ГІСТАФІЗІЯЛО́ГІЯ

(ад гіста... + фізіялогія),

раздзел гісталогіі, які вывучае ўзаемасувязі структуры клетак, тканак і органаў з іх функцыянаваннем і зменамі ў розных фізіял. станах. Даследаванні па гістафізіялогіі праводзяць на жывых клетках арганізма з дапамогай спец. мікраскопаў-ілюмінатараў, ужыўлення празрыстых камер у арганізм жывёлы або выкарыстання пярэдняй камеры вока для вывучэння цыркуляцыі крыві ў мікрасасудах, працэсаў міграцыі лейкацытаў, ранніх стадый развіцця зародка і інш. Шырока выкарыстоўваюць культуру клетак і тканак пры вывучэнні жывых структур (гл. Культура тканкі), метад трансплантацыі клетак крыві і касцявога мозгу ад здаровых жывёл-донараў апрамененым жывёлам-рэцыпіентам. Выкарыстоўваюць вітальнае (прыжыццёвае) і суправітальнае (клетак, вылучаных з арганізма) афарбаванне клетак і тканак спец. фарбавальнікамі з наступным вывучэннем метадамі гістахіміі, мікраскапіі, радыёаўтаграфіі і інш., што дазваляе высвятляць заканамернасці функцыянавання жывых сістэм і механізмы іх змен пры паталогіі.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)