняў, маюць на ўзбраенні 520 лёгкіх танкаў, 290 баявых разведвальных машын, 795 бронетранспарцёраў, розныя артыл. сістэмы і мінамёты, тактычныя ракеты і інш. Бразільскія ВПС самыя шматлікія (59,4 тыс. чал.) і аснашчаныя ў Лац. Амерыцы, маюць больш за 1000 самалётаў і верталётаў амер., франц. і браз. вытворчасці, з якіх каля 330 баявых. ВМС (58,4 тыс. чал.) маюць 46 баявых караблёў і 51 баявы катэр (у т. л. авіяносец, 4 падводныя лодкі, 12 фрэгатаў, 39 дэсантных катэраў, 5 рачных патрульных караблёў і манітор). Марская авіяцыя мае процілодачную эскадрыллю (11 баявых самалётаў) і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 57 гадоў, у жанчын 67 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 270 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 848 чал. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 60 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Бразіліі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 2—6 гадоў, пач. (асноўную) 8-гадовую школу, абавязковую для дзяцей 7—14 гадоў, сярэднія школы (3-гадовыя каледжы з класічным або тэхн. ухілам, заканчэнне якіх дае права на паступленне ў ВНУ), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ (дзярж. і прыватныя). Найбольшыя ун-ты: у Рыо-дэ-Жанейра (з 1920), Сан-Паўлу (1934), г. Бразілія (з 1961), Каталіцкі ў г. Кампінас (з 1941). Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1810), Партуг. каралеўская чытальная зала (з 1897), Мін-ва замежных спраў (з 1906) — усе ў Рыо-дэ-Жанейра, Муніцыпальная ў Сан-Паўлу (з 1925). Музеі: Нац., Нац. гіст., Нац. прыгожых мастацтваў у Рыо-дэ-Жанейра; сучаснага мастацтва і этнагр. ў Сан-Паўлу. Навуковыя даследаванні вядуцца ў навук. цэнтрах, ін-тах, спецыялізаваных ін-тах, ін-тах пры ун-тах. 12 акадэмій, якія маюць карпаратыўны характар (не вядуць н.-д. дзейнасці). Старэйшыя з іх Бразільская акадэмія л-ры (з 1897) і Бразільская АН (з 1916).

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 270 штодзённых газет агульным тыражом 8,5 млн. экз. (1990). Буйнейшыя: «О Globo» («Зямны шар», з 1925), «О Estado do São Paulo» («Штат Сан-Паўлу», з 1875), «О Dia» («Дзень», з 1951). Урадавая інфарм. служба Эмпрэза Бразілейра ды камунікасан радыубраз (ЭБКР, засн. ў 1979). Радыёвяшчанне з 1921. Дзейнічае каля 2800 радыёстанцый (з 1989). Асноўныя: «Радыу Насіянал», «Радыу глобу», «Радыу Эльдараду», «Радыу жорнал ды Бразіл», «Радыу Тупі», «Радыу Мундыял». Тэлебачанне з 1952. Працуе 235 тэлевізійных станцый. Буйнейшае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 1410 радыё- і 177 тэлестанцый, — Эмусорас ды Радыу і Тэлевізаў.

Літаратура. Нац. л-ра Бразіліі, якая развіваецца пераважна на партуг. мове, пачала складвацца на рубяжы 18—19 ст. Але актыўнае творчае жыццё ішло на працягу ўсяго калан. перыяду: трактаты і пісьмы місіянераў-езуітаў, хронікі і апісанні падарожжаў, паэт. і драм. творы ў стылі барока. Шырока засвойваліся партуг., індзейскія і негрыцянскія фалькл. багацці. У 16—17 ст. мелі пашырэнне рэліг. тэатр. пастаноўкі — аўта, у якія, каб палегчыць іх успрыманне індзейцамі-язычнікамі, уводзіліся сюжэты з мясц. паданняў і міфаў. Буйнейшыя тагачасныя аўтары: Ж. ды Аншыета, Б.​Тэйшэйра Пінту, А.​Віейра, А. ды Са, Г. ды Матус, М.​Батэлью ды Алівейра, Н.​Маркес Перэйра, С. да Роша Піта. У творах 18 ст. спалучыліся класіцыстычныя памкненні, уплыў асветы і эстэтыкі Аркадыі (італьян. літ. акадэміі). Пераадоленне барочнага светаўспрымання, мноства хвалебных і любоўных паэм, сатыр, элегій, ліслівых санетаў, прысвечаных вяльможам, спалучаліся з пошукамі нац. асноў творчасці. У эпічных паэмах «Уругвай» (1769) Ж.Б. да Гамы і «Карамуру» (1781) Ж. ды Санта-Рыта Дурана асветніцкі ідэал «натуральнага» чалавека ўвасобіўся ў вобразе індзейца. Вядучым лірыкам, адным з заснавальнікаў як нац. л-ры, так і лац.-амер. рамантызму быў Т.​А.​Ганзага. Яго кн. вершаў «Дырсеева Марылія» (ч. 1—2, 1792—99) уласцівы пастаральны каларыт і культ прыроды. Ганзага і паэты К.М. да Коста, І.Ж. ды Алварэнга Пейшоту заклалі эстэт. прынцыпы «мінаскай школы» (Мінас-Жэрайс — штат на ПдУ Бразіліі), удзельнічалі ў антыпартуг. руху «інканфідэнтаў». Лічыцца, што іх пяру належыць паэма «Чылійскія лісты» (1786) — вострая сатыра на калан. чыноўніцтва. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі ў 1822 прадвызначыла канчатковае аддзяленне яе л-ры ад партугальскай. Сцвярджэнне ў 19 ст. рамантызму ў браз. л-ры ішло праз «перадрамантызм» тых аўтараў, якія захавалі сувязь з «аркадыйскім» рухам (А.П. ды Соза Колдас і Ж.Б. ды Андрада-і-Сілва). Аптымізму, рамантычнай ідэалізацыі абарыгенаў (індзейцаў) у індыянізме — значнай плыні ўнутры рамантызму (паэты Ж.Г. ды Магальяэнс і А.Гансалвіс Дыяс, раманісты Бразіліі да Сілва Гімараінс і Ж.М. ды Аленкар) — прыйшлі на змену «сертанізм» (паэтызацыя патрыярхальнага сял. жыцця), песімістычныя матывы філас. лірыкі. У 2-й пал. 19 ст. браз. л-ра зазнала ўплыў Парнаскай школы, даволі моцныя былі тэндэнцыі сімвалізму, натуралізму, рэгіяналізму (адлюстраванне прыроды розных раёнаў краіны і нораваў жыхароў). Раманы «Ханаан» (1902) Ж.П. да Граса Араньі, «Сертаны» (1902) Э. да Куньі, «Запіскі архіварыуса Ісаяса Каміньі» (1909) А.Э. ды Лімы Барэту прадвызначылі нац. спецыфіку развіцця гэтага жанру ў наступныя дзесяцігоддзі. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. родах. Вострыя сац. праблемы ўзнімаў «паўн.-ўсх. раман» (Г.​Рамус, Ж.​Ліне ду Рэгу, Ж.Амаду). Жанр гарадскога сац.-псіхал. рамана распрацоўваў Э.Верысіму. Прадстаўнікі паэзіі і прозы авангардысцкіх кірункаў — Ж.О. ды Андрадзі, Ж. ды Ліма, М.Р. ды Андрадзі, К.Д. ды Андрадзі, В. ды Марайс.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Ад стараж. індзейскіх культур на тэр. Бразіліі захаваліся наскальныя выявы, каменная скульптура, кераміка з геам. і антрапаморфным арнаментам. З прыходам партугальцаў (1500) паявілася мураваная архітэктура, будаваліся гарады і крэпасці (Алінда, Рэсіфі, Салвадор, Рыо-дэ-Жанейра), умацаваныя сельскія сядзібы—фазэнды (дом памешчыка, царква, гасп. пабудовы і хлявы для рабоў). У 18 ст. ў раёне здабычы золата і алмазаў (цяпер штат Мінас-Жэрайс) сфарміравалася самабытная архітэктура браз. барока, якая вылучалася пластычнасцю аб’ёмаў, багаццем колеру, пышнасцю ляпнога дэкору, размалёўкамі і залачонай разьбой па дрэве ў інтэр’ерах (арх. М.Ф. ды Лісбоа, яго сын Алейжадынью і інш.). Для ўпрыгожання будынкаў выкарыстоўваліся і бела-блакітныя керамічныя пліткі («азулежус»), з якіх складваліся сюжэтныя кампазіцыі. Развіваліся станковая скульптура, якая адлюстравала нац.-вызв. імкненні (Алейжадынью), і дэкар. пластыка (В. ды Фансека-і-Сілва), узнік станковы жывапіс (М. да Коста Атаідзі). З абвяшчэннем незалежнасці Бразіліі (1822) у яе культуры ўзмацніўся свецкі пачатак, у архітэктуры — франц. класіцызм (арх. О.​Гранжан ды Мантыньі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. раслі гарады з багатымі будынкамі ў духу еўрап. эклектызму, а пазней у стылі мадэрн. Жывапіс (гіст., батальны, партрэт, пейзаж) таксама фарміраваўся пад уплывам франц. класіцызму, рамантызму і акадэмізму (Н.А. і Ф.​Э.​Тане); у ім узмацнялася цікавасць да нац. вобразаў (В.​Мейрэліс ды Ліма, П.​Амерыку ды Фігейрэду-і-Мелу) і рэаліст. паказу нар. жыцця (жанрыст Ж.Ф. ды Алмейда Жуніяр, партрэтыст Э.​Вісконці). У 20 ст. пошукі самаст. шляху ў архітэктуры выявіліся ў адраджэнні формаў калан. эпохі («неакаланіяльны стыль») з выкарыстаннем нац. традыцый, сучаснай буд. тэхнікі і лаканічных геаметрызаваных формаў. З 1930-х г. складваецца самабытная браз. школа архітэктуры з экспрэсіўнай пластычнасцю і маляўнічасцю абагульненых крывалінейных формаў (арх. О.Німеер). Рэканструяваліся старыя гарады (Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра) і будаваліся новыя, у т. л. сталіца Бразілія (арх. Л.​Коста, Німеер). У 1960—70-я г. пашырылася прамысл. і жыллёвае буд-ва (вышынныя будынкі, вял. жылыя масівы). Паявілася імкненне да замкнутасці прасторы, строгасці формаў, масіўнасці дэталяў, цікавасць да формы і колеру, працягваліся пошукі нац. спецыфікі (арх. А.​Гарсія Роза, Ф.​Р.​Карвалью, Ж.​М.​Кардозу і інш.). У выяўл. мастацтве з 1920-х г. пошукі ў духу сацыяліст. рэалізму (маст. К.​Партынары, Т. ду Амарал) перапляліся з выкарыстаннем прыёмаў найноўшых еўрап. кірункаў (рух «Тыдзень сучаснага мастацтва», Сан-Паўлу, 1922). Драм. выразнасцю вылучаецца дэмакр. графіка (О.​Гаэлдзі, К.​Скліяр, Р.​Кац). Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.​Сегал. Для скульптуры характэрныя ваганні паміж нац. і абстрактна-сімвалічнымі вобразамі. Разнастайныя віды нар. мастацтва Бразіліі — негрыцянскага (статуэткі, шматколернае адзенне, хатняе начынне ў традыцыях афр. мастацтва) і асабліва індзейскага (фігурная кераміка, драўляныя статуэткі, паліхромная размалёўка хацін тукана, разныя зааморфныя лаўкі карыбаў, узорнае ткацтва, пляценне, вырабы з пер’я).

Музыка. Муз. фальклор у Бразіліі склаўся на аснове амер., еўрап. (пераважна партугальскіх) і афр. крыніц. У сучаснай нар. музыцы пераважаюць афр. элементы (песенна-танц. жанры батукада, самба, машышы, ударныя і шумавыя інструменты), у крэольскай — песенныя жанры (дэзафіў, мода, мадынья, лунду) і вак.-інстр. формы гар. музыкі (шора). Сярод муз. інструментаў: віялан (6-струнная гітара), віёла, кавакінью (струнныя), барабаны, шумавыя. Прафес. муз. творчасць развівалася пад еўрап. уплывам. У 19 ст. пераважалі оперныя жанры італьян. ўзору. Заснавальнік браз. нац. оперы К.​А.​Гоміс («Гуарані», 1870). У канцы 19 — пач. 20 ст. фарміруецца нац. кампазітарская школа: Л.​Мігіс, Э.​Освалд, А.​Леві, Ф.​Брага, А.​Непамусену. Сярод кампазітараў нац. кірунку: Э.Віла-Лобас, О.​Л.​Фернандыс, Ф.​Міньёні, Р.​Гнаталі, К.​Гуарньеры, Ж.Сікейра, К.​Сантору (пазней звярнуўся да дадэкафоніі). Сярод прыхільнікаў муз. авангардызму С.​Гера Пейшы (засн. «Групу новай музыкі»), Э.​Крыгер і інш. Працуюць (1996): у Рыо-дэ-Жанейра оперны т-р «Сан-Жуан», Браз. муз. акадэмія імя Фернандыса, Нац. школа музыкі Федэральнага ун-та; у Сан-Паўлу Кансерваторыя драмы і музыкі і інш. Дзейнічаюць цэнтр фалькл. даследаванняў, Саюз музыкантаў (з 1954) і Ордэн музыкантаў (з 1960); выдаюцца муз. часопісы, праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў (з 1957) і скрыпачоў (з 1965).

Тэатр. Элементы т-ра былі ў абрадавых гульнях афра-браз. культу, т.зв. макумбах. Першыя спектаклі ў 16 ст. наладжвалі езуіты — ставілі інсцэніроўкі літ. твораў ці стваралі аўта (кароткія драм. паказы на рэліг. сюжэты). У 18 ст. рабіліся спробы стварыць прафес. тэатр. Ставіліся п’есы прадстаўнікоў браз. класіцызму (М.​Батэлью ды Алівейры, А.Ж. да Сілвы, І.Ж. ды Алварэнгі Пейшоту, К.М. да Косты). У 1813 адкрыты Каралеўскі тэатр св. Жуана, дзе выступалі пераважна партуг. і італьян. трупы. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі (1822) садзейнічала развіццю нац. тэатра і драматургіі. Пасля 1-й сусв. вайны колькасць замежных труп паменшала, больш інтэнсіўна развіваўся нац. т-р. На пач. 1920-х г. створаны пастаянныя драм. трупы К. ды Соза, А.​Азеведу, Л.​Фроіса, Г.​Кардзіна, якія адначасова з замежнай драматургіяй ставілі творы нац. аўтараў. Пасля 2-й сусв. вайны працавалі шматлікія тэатр. трупы ў Рыо-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, створаны тэатр. навуч. ўстановы. Вялікую ролю ў абнаўленні браз. т-ра адыграла дзейнасць т-ра «Камедыянты» (засн. ў труп А.​Марына, А.​Чэлі, Дж.​Рата, студэнцкага т-ра Пернамбуку. Грубая камедыя, т.зв. шаншада, якая пераважала ў рэпертуары т-раў, саступіла месца творам драматургіі, што адлюстроўвалі грамадска значныя з’явы жыцця, — п’есам Ж.​Камаргу, Н.​Радрыгіса, Г.​Фігейрэду і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў у Бразіліі пачалася ў 1903. У 1915 створана першая кінастудыя, дзе здымаліся пераважна браз. варыянты замежных фільмаў, экранізаваліся творы л-ры. У першых гукавых фільмах, гал. чынам муз. камедыях, здымаліся вядомыя спевакі, выкарыстоўваліся нац. муз. мелодыі, сюжэты фільмаў былі звязаны з штогадовымі карнаваламі. У 1940-я г. створаны кінастудыі «Атлантыка» (Рыо-дэ-Жанейра) і «Вера-Крус» (Сан-Паўлу). Найб. значныя стужкі знялі рэж. У.​Маўру, А.​Кавалканці, Л.​Барэту. У 1950—60-я г. пачалі дзейнасць рэжысёры т.зв. «новага кіно», творчасць якіх сфарміравалася пад уплывам італьян. неарэалізму (А.​Віяні, Н.​Перэйра дус Сантус і інш.). У 1970—80-я г. ўзмацніўся кантроль урада над кінапракатам з мэтай стымуляваць кінавытворчасць. Адначасова з камерцыйнымі здымаліся творы, заснаваныя на міфал. і фалькл. матывах, гіст. фактах. Ствараліся карціны, у аснове якіх сур’ёзныя сац. праблемы. Сярод лепшых фільмаў: «Кангасейра» (1953), «Песня мора» (1954), «Рыо 40°» (1955), «Там, дзе канчаецца асфальт» (1956), «Чырвоная смакоўніца» (1961), «Абяцанне» (1962), «Высушаныя жыцці» (1964), «Зямля ў трансе» (1966), «Дона Флор і абодва яе мужы» (1976), «Падзенне» (1977), «Насенне помсты».

Літ.:

История Латинской Америки: Доколумбова эпоха — 70-е годы XIX в. М., 1991;

Коваль Б.И. Бразилия вчера и сегодня. М., 1975;

Челядинский А.А. Демократическая альтернатива фашизму: (Опыт борьбы коммунистических партий Латинской Америки в 60—80-е годы). Мн., 1991. С. 132—141;

Тертерян И.А. Бразильский Роман XX века. М., 1965;

Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;

Культура Бразилии. М., 1981;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;

Каптерева Т.П. Искусство Бразилии. М., 1986;

Leite J.P.T. Pintura moderna brasileira. [Rio de Janeiro], 1978;

Lemos C.A. Arquitetura brasileira. São Paulo, 1979;

Эстрела А. Современная бразильская музыка // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;

Алваренга О. Бразильские народные танцы-действа // Тамсама;

Яе ж. Бразильские народные танцы и песни // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), І.​Л.​Лапін (літаратура).

Герб і сцяг Бразіліі.
Да арт. Бразілія. Узбярэжжа заліва Рыо-дэ-Жанейра.
Да арт. Бразілія. Вадаспад Ігуасу на р. Парана.
Да арт. Бразілія. К.​Партынары. Збор кавы. 1935. Фрагмент.
Да арт. Бразілія. Статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду ў Рыо-дэ-Жанейра. Скульптар П.​Ландоўскі. 1931.
Да арт. Бразілія. Царква Сан-Франсіску ў Ору-Прэту. Арх. і скульптар Алейжадынью. 1766—94.
Да арт. Бразілія. Вуліца 9 Ліпеня ў Сан-Паўлу.
Да арт. Бразілія. Падрыхтоўка саджанцаў кававых дрэў да пасадкі.
Да арт. Бразілія. Інтэр’ер кафедральнага сабора ў г. Бразілія. Арх. О.​Німеер. 1960.
Да арт. Бразілія. Адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Арх. О.​Німеер. 1957—60.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́МБІЯ (Colombia),

Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗ Паўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс. км². Нас. 37418 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.

Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах. ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх. ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.

Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс. м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс. м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн. чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.​С.​Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.​Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз. т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.

У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.​Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал. партыз. арг-цыі: Рэв. ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.​Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал. партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.​Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.

Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.​Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.​Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.

Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд. дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля ​3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн. т нафты і каля 5 млрд. м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн. т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс. т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд. кВт гадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн. т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім. прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс. т цукру і 1510 млн. л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн. т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф. прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс. га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс. т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс. т какавы, каля 1,7 млн. т бананаў, 23 тыс. т тытуню, 0,3 млн. т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс. т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас. р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс. т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс. т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс. км (у т. л. 12,6 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс. км, нафтаправодаў 2,5 тыс. км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн. дол., імпарт 13 853 млн. дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.

Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст. Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.​Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.​Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.​Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.​Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.​Ж.​Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.​Х.​Ортыса, Х.​Арбаледы, Х.​Э.​Кара, Р.​Помба, Х.​Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.​М.​Сампер, Х.​М.​Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.​Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.​Сільва, Г.​Валенсія, Х.​М.​Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.​Мая. Сац. раман Х.​Э.​Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.​Урыве П’едраіта, Х.​А.​Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.​К.​Лопес, П.​Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.​Рэстрэпа Харамільё, А.​Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.

Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.​Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.​Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.​Кастра Сааведры, М.​Сепеду Варгасу, Ф.​Арбелаэсу, Э.​Эскабару, празаікам Д.​Руісу Гомесу, А.​Дуке Лопесу, Р.​Э.​Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.​Шэрман, С.​Шупа, В.​Тарас.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс. н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.​Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.​Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл. буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.​Н.​Гомес Агудэла, Х.​Р.​Мантэра, Г.​Серана Камарга, М.​Г.​Салана, Ф.​Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.​Х.​Фігероа, Х.​М.​Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.​Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.​Гарай, Р.​Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.​Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст. быт. жанру і партрэта (М.​Дыяс Варгас, Э.​Мартынес, скульпт. Х.​А.​Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.​А.​Акуньі, А.​Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.​Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.​Абрэгон, Э.​Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.

Літ.:

Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​Л.​Лапін (літаратура).

Герб і сцяг Калумбіі.
Да арт. Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.
Да арт. Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.
Да арт. Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.
Да арт. Калумбія. Від горада Баранкілья.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Я (кар. Часон, літар. краіна ранішняй свежасці),

краіна на У Азіі, на Карэйскім паўвостраве, прылеглай ч. мацерыка і суседніх астравах.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з часоў позняга палеаліту. Першым дзярж. утварэннем з кар. плямён была дзяржава Часон, якая ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула свайго росквіту. У 109 да н.э. яе заваявала кіт. Ханьская дынастыя. У ходзе барацьбы з кіт. заваёўнікамі ў 1 ст. н.э. ўзніклі тры дзяржавы — Кагуро, Пэкчэ і Сіла, якія вызначыліся развіццём матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове кіт. традыцый. У 7 ст. Сіла ў саюзе з кіт. дынастыяй Тан перамагла Пэкчэ і Кагуро і аб’яднала б.ч. Карэйскага п-ва. Узнікненне адзінай дзяржавы спрыяла фарміраванню кар. народнасці. У 9 ст. Сіла распалася на асобныя феад. ўладанні, што ў 935 аб’ядналіся пад уладай дзяржавы Каро (засн. ў 918 Ван Гонам; ад яе паходзіць сучасная еўрап. назва краіны, прынятая ў пач. 20 ст.). Да канца 10 ст. канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава, якая паспяхова адбівала нашэсці кіданяў (933, 1010—11, 1018—19); у ёй пачаў пашырацца будызм. У выніку няспынных міжусобіц у 1231 у Каро ўварваліся манголы, барацьба з якімі вялася амаль 30 гадоў. У 1259 правіцелі Каро падпарадкаваліся манг. дынастыі Юань, а пасля яе заняпаду (1368) — кіт. дынастыі Мін. З 1392 у К. (зноў наз. Часон) правіла дынастыя Лі, пры якой адбыўся значны эканам. і культ. ўздым, дзярж рэлігіяй стала канфуцыянства. Становішча дзяржавы пагоршылася ў час уварвання яп. (гл. Імдзінская вайна 1592—98) і маньчжурскіх (1-я пал. 17 ст.) заваёўнікаў. У 1637 К. трапіла ў васальную залежнасць ад маньчжурскай дынастыі. У 2-й пал. 17—18 ст. тут пашырылася прыватнае землеўладанне, узніклі рамесніцкія карпарацыі, выраслі буйныя гандл. цэнтры. На пач. 19 ст. ў К. наспеў глыбокі сац. крызіс. У 1811—12 у прав. Пхёнандо ўспыхнула паўстанне сялян, у 1833 — гараджан Сеула, у 1862 адбылося сял. паўстанне. Амаль да канца 19 ст. К. трымалася палітыкі поўнай ізаляцыі ад інш. дзяржаў. Хрысц. місіянеры, якія прыбывалі ў К. ў 18—19 ст., франц. (1866) і амер. (1871) экспедыцыі сутыкаліся тут з моцным супраціўленнем. Толькі ў 1876 К. ўстанавіла кантакты з Японіяй, у 1882 — з ЗША пазней — з Германіяй, Францыяй, Расіяй, Вялікабрытаніяй. Росту яп. ўплыву ў К. беспаспяхова супрацьстаяў Кітай (гл. Япона-кітайская вайна 1894—95). Японіі ўдалося (гл. Руска-японская вайна 1904—05) акупіраваць К. і ў ліст. 1905 навязаць дагавор аб пратэктараце. У 1910 Японія скінула дынастыю Лі, анексіравала краіну і ператварыла яе ў сваю правінцыю. Ва ўмовах жорсткага калан. ўціску ў К. развіваўся нац.-вызв. рух. У сак. — крас. 1919 усю краіну ахапіла антыяп. паўстанне (каля 2 млн. удзельнікаў), задушанае яп. калан. ўладамі. Ў крас. 1919 дзеячы незалежніцкага руху на чале з Лі Сын Манам стварылі ў г. Шанхай (Кітай) часовы эмігранцкі ўрад, які на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 беспаспяхова шукаў падтрымкі ідэі незалежнасці К. У 1930-я г. на тэр. Маньчжурыі, дзе жыла значная колькасць карэйцаў, дзейнічалі партыз. атрады. Антыяп. рух асабліва ўзмацніўся ў 2-ю сусв. вайну. На Каірскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі ўрада Кітая прынялі рашэнне аб прадастаўленні К. незалежнасці.

У жн. 1945 сав. войскі з дапамогай кар. партызан занялі паўн. частку К. Былі створаны ваен. адміністрацыі: на Пн ад 38-й паралелі — савецкая, на Пд — амерыканская (амер. войскі высадзіліся ў Паўд. К. ў вер. 1945 пасля капітуляцыі яп. войск). Падзел краіны павінен быў мець часовы характар.

Маскоўская нарада 1945 міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прыняла рашэнне пра заснаванне на тэр. К. адзінай незалежнай дэмакр. дзяржавы. У снеж. 1945 ЗША і СССР стварылі сумесную камісію для сфарміравання агульнакар. ўрада. Аднак камісія спыніла сваю дзейнасць і праблема ўз’яднання К. не была вырашана. Прынцыповая розніца грамадскага ладу, які пасля вайны сфарміраваўся ў паўн. і паўд. ч. краіны, а таксама палітыка іх улад пры падтрымцы ЗША і СССР прывялі да падзелу К. У 1948 у Паўд. К. створана Рэспубліка К. (гл. Карэя Паўднёвая), у Паўн. К. — Карэйская Нар.-Дэмакр. Рэспубліка (гл. Карэя Паўночная), паміж якімі адбылася Карэйская вайна 1950—53.

Літаратура. Да канца 19 ст. стваралася на ханмуне (карэізаваная форма кіт. літ. мовы) і кар. мове. Найстараж. ўзоры л-ры на кар. мове — 25 невял. вершаў (хянга — «песні роднага краю») 7—11 ст. Адначасова развівалася паэзія на ханмуне (лірыка Чхве Чхівона, творы паэтаў-анахарэтаў Лі Іно і Лі Гюбо). Ранняя проза на ханмуне прадстаўлена канфуцыянскім летапісам «Гістарычныя запісы пра тры дзяржавы» Кім Бусіка (12 ст.) і будыйскай жыційнай л-рай («Жыціе Кюнё» Хёк Нёнджона, 11 ст.; «Жыццяпіс выдатных манахаў Краіны на ўсход ад мора», 13 ст.). У 12—14 ст. зарадзілася нац. паэзія — Каро каё («песні Каро»), якая прадоўжыла традыцыі хянга. У 13—14 ст. маст. проза паступова адасобілася ад гістарычнай. Узніклі яса — неафіц. гісторыі («Забытыя падзеі трох дзяржаў» Ірона, 13 ст.) і пхэсоль — проза малых форм (лірыка Лі Джэхёна і інш.). Першы твор на кар. алфавіце — «Ода дракону, які ляціць у нябёсы» (1445). Развіваліся навела (Кім Сісып), алегарычная аповесць (сатырык Лім Джэ). Лепшы ўзор паэзіі і прозы на ханмуне да пач. 15 ст. — вял. «Усходняя анталогія» (130 кніг), складзеная ў 1478 Со Гаджонам. У 16—17 ст. вядучае месца ў л-ры займала пейзажная і філас. лірыка, т.зв. паэзія рэк і азёр. Майстрамі сіджо (трохрадкоўе) і каса (вял. паэмы) былі Чон Чхоль і Юн Сандо. Вылучылася патрыят. лірыка Пак Іно У 17—19 ст. папулярнасць набылі аповесці на кар. мове — сасоль: гераічныя («Імджынская хроніка», 17 ст.), сац.утапічныя («Аповесць пра Хон Гільдона», 17 ст.), лірычныя («Аповесць пра Сім Чхон», 18 ст.; «Аповесць пра вернасць Чхунхян», 18 ст.), сатыр. («Аповесць пра зайца», 18 ст.) і інш. Ідэі асветніцтва адлюстраваліся ў творчасці Кім Манджуна — аўтара першага рамана на кар. мове «Воблачны сон дзевяці» (1689), сатыр. навелах і вершах на ханмуне пісьменніка-рэаліста Пак Чывона, паэтаў Чон Ягёна і Кім Саката. Паэзія на кар. мове была сабрана ў анталогіі «Бессмяротныя словы Краіны зялёных гор» (каля 1727) і «Песні Краіны на ўсход ад мора» (1763). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковай да новай прозы (асветніцкія раманы Лі Інджыка і Лі Хэджо). Пачынальнікі сучаснай кар. прозы — Лі Гвансу, паэзіі — Чхве Намсон і Кім Ок. Узнікла пралет, л-ра, т.зв. школа новага кірунку (Чхве Сахэ, Кім Саволь). У 1925—35 дзейнічала Карэйская федэрацыя пралет, мастацтва (празаікі Лі Гіен, Чо Мёнхі, Сон Ён, паэты Пак Сеён, Лі Санхва, крытыкі Юн Сепхён і інш.). Атрымаў развіццё рэаліст. раман пра кар. вёску (Лі Гіен). 2-я пал. 1930-х г. — час росквіту гіст. рамана (Хоп Мёнхі, Лі Гвансу), а таксама л-ры «плыні свядомасці» (Лі Сан). У гады 2-й сусв. вайны публікацыі на кар. мове былі пад забаронай.

Архітэктура. Ад эпохі неаліту захаваліся рэшткі квадратных і круглых глінабітных паўзямлянак, ад першых ст. да н.э. — пахавальныя збудаванні (дальмены, магілы ў форме скрыні, пахаванні ў збанападобных пасудзінах і інш.). На тэр. б. дзяржавы Кагуро выяўлена больш за 50 грабніц — манум. падземных збудаванняў, ашаляваных дрэвам (4 ст.) або складзеных з каменных пліт і цэглы (5—7 ст.) з размалёўкамі на столі; на тэр. дзяржавы Сіла — абсерваторыя Чхамсандэ («Вежа зорак», 632—47, выш. 9 м), складзеная з гранітных блокаў у форме бутлі. Аб’яднанне краіны спрыяла інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў, у якіх прыёмы рэгулярнай забудовы, планіроўка кварталаў, вуліц з улікам рэльефу мясцовасці, выкарыстанне ландшафту нагадвалі кіт. горадабудаўніцтва. З пашырэннем будызму пачалі будаваць каменныя храмавыя ансамблі і пагады простай і лаканічнай формы: пячорны 2-зальны храм Сакурам (742—64), комплекс Пульгукса (751, перабудаваны ў 1350) з пагадамі Табатхап (751) і Сакатхап (761) — усе каля Кёнджу. У эпоху дзяржавы Каро (918—1392) узводзілі культавыя і грамадз, будынкі ўскладненай формы з багатым дэкар. убраннем: храм Кваным (980), пагада Ханмётхап храма Папчонса ў Сеуле (1085), палац уладароў Манвальдэ ў Кэсоне (918, зруйнаваны ў 1361). Пры дынастыі Лі (1392—1910) будавалі шыкоўныя садова-паркавыя ансамблі палацаў (Кёнбакун у Сеуле, 1395, разбураны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны), што складаліся са шматлікіх невял, пабудоў з масівамі ярусных дахаў, аб’яднаных дварамі і аздобленых размалёўкамі, разьбой па дрэве і камені. Раскошай вылучаюцца храм Гандоса (16 ст., пав. Янсань, прав. Кёнсан-Намдо), мармуровая пагада храма Вангакса ў Сеуле (1464). Нар. жыллё К. — нізкі 1-павярховы дом — «чып» (з каменю, гліны, дрэва) з тэрасай і адмысловай ацяпляльнай сістэмай пад падлогай («андоль»), упрыгожаны размалёўкамі шматколерным нац. арнаментам. У час яп. панавання будавалі пад уплывам тагачаснай еўрап. архітэктуры і яп. дойлідства.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захавалася кераміка, у т. л. пасудзіны з грабеньчатым і хвалепадобным арнаментам, таўстасценныя гаршкі і вастрадонныя вазы з геам. арнаментам, глянцавы посуд, пакрыты лакам і інш. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы метал. прылады і гліняныя пасудзіны са штампаваным арнаментам. Маст. культура К., якая ўспрыняла ўплывы Кітая і зрабіла ўздзеянне на мастацтва Японіі, склалася ў пач. н.э. Будызм прыўнёс у культуру К. іерагліфіку, шаўкаткацтва, скульптуру. У грабніцах 3—7 ст. захаваліся размалёўкі мінер. фарбамі па сухім грунце з адлюстраваннем гіст. падзей, быт. сюжэтаў, партрэтаў, фантастычных і міфалагічных выяў. Дэкар. мастацтва прадстаўлена глінянымі неглазураванымі пасудзінамі (часам у выглядзе коннікаў, дамоў і інш.), метал, вырабамі (бронз. люстэркі, залатыя кароны), дэкар. цэглай з ціснёнымі выявамі дэманічных масак, птушак, элементаў пейзажу. Скульптура 7—10 ст. вызначаецца адыходам ад схематычнай умоўнасці, адухоўленасцю вобразаў і мяккасцю форм, уплывамі канонаў будыйскай пластыкі Кітая і Індыі (бронз. пазалочаная статуя Буды Майтрэі, пач. 7 ст.; гранітная статуя Буды і гарэльеф бадгісатвы Каным з храма Сакурам, 8 ст.). Пашырылася традыцыя выканання ідалападобных выяў воінаў, саноўнікаў, жывёл і інш. каля пахаванняў уладароў (Кёнджу), якім уласціва манументальнасць груба абагульненых форм. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена апрацоўкай каменю, металу, шаўкаткацтвам, традыц. лакавымі вырабамі, пляценнем з валокнаў бамбуку, травы і інш. У 10—14 ст. пашырыліся манум. скульптура, форма якой зводзілася да кананічнай франтальнасці (статуя Буды Майтрэі, 10 ст., пав. Пансан прав. Чхунчхон-Намдо), жывапіс тушшу і вадзянымі фарбамі на скрутках (Лі Нэн, 12 ст.), сімвалізаваныя і абагульненыя размалёўкі храмаў і пахаванняў, вырабы з каменнай масы, аздобленыя інкрустацыяй з чорнай і белай гліны, пакрытыя блакітна-зялёнай глазурай. Росквіту дасягнула мастацтва фарфоравых вырабаў (посуд у выглядзе гарбуза, грушы, пладоў граната і інш.), якія аздаблялі размалёўкай, гравіроўкай, рэльефнымі накладкамі («санхен» — выявы кветак і птушак, «хвагым» — залатыя арнаменты, «самун» — гладкі недэкарыраваны і інш.), і глазураваная кераміка «селадон» вытанчаных адценняў, мяккіх тонаў шаравата-зялёна-блакітных колераў. Выраблялі таксама бронз. люстэркі і званочкі, мініяцюрныя мадэлі храмаў і пагад, залаты, сярэбраны посуд і інш. У 14—19 ст. у выяўл. мастацтве дамінаваў жывапіс, існавала ўстанова Тахвасо, якая выконвала функцыі акадэміі жывапісу. З 14 ст. вядома гравюра на дрэве. Сярод мастакоў 15—17 ст. пейзажысты Ан Гён, Кан Хіян, Кім Сік, Чон Сен, жанрыст Юн Дусо, майстар жанру «кветкі-птушкі» Лі Ам. У 18 ст. працавалі жанрысты, пейзажысты і партрэтысты Кім Хандо, Кім Дыксін, Сін Юнбок, анімалісты Сім Саджон, Пён Санбёк. У 19 ст. ў традыц. жанры «кветкі-птушкі» працавалі Чан Сыноп, Нам Геу, паявіўся алейны жывапіс. Удасканальвалася мастацтва фарфору і керамікі (з размалёўкай кобальтам). У перыяд яп. акупацыі працягвалі развівацца традыц. нац. віды дэкар. мастацтва: лакі, фарфор, кераміка, пляценне з трыснягу, бамбуку, вышыўка і інш. У 1925—35 існавала Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, гал. мэтай якой было адлюстраванне барацьбы кар. народа за незалежнасць.

Музыка К. блізкая да стараж. муз. традыцый Д. Усходу. Для яе характэрна апора на пентатоніку. З 15 ст. выкарыстоўваецца і кіт. сістэма 12-ступеннага роўнатэмпераванага гукараду люй-люй. У метрыцы пераважаюць 3-дольныя памеры (​3/4, ​12/8 і інш.). У 8—2 ст. да н.э. спевы і танцы ў суправаджэнні бронзавых барабанаў, званоў і гонгаў адыгрывалі вял. ролю ў рытуальных святкаваннях. Станаўленне традыц. форм адносіцца да 3—9 ст. У прыдворных цырыманіялах удзельнічалі мнагаскладавыя аркестры (больш за 100 інструментаў), выконваліся гімны, оды, танцы, наладжваліся тэатр. паказы. У 10—14 ст. сярод відаў прыдворнай музыкі — аак («вытанчаная музыка»), тэчвіт а (ваен. музыка ў час выездаў імператара), іалэк (музыка банкетаў). Муз. культура К. вылучалася сярод інш. краін Д. Усходу развітасцю танц. традыцый у суправаджэнні вак. і інстр. кампазіцый на цытрах каягым, камунга, лютні піпха (стваральнікі Ван Санак, Урык, Ок Паго; 6—8 ст.). У 6 ст. з’явіўся жанр хянга («песні роднага краю»). З пашырэннем будызму ў К. складваліся кар. традыцыі будыйскай рытуальнай музыкі. У 14 ст. засн. спец. муз. палата Акі тагам (пазней Чанагвон). У 15 ст. кананізаваны віды прыдворнай музыкі, адрадзіліся ўзоры аак, павялічыўся склад прыдворных аркестраў (да 400 чал.), уніфікаваны муз. інструменты (да 65 відаў). Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя сыль, тэджэн (тыпу гусляў), канху (тыпу арфы); стр. смычковыя аджэн, хэгым (тыпу скрыпкі); духавыя тэгым (або чатэ), танджок, чы (папярочная флейта), со (мнагаствольная флейта), тансо (свірасцёлка), хянпхіры, сепхіры (тыпу габоя); ударныя барабаны чанга (2-баковы), чунга (1-баковы гарыз.), 6- і 8-гранныя чвага і ёнга. Удасканальваліся сістэмы натацыі, запазычаныя з Кітая (юлчапо і арыгінальныя юкпо і ёнумпё). У 1493 Сон Хёнам і інш. створана муз. энцыклапедыя «Акхак квебом» («Асновы навукі аб музыцы», т. 1—9). Школы ігры на інструментах узначальвалі Тэахян, Акіхян (каягым), Аян (камунга), Соль Вон (чанга), Кім Сон (піпха) і інш. Традыц. муз. творчасць вылучаецца разнастайнасцю лакальных стыляў, арганічным спалучэннем спеваў і інстр. ігры, танца і тэатр. пантамімы, акрабатыкі. Яе ўзоры прадстаўлены ў музыцы шаманскіх рытуалаў муак (рэчытацыі, спевы, танцы) у суправаджэнні інстр. кампазіцый сінаві, у «сял. музыцы» нанак (гонгі, барабан чанга, ражок напхаль, або род кларнета налары). У 17—18 ст. былі пашыраны шматлікія рэгіянальныя разнавіднасці сял. песень мінё. У 15—16 ст. з развіццём муз. жыцця гарадоў складваліся віды, жанры і стылі вак.-інстр. камернай музыкі чанак (шматчасткавыя інстр. сюіты ў выкананні невял. інстр. ансамбляў, вак. кампазіцыі кагок, кароткія песні сіджо). З 2-й пал. 19 ст. хатняе музіцыраванне ператварылася ў своеасаблівыя канцэрты, дзе выконвалася інстр. музыка ў стылі санджа — шматчасткавых сольных кампазіцый для камунга (школа Кім Юндака), каягыма (Кім Чукпха), пхіры і інш. у суправаджэнні чанга. Да 19 ст. сфарміраваліся шматлікія віды муз. т-ра (марыянетак, танц. і танц.-драм. спектаклі ў масках, тэатралізаваны паэт. сказ і інш.). Тэатралізаваны сказ пхансары (з 18 ст.) уключаў арыі і песні на аснове рытмічных (чхандан) і меладычных (чхо) мадэлей, размоўную гаворку і драм. дзеянне. У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася кар. нац. муз. драма чхангык (заснавальнік Сін Джэхён). З пашырэннем хрысціянства ў 17—18 ст. развіваюцца традыцыі культавых каталіцкіх спеваў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў муз. культуру К. пранікла зах.-еўрап. музыка, узніклі ваен. духавыя аркестры зах. тыпу, складваецца песенны жанр пансанхва. У 1927 засн. Саюз кар. музыкантаў (у складзе Кар. федэрацыі пралет. мастацтва).

Тэатр. Вытокі тэатра К. ў стараж. хар. песнях-танцах. У 14—15 ст. узніклі нар. т-р масак (камёнгык), т-р лялек (інхёнгык) і вял. камед. паказы (сандэгык), развіццю якіх садзейнічалі нар. акцёры квандэ. У познім сярэдневякоўі ўзнік размоўны т-р (хвагык). Станаўленне прафес. т-ра прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. і звязаны з імем Сін Джэхё. У прафес. т-ры «Вангакса» (1901), «Хёксіндан» (1911), «Кванмудэ» (1912) нац. традыцыі спалучаліся з еўрапейскімі. У 1921 кар. студэнты, якія вучыліся ў Японіі, стварылі трупу «Саюз драматычнага мастацтва». У 1925 створана Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, куды ўвайшлі і тэатр. дзеячы. На пач. 1930-х г. узніклі аматарскія і прафес. тэатр. калектывы: «Мачхі», «Тэатр будучыні» ў Пхеньяне, «Вулічны тэатр» у Тэгу, «Масавы тэатр» у Кэсоне, т-ры «Чханбок», «Новае будаўніцтва», «Мегафон», «Новае мастацтва», якія ставілі кар. класіку і творы сучасных кар. драматургаў Сон Ёна, Нам Гунмана, рус. класіку. Дзейнічала Т-ва драм. мастацтва ў Масане. З сярэдзіны 1930-х г. кар. т-ры закрываліся, акцёрам дазвалялася выступаць у яп. рэпертуары і пад яп. прозвішчамі; спектаклі ставіліся на яп. мове.

Кіно. Першы фільм «Клятва пры месяцы» зняты ў 1921 рэж. Юн Бэнамам. У 1923—24 у Пусане пад кіраўніцтвам Юн Бэнама працавала т-ва «Пусан Часон кінема», дзе ён паставіў фільм «Першаадкрывальнікі» (1924). Кінагрупа кінасекцыі Кар. федэрацыі пралет. мастацтва (створана ў 1925) выпусціла некалькі рэаліст. стужак пра жыццё К. пад яп. прыгнётам, у т. л. «Бадзяга» (1927), «Змрочная вуліца», «Цёмны шлях» (абедзве 1928). Выходзілі фільмы і інш. рэжысёраў: «Бык без рагоў» рэж. Кім Тхэджына (1927), «Арыран» (1926), «У пошуках кахання» (1928), «Паром без кахання» (1932) рэж., сцэнарыста і акцёра На Унгю. З сярэдзіны 1930-х г. у К. стала пашырацца яп. кінапрадукцыя, пачалі дэманстравацца ням., італьян. фільмы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1—2. М., 1974;

Еременко Л., Иванова В. Корейская литература: Краткий очерк. М., 1964;

Тэн А.Н. Традиции реализма в корейской классической литературе. Алма-Ата, 1980;

Корейское классическое искусство: Сб. ст. М., 1972;

Глухарева О.Н. Искусство Кореи с древнейших времен до конца XIX в. М., 1982.

С.​В.​Логіш (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Да арт. Карэя. Святыня ў адным з храмаў комплексу Пульгукса.
Да арт. Карэя. Храм Пульгукса каля г. Кёнджу. 8 ст.
Да арт. Карэя. Павільён Тэун з будыйскага храма Кваным. 980.
Да арт. Карэя. Чырвоная птушка (чуджак) — ахоўнік Поўдня. Размалёўка Вялікай грабніцы. Фрагмент. 565.
Да арт. Карэя. Ваза «Тысяча журавоў». Канец 12 ст.
Да арт. Карэя. Буда Амітабха. Каля 700.
Да арт. Карэя. Невядомы мастак. Партрэт Лі Даксу. 18 ст.
Да арт. Карэя. Сін Юнбок. Жаночы час візіту. Канец 18 — пач. 19 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)