МЮ́ЛЕР ((Müller) Фрыц) (31.3.1821, г. Віндзішгольцгаўзен, каля г. Эрфурт, Германія —21.5.1897),
нямецкі заолаг і эмбрыёлаг, адзін з аўтараў біягенетычнага закону. Скончыў Берлінскі (1844) і Грайфсвальдскі (1849) ун-ты. З 1856 праф. шэрагу навуч. устаноў у Бразіліі, у 1876—91 у Нац. музеі ў Рыо-дэ-Жанейра. Навук. працы па эмбрыялогіі і экалогіі беспазваночных, у т. л. мімікрыі. Высветліў заканамерныя сувязі паміж індывід. і гіст. развіццём жывёл; выкарыстоўваў даныя эмбрыялогіі для пабудовы радаслоўнага дрэва, абгрунтаваў існаванне рэкапітуляцыі, пацвердзіў і развіў многія палажэнні дарвінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРЦАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (23.9.1866, Масква — 19.12.1936),
расійскі біёлаг, заснавальнік эвалюц. марфалогіі жывёл.
Акад. АНСССР (1920) і АН УССР (1925). Сын М.А.Северцава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1890). Вучань М.А.Мензбіра. З 1898 праф. Юр’еўскага, з 1902 Кіеўскага, у 1911—30 Маскоўскага ун-таў. Навук. працы па параўнальнай анатоміі і эмбрыялогіі пазваночных жывёл, заканамернасцях эвалюц. працэсу. Аднавіў філагенет. дрэва ніжэйшых пазваночных, прапанаваў тэорыю філэмбрыягенезу, распрацаваў вучэнне пра біял. прагрэс, тыпы філагенет. змен органаў і функцый. Змену асяроддзя лічыў адзінай прычынай філагенет. пераўтварэнняў. Адкрыў Северцава закон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ЛІЯ (Aralia),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 35 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукавана аралія маньчжурская, або чортава дрэва (A. mandshurica), разводзіцца ў садах і парках.
Невялікія дрэвы або кусты і высокія травы Сцябло густа ўкрытае вострымі калючкамі. Лісце няпарнаперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, жоўта-белыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод — ягадападобная касцянка. Дэкар., харч. расліна. У каранях ёсць эфірны алей, смолы, сапаніны, вітаміны C, B, B1; настой з іх ужываецца як танізоўны сродак (сурагат жэньшэню).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДАРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Badarian),
археалагічная культура неаліту і пач. энеаліту (5 — пач. 4-га тыс. да нашай эры) у даліне р. Ніл. Назва ад паселішчаў і могільнікаў каля в. Бадары ў Сярэднім Егіпце. Насельніцтва займалася матычным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, жыло на адкрытых паселішчах у жытлах з абмазаных глінай дубцоў, сырцу, цыновак. У могільніках — трупапалажэнні людзей і жывёл, загорнутых у цыноўкі. Характэрны карычневы (пазней чырвоны) посуд з чорным верхам. Прылады выраблялі з каменю (наканечнікі стрэл, укладышы сярпоў), дрэва (бумерангі), косці; з’явіліся першыя вырабы з медзі (нажы, шпількі, пацеркі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́НАВЫ,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бабушкіна і Банан зімовы. Раянаваны з 1967 па ўсіх садовых зонах рэспублікі.
Дрэва моцнарослае з прыўзнята-круглаватай кронай. Плоданашэнне пачынае на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы, сярэднеўрадлівы. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), пляската-круглаватыя, саламяна-жоўтага колеру з лёгкім загарам з сонечнага боку. Мякаць шчыльная, сакаўная, прыемнага кісла-салодкага смаку. Дэсертны, спажываецца ў свежым выглядзе, захоўваецца больш за 200 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПО́ЗНЯЯ,
сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення свабоднага апылення сорту Добрая Луіза. Раянаваны па рэспубліцы.
Дрэва сярэднярослае, крона круглаватая, густая. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, сярэднеўстойлівы да паршы і бактэрыяльнага раку. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шурпатая, аранжава-жоўтая з невялікім малінавым румянцам. Мякаць белая, сакаўная, масляністая, салодкая з лёгкай асвяжальнай кіслінкай і пахам, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў кастр.—лютым; захоўваюцца да мая пры т-ры +1 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.
Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБРА́КТА (Bibracte),
галоўны горад стараж. племя эдуяў (цяпер гарадзішча Мон-Бёўрэ за 27 км ад г. Ацён, Францыя). Пл. каля 135 га, умацаваны валам, сцяной з каменю і дрэва, ровам. Раскопкамі выяўлены каменныя падмуркі жытлаў, майстэрняў, багатых віл. Знойдзена шмат керамікі, а таксама позналатэнскія фібулы, манеты, зброя і інш. У 58 да н. э. Юлій Цэзар разбіў тут кельцкае племя гельветаў. Каля 5 да н. э. насельніцтва горада перасялілася ў г. Аўгустадун (цяпер Ацён), у Бібракце да 4 ст.н. э. заставалася яшчэ свяцілішча мясц. багіні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАТУ́Н (Сымон Ціханавіч) (10.5.1937,в. Кавака Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 3.4.1970),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1959). Працаваў журналістам. Друкаваўся з 1956. Аўтар зб-каў вершаў «Раўнавага» (1968), «Радаслоўнае дрэва» (1970), паэмы «Барвянае ляда» (1970), прысвечанай памяці ахвяр Хатыні. Рамантычная ўзнёсласць, шчырасць, задушэўнасць, аптыміст. роздум пра месца чалавека ў жыцці — асн. рысы паэзіі Блатуна. Гумарэскі, сатыр. мініяцюры склалі зб. «Калючая шаткаванка» (1971).
Тв.:
Чысціня: Лірыка;
Гумар;
Пераклады. Мн., 1979.
Літ.:
Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978. С. 146—148;
Макарэвіч В. Трывалае карэнне // Полымя. 1980. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.