КАРА́НАВА,

узгорак з рэшткамі стараж. паселішчаў на Пд Балгарыі. Мае 7 культ. пластоў эпохі неаліту і бронзавага веку (6—3-е тыс. да н. э.). У ніжнім пласце выяўлена кераміка з размалёўкай, сярпы з рогу з крамянёвымі ўкладышамі, рэшткі стараж. жытлаў. 3-і пласт, познанеалітычны (сярэдзіна 5-га тыс. да н. э.), утрымлівае чорную і шэрую глянцавую кераміку, 5-ы пласт (пач. 4-га тыс. да н. э.) — шэрую кераміку з паглыбленым арнаментам, запоўненым белай пастай. 6-ы пласт належыць да балг. варыянта культуры Гумельніца (сярэдзіна 4-га тыс. да н. э.), выяўлены дамы з печамі, збожжасховішча, кераміка з графітнай размалёўкай. 7-ы пласт належыць да ранняй бронзы (3-е тыс. да н. э.), для яго характэрны дамы з апсідамі, чорная і карычневая кераміка з шнуравым арнаментам.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ (Канстанцін Пятровіч) (25.9.1802, г. Яраслаўль, Расія — 21.9.1861),

рускі пісьменнік. У 1842—52 рэдагаваў час. «Сын отечества». Друкаваўся з 1821. Выступаў супраць натуральнай школы і В.​Бялінскага. Раман «Стральцы» (1832), аповесці «Цярпі казак — атаман будзеш» (1829, новая назва «Мадэст Праўдзін, ці Цярпі казак — атаманам будзеш»), «Чорная скрынка» (1833), «Рэгенцтва Бірона» (1834), «Асада Угліча» (1841), «Лейтэнант і паручнік» (1853) і інш. на гіст. тэматыку. Напісаў пародыю на «Мёртвыя душы» М.​Гогаля — «Аповесць пра тое, як панове Петушкоў, Цыплёнкін і Цяцеркін пісалі аповесць» (1843). Аўтар камедыі ў вершах «Класік і рамантык, ці Не ў тым сіла» (1830), кн. «Байкі» (1851), вершаў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. Першы перакладчык на рус. мову «Дон Кіхота» М.​Сервантэса (1838-49).

Тв.:

Соч. Т. 1—5. СПб., 1843—45;

Стрельцы. М., 1994.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ШКАЛЬЦ (Miskolc),

горад на ПнУ Венгрыі, у адгор’ях гор Бюк. Адм. ц. медзьё Боршад-Абауй-Земплен. 178 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Другі па значэнні пасля Будапешта прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: чорная металургія, маш.-буд., цэм., тэкст., шкляная, швейная, дрэваапр., харчовая, буд. матэрыялаў. Політэхн. ін-т. Музеі прыродазнаўства, мастацтва, гісторыі металургіі. Тэатр. Арх. помнікі 13—16 ст. Наваколлі М. з курортамі Лілафюрэд і Тапальца ўваходзяць у нац. парк Бюк. Міжнар. кірмаш.

З 10 ст. ўмацаванае пасяленне венграў. У 1241 зруйнаваны мангола-татарскімі заваёўнікамі. З 15 ст. каралеўскі горад, сталіца камітата Боршад. У 1519 атрымаў шырокія прывілеі; быў адным з цэнтраў Рэфармацыі. У 1596—1686 пад тур. панаваннем. У 19 ст. дзякуючы адкрытым паблізу М. радовішчам жалезнай руды стаў буйнейшым горадам Паўн. Венгрыі.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІ МЯСНЫ́Я, мухі падлавыя,

агульная назва 2 сям. двухкрылых насякомых: М.м. (Calliphoridae) і М.м. (Sarcophagidae). Больш за 2,9 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і ва ўмераных шыротах. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі родаў: акрафага (Acrophaga), каліфара (Calliphora), М.м. зялёныя (Lucilia), М.м. сінія (Cynomyia), паленія (Pollenia), пратаформія (Protophormia) і інш. Найб. трапляюцца М.м.: звычайная (Lucilia caesar), зялёная (L. sericata), шэрая (Sarcophaga carnaria) і інш.

Даўж. да 20 мм. Афарбоўка зялёная, сіняя, цёмна-шэрая, чорная з метал. бляскам. Лічынкі жывуць і кормяцца на трупах жывёл, мясных і рыбных прадуктах, у памыйных ямах; многія — паразіты млекакормячых, птушак, амфібій, малюскаў, насякомых, чарвей. Дарослыя трапляюцца на тых жа субстратах, акрамя таго — на кветках, спелай і пашкоджанай садавіне, выдзяленнях тлей.

А.​В.​Дзерункоў.

Мухі мясныя: 1 — шэрая; 2 — зялёная.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІНСЯ́-ХУЭ́ЙСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН,

на Пн Кітая, па берагах сярэдняга цячэння р. Хуанхэ. Пл. 66,4 тыс. км². Нас. больш за 5 млн. чал. (1998), пераважна кітайцы (каля 70%), хуэй, або дунгане (каля 25%). Адм. ц. — г. Іньчуань. Тэр. раёна занята глыбока парэзаным пласкагор’ем выш. ад 1000 да 2570 м. Клімат кантынентальны, т-ра паветра каля -10 °C у студз., каля 20—25 °C у ліпені. Ападкаў 400—500 мм за год. Пераважае арашальнае земляробства (даліна р. Хуанхэ). Вырошчваюць рыс, пшаніцу, проса, гаалян, кукурузу, лён, цукр, буракі. У стэпах і паўпустынях авечкагадоўля. Здабыча каменнага вугалю, жал. руды, фасфарытаў, нафты. Чорная металургія; тэкст., харч., маш.-буд., радыётэхнічная, электронная, мукамольная прам-сць. Працуюць ГЭС Цынтунся (на р. Хуанхэ), ЦЭС. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Хуанхэ.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.

Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.

А.​А.​Козыр.

Раманаўская парода: 1 — баран; 2 — авечка.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДАЎ (Веньямін Сямёнавіч) (17.12.1914, с. Долінскае Ананьеўскага р-на Адэскай вобл., Украіна — 25.6.1999),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшую афіцэрскую школу пагран. войск (1946). Вучыўся ў Азербайджанскім ун-це (1.949—53). У 1936—62 у Сав. Арміі. З 1965 на Бел. радыё, у 1970—77 у газ. «Вячэрні Мінск». Друкаваўся з 1954. Пісаў на рус. мове. Першая аповесць «Прыгода на N-скай заставе» (1957; на ўкр. мове). Пра жыццё пагранічнікаў раман «Чорная Ганча» (1973), аповесці «Мабілізаваны партыяй» (з П.​Емяльянавым, 1970), «Завіруха» (1977). Раман «Чужыя вятры» (1969) пра падзеі ў Зах. Украіне ў канцы Вял. Айч. вайны. Аўтар раманаў «Скрыжаванне» (1978), «Пераправа» (1988), «На кругі свае» (нап. 1999), аповесцей «Вішнёвая люлька» (1959), «Цьмянае золата» (1961), апавяданняў, нарысаў і інш.

Тв.:

Капкан. Мн., 1984;

Временно исполняющий: Роман и док. повесть. М., 1988.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЎЁЎ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 25.8.1944),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1969). Як рэжысёр дэбютаваў у 1970 навеламі паводле апавяданняў А.​Чэхава «Ад нечага рабіць» і «Прапанова» (у фільме «Сямейнае шчасце»). Для яго творчасці характэрны высокая культура пластычных рашэнняў, тонкасць і дакладнасць перадачы атмасферы, пераасэнсаванне рэчаіснасці, нечаканыя экстравагантныя прыёмы: «Станцыйны наглядчык» (паводле А.​Пушкіна, 1972), «Ягор Булычоў і іншыя» (паводле М.​Горкага, 1973), «Сто дзён пасля дзяцінства» (1975, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Мелодыі белай ночы» (1977, з Японіяй), «Спадчынніца па прамой» (1982), «Выбраныя» (1983, з Калумбіяй) «Аса» (1988), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема любові» (1990), «Дом пад зорным небам» (1992), «Пяшчотны ўзрост» (2000) і інш.

т. 14, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДЗІ́НА (Swida),

род кветкавых раслін сям. кізілавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы, радзей у Еўропе. На Беларусі 1 від — С. крывава-чырвоная (S. sanquinea). Трапляецца на схілах у лісцевых і мяшаных лясах. Больш за 10 відаў прайшлі інтрадукцыйную праверку ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі: С. Амома (S. amomum), белая (S. alba), шаўкавістая (S. sericea) і інш. Выведзена шмат садовых форм.

Лістападныя кусты або дрэвы выш. 1,5—6 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі белыя, у шчытка- ці парасонападобных галоўчатых суквеццях. Плод — сакаўная, чорная або белая касцянка. З насення атрымліваюць тэхн. алей, чырванаватая драўніна ідзе на такарныя вырабы, з галін плятуць кошыкі і маты. Выкарыстоўваюць С. для замацавання пяскоў і схілаў. Дэкар., тэхн., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Свідзіна белая.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́ЛАВА,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёраў. Пл. 8,2 км², даўж. 9,4 км, найб. шыр. 2,2 км, найб. глыб. 16,4 м. Пл. вадазбору 325 км². Даўж. берагавой лініі 38,8 км.

Катлавіна складаная, выцягнутая з У на З, мае некалькі шырокіх плёсаў. Схілы пераважна высокія, месцамі тэрасаваныя, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія, на Пн і ПнЗ зліваюцца са схіламі, там жа озавая града выш. да 30—35 м. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, у паўн.-зах. плёсе камяністае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелевае. 7 астравоў агульнай пл. 0,3 км². Расліннасць у паўн.-зах. і паўд. плёсах утварае паласу шыр. да 200 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ліпна і Чорная Урада, праз воз. цячэ р. Дзіва.

Возера Атолава.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)