Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на ПдЗах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс.км². Нас. 14,3 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г.Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г.Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).
Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн.га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн.ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц.Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн.ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).
Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.д’І. — чл.ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн.га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн.га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн.га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс.т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс.т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс.т), бананы (больш за 200 тыс.т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн.т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн.т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л.цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс.т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасцінайб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн.т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш.ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспартаўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс.км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд.дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд.дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.
Г.С.Смалякоў (прырода,насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Кот-д’Івуара.Да арт.Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.Да арт.Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.