АГРАМЕТЭАРАЛО́ГІЯ

(ад агра... + метэаралогія),

сельскагаспадарчая метэаралогія, навука, якая вывучае метэаралагічныя, кліматычныя і гідралагічныя ўмовы, што маюць значэнне для сельскай гаспадаркі. Амаль не адмежавана ад агракліматалогіі (вывучае клімат як фактар с.-г. вытв-сці). Задачы аграметэаралогіі: вывучэнне заканамернасцяў фарміравання метэаралагічных і кліматычных умоў с.-г. вытв-сці, мікраклімату палёў; распрацоўка метадаў колькаснай ацэнкі ўплыву метэаралаг. фактараў на рост і фарміраванне ўраджаю, на развіццё шкоднікаў і хвароб с.-г. культур; абгрунтаванне эфектыўных мер па пераадоленні неспрыяльных і небяспечных для сельскай гаспадаркі гідраметэаралагічных з’яў; агракліматычнае абгрунтаванне прыёмаў меліярацыі; распрацоўка метадаў аграметэаралагічных прагнозаў; с.-г. ацэнка кліматычных рэсурсаў тэрыторыі і інш. На Беларусі рэгулярныя аграметэаралагічныя назіранні праводзяцца з 1921; у 1995 — на 48 метэастанцыях, у т. л. на 5 аграметэаралагічных станцыях. На аснове шматгадовых назіранняў падрыхтаваны агракліматычныя даведнікі (выд. 1958, 1970, 1985).

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)