АМЕ́ГА,
назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення Ο («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
А.М.Булыка.
т. 1, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДНІКІ,
сяляне ў ВКЛ, якія пасяляліся на невял. дзялянках зямлі, за што абавязваліся выконваць пэўныя павіннасці. Агароднікі давалі па 3 маргі (1 морг — 0,71 га) зямлі і сялілі вёскамі па 10—20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета. У час валочнай памеры ў катэгорыю агароднікаў пераводзілі чэлядзь. У 18 — 1-й пал. 19 ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі толькі хату і агарод.
т. 1, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТА́ЦЫЯ ў тэхніцы,
здольнасць тэхнічных устройстваў і сістэм прыстасоўвацца да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя ці да змен уласнай структуры, што прыводзіць да павышэння эфектыўнасці іх работы. Уласцівая сістэмам аўтам. кіравання, дзе адаптацыя дасягаецца за кошт змены параметраў, структуры, алгарытму функцыянавання ў залежнасці ад змены характарыстык знешняга асяроддзя і ўласцівасцяў аб’екта праз назапашванне і выкарыстанне інфармацыі. Найб. эфектыўна рэалізуецца ў мікрапрацэсарных сістэмах кіравання за кошт прымянення алгарытмаў кіравання, пабудаваных на прынцыпах саманастройкі, самаарганізацыі і саманавучання (гл. Самапрыстасавальныя сістэмы).
т. 1, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕАТРО́ПНЫЯ СУ́МЕСІ, азеатропы (ад а... + грэч. zeō кіплю + tropē змяненне),
аднародныя вадкія сумесі, якія пры перагонцы ўтвараюць кандэнсат таго самага саставу, што і зыходны раствор. Прысутнасць азеатропаў перашкаджае раздзяленню вадкіх сумесяў і патрабуе спец. метадаў рэктыфікацыі. Некаторыя азеатропныя сумесі кіпяць пры больш высокай ці больш нізкай, чым іх кампаненты, т-ры. Сустракаюцца ў двайных, шматкампанентных сістэмах. Напр., сумесь 95,57% C2H5OH (t кіп. 78,5 °C) і 4,43% H2O (t кіп. 100 °C) утварае азеатропныя сумесі (t кіп. 78,15 °C).
т. 1, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЧАННЕ ў праве,
1) працэсуальная дзейнасць упаўнаважаных законам органаў ці службовых асоб, якая заключаецца ў даказванні віны асобы, што прыцягваецца да крымін. адказнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае 3 віды абвінавачвання: дзярж. (падтрымлівае пракурор), грамадскае (падтрымлівае ўпаўнаважаны прадстаўнік грамадскай арг-цыі ці прац. калектыву) і прыватнае (падтрымлівае пацярпелы або яго прадстаўнік — адвакат).
2) Змест абвінаваўчага тэзіса, сфармуляванага ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, а таксама ў абвінаваўчым заключэнні, выступленні абвінаваўцы ў судзе, у абвінаваўчым прыгаворы суда.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБД АЛЬ-КЕРЫ́М (1881 або 1882 — 7.2.1963),
паліт. і дзярж. дзеяч Марока. Атрымаў багаслоўскую адукацыю. За заклікі да вызв. барацьбы ў 1915 зняволены. У 1921 узначаліў вызв. барацьбу рыфскіх плямёнаў супраць ісп., з 1925 франц. каланізатараў. Прэзідэнт (эмір) [1921—26] Рыфскай рэспублікі. У 1926 захоплены французамі і сасланы на в-аў Рэюньён. У 1947 атрымаў дазвол на выезд у Францыю пры ўмове, што не будзе займацца паліт. дзейнасцю. Уцёк і пасяліўся ў Каіры, дзе ўзначаліў (1948—56) Камітэт вызвалення Арабскага Магрыба.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУА́РЫ (ад франц. avoir маёмасць, набытак),
1) актывы (грашовыя сродкі, вэксалі, чэкі, пераводы, акрэдытывы), за кошт якіх робяцца плацяжы і пагашаюцца абавязацельствы іх уладальнікаў; у вузкім сэнсе — ліквідная частка актываў (грашовыя сродкі банка на бягучых рахунках, дэпазітах, каштоўныя паперы, якія лёгка рэалізуюцца).
2) Сродкі банка ў замежнай валюце, золаце, якія знаходзяцца на яго рахунках у замежных банках. Сукупнасць такіх сродкаў, што належаць якой-н. краіне, называюць яе замежнымі авуарамі.
3) Уклады прыватных асоб і арг-цый у банках.
т. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ (ад аўта... + грэч. morphē форма),
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах «аўтаномнага» балансу вільгаці (толькі атм. ўвільгатненне) і рэчыва (адсутнасць прыносу). Такімі глебамі з’яўляюцца чарназёмы, шэразёмы, падзолістыя. Марфалагічны профіль аўтаморфных глебаў не мае каляровых прыкметаў агляення, часам у ім трапляюцца жалезістыя канкрэцыі і пунктацыі марганцу, што сведчыць аб кароткатэрміновым лішкавым увільгатненні. С.-г. расліны на такіх глебах не пашкоджваюцца вымаканнем. На Беларусі да аўтаморфных глебаў належаць дзярнова-карбанатныя глебы, бурыя лясныя глебы, падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя глебы.
т. 2, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛІРУБІ́Н,
прадукт распаду гемаглабіну; адзін з пігментаў жоўці; C33H36O6N4. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Мае чырвона-буры колер у растворы, карычневы — у крышталях. Утвараецца найб. у печані, адтуль з жоўцю выводзіцца ў кішэчнік, дзе асн. маса білірубіну ператвараецца ў мезабілірубін, а потым ва урабілінаген. У тонкім кішэчніку невял. колькасць білірубіну ўсмоктваецца ў кроў і зноў трапляе ў печань. Пры атручэнні, парушэнні функцыі печані (закупорцы жоўцевых пратокаў) колькасць білірубіну ў крыві павялічваецца, што выклікае жаўтуху. Змяненне білірубіну ў крыві — дыягнастычны паказчык.
т. 3, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАМІЯ́ЛЬНЫ ШЭ́РАГ,
бесканечны ступенны шэраг, які з’яўляецца абагульненнем Ньютана бінома на выпадак дробавых і адмоўных паказчыкаў ступені:
, дзе — бінаміяльныя каэфіцыенты. Бінаміяльны шэраг збежны: пры , калі ; пры , калі ; пры , калі . Лічаць, што ўпершыню бінаміяльны шэраг уведзены І.Ньютанам (1664—65). Даследаванне збежнасці бінаміяльнага шэрагу праведзена Н.Абелем (1826).
т. 3, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)