ГРЭЧ Мікалай Іванавіч
(14.8.1787, С.-Пецярбург — 24.1.1867),
рускі журналіст, пісьменнік, філолаг. Чл.-кар. Пецярб. АН (1827). У 1812—39 рэдактар-выдавец (з 1826 з Ф.Булгарыным) час. «Сын отечества», які да сярэдзіны 1820-х г. быў звязаны з дзекабрысцкімі коламі, пасля 1825 эвалюцыяніраваў да кансерватызму. У 1831—59 з Булгарыным выдаваў газ. «Северная пчела», якая была пад апекай 3-га аддзялення, што загадвала паліт. наглядам. Аўтар рамана «Чорная жанчына» (1834), першай кн. па гісторыі рус. л-ры «Спроба кароткай гісторыі рускай літаратуры» (1822), «Пачатковых правілаў рускай граматыкі» (1828), мемуараў «Запіскі пра маё жыццё» (поўнасцю выд. 1886). З Булгарыным сатырычна апісаны ў бел. паэме «Тарас на Парнасе».
т. 5, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)