ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г.ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АНСССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.Чэхава, Л.Талстога, А.Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.Кудравец, В.Адамчык.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1989—91;
Бел.пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.
Літ.:
Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ДАРО́ЖНЫЯ,
элементы абсталявання дарог вызначанай формы, памеру і афарбоўкі з умоўнымі абазначэннямі і надпісамі. Устанаўліваюцца на аўтамаб. дарогах і вуліцах населеных пунктаў і даюць інфармацыю аб рэжыме, умовах, напрамках і маршрутах руху, месцах адпачынку, аб’ектах сервісу і інш.
У Расіі першыя З.д. зацверджаны ў 1805. Спроба ўпарадкаваць З.д. пачата ў 1909 у Парыжы на 1-й Міжнар. канферэнцыі па рэгламентацыі руху. У СССР стандартызаваныя З.д. пачалі выкарыстоўваць з 1927 як састаўную частку правіл руху. Дзеючая сістэма З.д. распрацавана на аснове Канвенцыі аб дарожных знаках і сігналах (1968, Вена), дапоўненай Еўрап. пагадненнем (1971, Жэнева). Стандартам прадугледжаны папераджальныя, пераважальныя (знакі прыярытэту), забараняльныя, прадпісальныя, інфарм.-ўказальныя, сервісу і дадатковай інфармацыі (таблічкі). Адрозніваюць іх па форме, афарбоўцы і малюнку (умоўным абазначэнні). Устанаўліваюць іх відарысам насустрач руху пераважна ўздоўж дарогі на спец. калонках, слупах, на кранштэйнах, тросах-расцяжках і рамах над праезджай часткай. Іх асвятляюць або пакрываюць святлоадбівальнымі матэрыяламі. Надпісы на інфарм.-ўказальных знаках, устаноўленых на дарогах Беларусі, выконваюцца на бел. мове за выключэннем міжнар. трас, дзе яны зроблены на бел. і англ. мовах.
Літ.:
Хомяк Я.В., Гончаренко Ф.П., Копилевич С.Л. Инженерное оборудование автомобильных дорог. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́МЕННЫ СПЕЎ, стаўповы спеў,
асноўны спеў стараж.-рус. манадыйнай музыкі (гл.Манодыя). Назва ад стараж.-рус. слова «знамя» — знак, нота ў безлінейным неўменным запісе музыкі (гл.Крукі). Падпарадкаваны агульным кананічным прынцыпам праваслаўнай царк. музыкі: папевачнаму развіццю (гл.Папеўка), радку як асн. вышыннаму ўзроўню формаўтварэння знаменнага песнапення, сістэме асмагласся. Выконваўся унісонным мужчынскім хорам. Мелодыка З.с. — строгая, суровая, стрыманая, падпарадкаваная вядучаму слоўнаму тэксту, вылучаецца плаўным паступовым меладычным рухам, дазволенасцю скачкоў на тэрцыю, кварту, квінту. Адзін з тыповых прынцыпаў арганізацыі знаменных напеваў — лінеарная перакампаноўка мелодыі (тэрмін Л.Касцюкавец). Вылучаюць вял. З.с. (больш урачысты, распеты), лірызаваны і малы (скарочаны варыянт З.с.). Вядомы з рукапісаў канца 11 — пач. 12 ст. (Благавешчанскі кандакар). Гістарычна меў 3 перыяды развіцця: стараж.-рус. сапраўдамоўя, раздзельнамоўя і новага сапраўдамоўя. Існуюць грэч., балг., сербскі, кіеўскі З.с. На аснове стараж.-рус. развіўся кіеўска-літоўскі, на Беларусі — беларускі, супрасльскі З.с., а таксама лакальныя — магілёўскі, віцебскі, нясвіжскі, куцеінскі, слуцкі, мірскі, віленскі, жыровіцкі. Беларусы стварылі ў Расіі шэраг новых спеваў, у т. л. старасіманаўскі, вяцкі і інш. На аснове ўскладнення З.с. і яго натацыі склаліся дзямественны спеў, пуцявы і т.зв. «казанскае знамя» (16—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ (ад лац. interventio умяшанне),
умяшанне адной дзяржавы ва ўнутр. справы іншай дзяржавы або акт рэгулявання ёю акрэсленых пытанняў грамадз. адносін, якія традыцыйна належаць да сферы грамадз. супольнасці. Як сродак знешняй палітыкі існуе амаль ад пачатку паліт. гісторыі чалавецтва і выкарыстоўваецца дзяржавамі, каб у сваіх інтарэсах паўплываць на вынікі барацьбы паліт. сіл у інш. дзяржаве, на вырашэнне дынастычных пытанняў і да т.п. Знешняя І. здаралася асабліва часта і прымала значныя маштабы ў перыяды рэвалюцый або нац.-вызв. барацьбы народаў асобных краін (напр., І. краін Антанты супраць сав.Расіі ў 1918—20). Паняцце І. ўключае такія яе віды, як вайсковая, эканам., дыпламатычная, ідэалагічная. Існуюць і камбінацыі азначаных відаў І. Сучасная міжнар. супольнасць выключае І. з правамерных сродкаў правядзення дзяржавамі сваіх знешнепаліт. інтарэсаў. і ставіць яе па-за міжнар. правам, а вайсковая І. атаясамліваецца з формай агрэсіі. І. як акт умяшання дзяржавы ва ўласнае ўнутр. жыццё, пераважна ў эканоміку і фінансы, уваходзіць у сістэму метадаў дзярж.-манапал. рэгулявання гэтых галін і мае месца ў часы крызісаў, банкруцтваў ці ў сувязі з адмоўнымі вынікамі дзейнасці таго ці інш. буйнога банка або карпарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,
баявыя дзеянні (крас.—жн.) рас. і аўстр. войск пад камандаваннем фельдмаршала А.В.Суворава супраць 2 франц. армій у Паўн. Італіі ў вайну 1798—1802 Францыі з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Англія, Расія, Аўстрыя, Турцыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій). Распрацаваны Суворавым план кампаніі прадугледжваў разгром франц. армій паасобку. 26—28.4.1799 гал. сілы Суворава (больш за 40 тыс.чал.) разбілі франц. армію на чале з ген. Ж.В.Маро (каля 28 тыс.чал.) на р. Ада, занялі г. Мілан, у маі — Турын і Александрыю. 17—19 чэрв. войскі Суворава (каля 30 тыс.чал.) у сустрэчным баі на р. Трэбія разграмілі франц. армію ген. Ж.Макданальда (33—35 тыс.чал.), якая рухалася на дапамогу Маро з Сярэдняй і Паўд. Італіі. Разгром саюзнымі войскамі (43 тыс.чал., паводле інш. звестак, 50 тыс.) 35-тысячнай франц. арміі ген. Б.К.Жубера (забіты ў пач. бітвы, яго змяніў Маро) 15 жн. каля г. Нові і перамогі ВМФРасіі ў ходзе Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 прывялі да амаль поўнага вызвалення Італіі ад франц. панавання. Сувораў быў накіраваны ў Швейцарыю (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). У.Я.Калаткоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Максім Максімавіч) (8.9.1851, г. Харкаў, Украіна — 5.4.1916),
расійскі гісторык, юрыст, сацыёлаг, этнограф. Акадэмік Пецярбургскай АН (1914, чл.-кар. 1899). Скончыў Харкаўскі ун-т (1872), адукацыю працягваў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Праф. Маскоўскага (1878—87), Пецярбургскага (1905—16) ун-таў і шэрагу ун-таў Еўропы і Амерыкі. З 1895 віцэ-старшыня, з 1907 старшыня Міжнар. ін-та сацыялогіі, чл.Т-ва сацыялогіі ў Парыжы. Вымушаны доўгі час працаваць за мяжой, К. часта выкарыстоўваў замежную тэматыку і матэрыялы для вырашэння рас. праблем, звязаных з развіццём капіталізму. Асн. законам сацыялогіі лічыў закон прагрэсу. Як гісторык выкарыстоўваў гіст.-параўнальны метад, асабліва з мэтай супастаўлення дзярж., паліт. і эканам. дакапіталіст. грамадстваў Еўропы, у т. л. і Расіі. Аўтар прац па гісторыі абшчыны, Франц. рэвалюцыі канца 18 ст., праблемах зах.еўрап. феадалізму і агульных пытаннях сац. развіцця, этнаграфіі.
Тв.:
Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Закон и обычай на Кавказе. Т. 1—2. М., 1890;
Происхождение современной демократии. Т. 1—4. М., 1895—97;
Экономический рост Европы до возникновения капиталистического хозяйства. Т. 1—3. М., 1898—1903;
Социология. Т. 1—2. М., 1910.
Літ.:
Сафронов Б.Г. М.М.Ковалевский как социолог. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Длужык-Каменскі) Адам Рыгор, бел. пісьменнік-мемуарыст 17 ст. З аршанскай шляхты. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 ваяваў пад харугвай кароннага гетмана С.Чарнецкага. У час бітвы на р. Бася 20.10.1660 трапіў у маск. палон. У Сібірскім прыказе залічаны ў «казакі літоўскага спісу», з 1662 служыў у Якуцкім астрозе турэмным наглядчыкам. Пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 адпушчаны ў Маскву, у 1669 ці 1670 — на радзіму. У «Дыярыушы» (выяўлены і апубл. на польск. мове ў 1874) апісаў гарады і народы, што сустракаў, а таксама экспедыцыі рус. землепраходцаў В.Паяркава на Амур і М.Стадухіна на Поўнач, пра якія сабраў звесткі ў Якуцку. «Дыярыуш» К. — каштоўны помнік мемуарнай л-ры Беларусі, у якім яскрава адлюстраваны пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры і Д. Усходу.
Тв.:
Бел.пер. — Дыяруш маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн., 1974. Вып. 2.
Літ.:
Коршунаў А. Нататкі з падарожжа па Сібіры ў XVII ст. («Дыярыуш» Адама Каменскага) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1973. № 1;
Ласкоў І. Нашчадкі таямнічае Літвы // Полымя. 1991. № 8;
Ефремов К. Польские ссыльные о якутах // Национальные отношения в регионах страны. Якутск, 1992. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЫ́Н (Ягор Францавіч) (сапр. Георг Людвіг; 27.11.1774, г. Ганаў, Германія — 21.9.1845),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, вучоны. Ген. ад інфантэрыі (1828), граф (1829), ганаровы чл. Пецярбургскай (1824) і Парыжскай (1844) АН, д-р права (1794). Скончыў Гесенскі і Магдэбургскі (Германія) ун-ты. З 1797 у Расіі: саветнік пры экспедыцыі дзярж. эканоміі ў МУС (з 1803), інспектар замежных калоній Пецярбургскай губ. (з 1809), памочнік ген.-правіянтмайстра Ваен.мін-ва (з лют. 1811). Удзельнік вайны 1812 (ген.-інтэндант 1-й Зах. арміі) і замежнага паходу 1813—14 (з 29.4.1813 ген.-інтэндант). У 1816—20 пры Гал. кватэры ў Магілёўскай губ.; адзін з першых даследчыкаў Барысавых камянёў. У 1823—44 міністр фінансаў; правёў гільдзейскую (1824), грашовую (увядзенне сярэбранага монаметалізму, 1839—43) і інш. рэформы. Аўтар прац (пераважна на ням. мове) «Фрагменты аб ваенным майстэрстве з пункту гледжання ваеннай філасофіі» (1809, 2-е выд 1815), «Аб сродках забеспячэння харчаваннем вялікіх армій» (нап. 1809—10), «Аб ваеннай эканоміі ў час вайны і міру і яе сувязі з ваеннымі аперацыямі» (т. 1—3, 1820—23), «Сусветнае багацце, нацыянальнае багацце і дзяржаўная гаспадарка» (1821), маст. твора «Дагабер, раман з сапраўднай вайны за вызваленне» (1797—98), артыкулаў пра ням. тэатр і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЫЯ́НСТВА,
філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння І.Канта і развівае яго ідэі. Узнікла ў 1780—90-я г. ў ходзе абмеркавання і палемікі вакол «крытычнай» сістэмы Канта. Гал. прадстаўнікі ранняга перыяду К.: І.Шульцэ, Х.Шміт, Г.Мелін (Германія), Ш.Віле (Францыя), М.Кінкер (Галандыя) і інш. Яны папулярызавалі погляды Канта і абаранялі іх ад абвінавачванняў у паліт. радыкалізме і і рэлігійнасці, спалучалі яго тэарэт. канцэпцыі з элементамі тагачасных і рэліг. уяўленняў. Больш грунтоўную перапрацоўку сістэмы Канта здзейснілі К.Л.Рэйнгальд («Пісьмы аб кантаўскай філасофіі», 1786—87), С.Бек і інш., якія развівалі яго вучэнне ў кірунку больш паслядоўнага суб’ектыўнага ідэалізму. У пач. 19 ст. ў К. былі ўнесены элементы «папулярнай філасофіі» 18 ст., філасофіі веры Ф.Г.Якобі, філасофіі рэлігіі Ф.Шлеермахера, а таксама эмпірычнай псіхалогіі. Розныя аспекты вучэння Канта аб маралі распрацоўваў Ф.Шылер, хоць ён выступаў супраць кантаўскай этыкі абавязку. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг і інш. звязвалі філас. сістэму Канта са сваёй ідэалістычнай метафізікай. К. атрымала пашырэнне ў гісторыі філасофіі, праве, пратэстанцкай тэалогіі, гісторыі рэлігіі і інш. навуках. У апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. ў Францыі, Германіі, Расіі і інш. краінах узнікла неакантыянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
галіна навукі, якая вывучае ўплыў клімату і надвор’я на арганізм чалавека і метады выкарыстання іх у лек. і прафілакт. мэтах; аснова клімататэрапіі і курарталогіі. Вывучае фіз. і хім. паходжанне гідраметэаралагічных і ландшафтных раздражняльнікаў, характар і механізмы фізіял. і паталаг. працэсаў у арганізме чалавека ў розных кліматах, геагр. пашырэнне хвароб (гл.Геаграфія медыцынская).
Першыя звесткі па К.м. у працах Гіпакрата, Галена. Навук. асновы заклалі Парацэльс, англ. вучоны Т.Сідэнхем. У сярэдзіне 19 ст. выдадзены спец. працы па К.м. (франц. вучоны Г.Ламбар і інш.). У Расіі ў 1893 А.І.Ваейкаў абагульніў тагачасныя дасягненні па К.м. у працы «Даследаванне кліматаў з мэтамі кліматычнага лячэння і гігіены».
На Беларусі даследаванні па К.м. пачаў А.Меер у 2-й пал. 18 ст. Мінскае т-ва ўрачоў у пач. 20 ст. даследавала стан насельніцтва Беларусі ў залежнасці ад пражывання ў розных прыродных, у т. л. кліматычных, умовах. Навук. даследаванні па К.м. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі і інш. Вывучаюцца кліматычныя і прыродныя фактары, механізмы ўздзеяння іх на жыццёвую ёмістасць лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, сілу і рухомасць нерв. працэсаў, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, скуру і г.д.