НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн. тэхн. сродак навігацыі паветранай і марской навігацыі.

Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец. ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч. прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам. кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.

В.​В.​Латушкін, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЖДА́НАВА (Антаніна Васілеўна) (16.6.1873, г. Адэса, Украіна — 26.6.1950),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог; буйнейшая прадстаўніца рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1936). Герой Працы (1925). Д-р мастацтвазнаўства (1944). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1902, клас У.​Мазеці), з 1943 яе прафесар. З 1902 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1936 педагог студыі Вял. т-ра, пазней Опернай студыі К.​Станіслаўскага. Валодала голасам рэдкага прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яе выкананне вылучалася бездакорным вак. майстэрствам, рэалістычнасцю, прастатой і псіхал. асэнсаванасцю. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа, Снягурачка, Валхава, Шамаханская царыца («Царская нявеста», «Снягурачка», «Садко», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Эльза («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Нінета («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева). Выступала ў т-ры «Гранд-апера» (1912). Вяла канцэртную дзейнасць разам з мужам М.Галаванавым. Творча дапамагала калектыву Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Львов М. А.​В.​Нежданова. М., 1952;

Подольский В. А.​В.​Нежданова и ее ученики. М., 1960;

А.​В.​Нежданова: Материалы и исслед. М., 1967;

Поляновский Г. А.​В.​Нежданова. 2 изд. М., 1976.

І.​В.​Глушакоў.

А.В.Няжданава.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ СІМФАНІ́ЧНАЯ КАПЭ́ЛА РАСІ́І.

Створана ў 1991 у Маскве ў выніку зліцця Дзярж. камернага хору СССР (існаваў з 1971) і Дзярж. сімфанічнага аркестра Мін-ва культуры СССР (існаваў з 1957). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор капэлы В.​Палянскі. Капэла ўяўляе сабой арган. адзінства двух муз. арганізмаў, якія захоўваюць пэўную творчую самастойнасць (маюць уласныя канцэртныя праграмы, гастрольныя планы, здзяйсняюць запісы). Дзякуючы асаблівай сінт. структуры калектыў мае магчымасць выконваць узоры класічнай музыкі — месы і араторыі, рэквіемы і кантаты, прызначаныя для выканання салістамі, хорам і аркестрам, у т. л. «Глорыя» А.​Вівальдзі, «Месія» Г.​Ф.​Гендэля, месы В.​А.​Моцарта і Ф.​Шуберта, рэквіемы Л.​Керубіні, Дж.​Вердзі, Моцарта, І.​Брамса, А.​Брукнера, «Званы» С.​Рахманінава, «Вяселейка» І.​Стравінскага, многія оперы ў канцэртным выкананні. Капэла — першы выканаўца многіх твораў А.​Шнітке, М.​Сідзельнікава, С.​Губайдулінай і інш. Выступленням капэлы ўласцівыя глыбіня інтэрпрэтатарскіх канцэпцый, высокая ансамблевая культура, бездакорнае пачуццё стылю, каларыстычнае багацце гукавой палітры. Аркестр быў створаны як оперна-сімф. аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання (арганізатар і першы маст. кіраўнік С.Самасуд), з 1981 яго ўзначальваў Г.Раждзественскі, пад кіраўніцтвам якога калектыў на высокім узроўні выканаў у канцэртах і запісаў на радыё ўсе сімфоніі Брукнера, Дз.​Шастаковіча, А.​Анегера, Шнітке і інш. Хор (арганізатар і кіраўнік Палянскі) набыў найб. вядомасць пасля ўдзелу ў Міжнар. конкурсе поліфанічных хароў «Гвіда д’Арэца» ў Італіі, дзе стаў лаўрэатам. Яго рэпертуар вялікі і разнастайны, выкананне адметнае высокай вакальна-харавой тэхнікай, прыгожым роўным гучаннем, крышталёвай яснасцю і дакладнасцю інтанавання.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́Д-АЎТАМА́Т,

вытворчы комплекс, які аб’ядноўвае гібкія аўтаматызаваныя цэхі загатовачнай вытв-сці, апрацоўчыя і зборачныя цэхі, аўтаматызаваныя склады матэрыялаў, загатовак, камплектуючых вырабаў з дапамогай транспартна-накапляльнай сістэмы і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСК) вытв-сцю; вышэйшая форма гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Забяспечвае выпуск шырокай наменклатуры аднародных па канструкцыйных і тэхнал. параметрах вырабаў і безынерцыйны пераход на выпуск новай прадукцыі за кошт комплекснай аўтаматызацыі ўсіх асн. і дапаможных тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкі абсталявання, сістэм аўтаматызаванага праектавання (САПР) і кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі.

Узаемадзеянне структурных элементаў З.-а. ажыццяўляецца сродкамі інтэграванай сістэмы кіравання на базе лакальнай вылічальнай сеткі, якая рэалізуе сумеснае выкананне функцый тэхн. і арганізац.-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці, яе планаванне, аператыўнае кіраванне на базе інтэграцыі САПР, АСК міжцэхавага ўзроўню, АСК гібкімі вытворчымі модулямі, гібкімі аўтам. лініямі, участкамі, цэхамі, заводскімі складамі, робататэхнічнымі комплексамі і асобнымі адзінкамі спец. тэхнал. абсталявання. Інфарм. забеспячэнне структурных элементаў АСК З.-а. ўключае сродкі абмену канструктарска-тэхнал., планавай, справаздачнай і нарматыўна-даведачнай інфармацыяй, кіравальнымі праграмамі для станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, данымі аб стане вытв-сці і абсталявання, камандамі і запытамі. Інтэграцыя структурных элементаў інтэграванай АСК З.-а. ажыццяўляецца сродкамі сістэмнага інтэрфейса на аснове адзінай інфарм. базы і уніфікаванага комплексу тэхн., праграмных сродкаў і пратаколаў абмену данымі. Шматузроўневы сістэмны інтэрфейс уключае сістэмныя інтэрфейсы заводскага, цэхавага ўзроўню, узроўню аўтаматызаваных участкаў і аўтам. ліній. У знешняе асяроддзе З.-а. ўваходзяць САПР, аўтаматыз. сістэмы навук. даследаванняў, што функцыянуюць у рамках навукова-вытворчых аб’яднанняў.

Г.​В.​Рымскі.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСТВЫ,

органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц. гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл. Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.

Літ.:

Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;

Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;

Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.

С.​П.​Самуэль.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАЭСЭ́РАЎСКІ МЯЦЕ́Ж 1918,

узброенае антыбальшавіцкае выступленне левых эсэраў у Маскве 6—7 ліп. з мэтай сарваць выкананне Брэсцкага міру 1918, які яны лічылі пагібельным для краіны і рэвалюцыі. 5 ліп. леваэсэраўская фракцыя на 5-м Усерас. з’ездзе Саветаў зрабіла няўдалую спробу правесці рашэнне аб недаверы ўраду У.​І.​Леніна. 6 ліп. левы эсэр Я.Р.Блюмкін забіў герм. пасла В.​Мірбаха. У той жа дзень левыя эсэры арыштавалі 30 бальшавікоў, у т. л. старшыню ВЧК Ф.​Э.​Дзяржынскага, старшыню Массавета П.​Г.​Смідовіча, апіраючыся на свае ўзбр. атрады (больш за 1800 чал.), у ноч на 7 ліп. захапілі цэнтр. тэлеграф, абстралялі з гармат Крэмль і заклікалі інш. часці гарнізона далучыцца да іх. 7 ліп. мяцеж падаўлены. Паводле пастановы ВЧК 8 ліп. 13 актыўных мяцежнікаў расстраляны. Мяцеж падтрымалі мясц. леваэсэраўскія арг-цыі Петраграда, Уладзіміра, Віцебска і некаторых інш. гарадоў. 6 жн. адбыліся мяцяжы ў Оршы (кіраўнік І.І.Буевіч) і Сянно (кіраўнік Дз.Ф.Прышчэпаў). У час следства кіраўнікі левых эсэраў сцвярджалі, што ЦК іх партыі не ставіў за мэту скінуць сав. ўладу і бальшавіцкі ўрад. 27.11.1918 Вярх. рэв. трыбунал асудзіў 13 кіраўнікоў леваэсэраўскай партыі на турэмнае зняволенне ад 1 да 3 гадоў, у т. л. М.А.Спірыдонаву на 1 год (29.11.1918 амнісціравана ВЦВК). Л.м. паставіў партыю левых эсэраў на мяжу катастрофы, яна страціла паліт. ўплыў і дзесяткі тысяч членаў. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў левых эсэраў, якія падтрымлівалі лінію свайго ЦК, са складу Саветаў.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЕ ЧЫТА́ННЕ,

публічнае выкананне твораў л-ры; від эстрады.

Вытокі М.ч. ў мастацтве дэкламацыі Стараж. Грэцыі і Рыма. У жанры М.ч. выступалі вядомыя зах.-еўрап. акцёры [браты Каклен, В.​Дэжазэ (Францыя), І.​Кайнц (Германія), Г.​Ірвінг (Англія) і інш.]. Выразнае вуснае слова — у аснове нар. мастацтва скамарохаў, акынаў, ашугаў. У Расіі як прафес. М.ч. зарадзілася ў 19 ст. на вечарах літ. чытанняў М.​Шчэпкіна. Майстрамі М.ч. былі В.​Качалаў, І.​Масквін, Дз.​Арлоў, І.​Ільінскі і інш.

На Беларусі заснавальнікам М.ч. лічыцца Сімяон Полацкі (у 1656 падрыхтаваў дэкламацыю «Прывітальныя вершы цару Аляксею Міхайлавічу»). У пач. 20 ст. з М.ч. выступалі акцёры т-ра Буйніцкага (А.​Бурбіс, В.​Буйніцкая, П.​Швайка, Я.​Хвеакціст і інш.), у 1920—30-я г. — У.​Галубка (С.​Бірыла, А.​Блажэвіч, В.​Вазнясенскі, Г.​Качынская і інш.). З 1940-х г. М.ч. развіваецца як самастойны від выканальніцтва. Сярод бел. чытальнікаў Р.​Дзідзенка, Г.​Дзягілева, М.​Зорын, М.​Казінін, І.​Лакштанаў, Г.​Рыжкова, А.​Слесарэнка, М.​Шышкін. Па радыё і тэлебачанні з М.ч. выступалі і выступаюць артысты Г.​Глебаў, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, І.​Шаціла, В.​Анісенка, Ф.​Варанецкі, Л.​Давідовіч, П.​Дубашынскі, М.​Захарэвіч, Р.​Маленчанка, В.​Тарасаў, Б.​Уладамірскі, В.​Шушкевіч і інш.

Літ.:

Аксенов В.Н. Искусство художественного слова. 2 изд. М., 1962;

Смоленский Я.М. Искусство звучащего слова. М., 1967;

Каляда А.А. Выразнае чытанне. 3 выд. Мн., 1989.

А.​А.​Каляда.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІ́ЦЫЯ (ад лац. militia войска),

1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Прызначалася для абароны горада пры аблозе.

2) Апалчэнне ў Рас. імперыі ў 1806—07, скліканае ў сувязі з пачаткам вайны -з Францыяй і пагрозай уварвання напалеонаўскіх войск у межы краіны.

3) М. ў Рэспубліцы Беларусь — дзярж. ўзброены праваахоўны орган, прызначаны абараняць жыццё, здароўе, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Як афіц. орган створана ў студз. 1919 [першы атрад М. створаны ў Мінску 4(17)3.1917; узначальваў М.​В.​Фрунзе]. Арг-цыя, парадак дзейнасці, правы і абавязкі М. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» ад 26.2.1991. Задачы М.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі; прадухіленне і спыненне злачынстваў і інш. правапарушэнняў; выяўленне і раскрыццё злачынстваў, вышук асоб, якія іх учынілі; абарона ўсіх форм уласнасці ад проціпраўных замахаў; аказанне дапамогі грамадзянам, дзярж. органам і юрыд. асобам у абароне іх правоў і рэалізацыі ўскладзеных на іх абавязкаў; выкананне крымін. пакаранняў і адм. спагнанняў у межах сваёй кампетэнцыі. Дзейнасць М. заснавана на прынцыпах законнасці, гуманізму, павагі да правоў чалавека, галоснасці, цеснай сувязі з насельніцтвам. Складаецца з крымінальнай ’М., М. грамадскай бяспекі і спец. М. Арганізац. структура, штатная колькасць і пералік пасад М. вызначаюцца ў парадку, што ўстанаўліваецца ўрадам. М. ўваходзіць у сістэму органаў МУС. Кантроль за дзейнасцю М. ажыццяўляюць органы, якія ўтварылі яе, і вышэйстаячыя органы МУС. Нагляд за законнасцю ў дзейнасці М. ажыццяўляе Пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.

Г.​А.​Маслыка.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,

тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст. перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн. гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ прадпісанні, агульнапрызнаныя правілы, прынцыпы, узоры паводзін або дзеянняў індывідаў ці груп у грамадстве. Адлюстроўваюць пазітыўныя (прадпісанні) і негатыўныя (забарона) характарыстыкі дзеянняў. На аснове Н.с. забяспечваюцца ўпарадкаванасць, рэгулярнасць сац. ўзаемадзеянняў індывідаў і груп. Паўтаральнасць сац. узаемадзеянняў дае магчымасць індывідам прадбачыць дзеянні іншых удзельнікаў грамадскіх адносін і паводзіць сябе адпаведна. Мараль і права — найб. важныя сферы нарматыўнай рэгуляцыі паводзін і дзеянняў суб’ектаў грамадскіх адносін (гл. Норма права, Нормы маральныя). Н.с. бываюць універсальныя (датычаць кожнага індывіда ў грамадстве) і прыватныя (датычаць пэўнай сферы дзейнасці, статуснай пазіцыі, сац. ролі і інш.), а таксама неразвітыя, «мёртванароджаныя», нормы-фікцыі і нормы-фантомы. Адрозніваюць Н.с. паводле спосабу фіксацыі (фармальныя і нефармальныя, вусныя і пісьмовыя), ступені абагульненасці (узоры пэўнага дзеяння або агульныя прынцыпы дзейнасці), універсальнасці дзеяння (спецыфічныя або агульназначныя правы і абавязкі). Выкананне Н.с. забяспечваецца шляхам іх інтэрналізацыі (ператварэнне знешніх патрабаванняў ва ўласную звычку, патрэбу), якая адбываецца ў працэсе сацыялізацыі індывіда або за кошт інстытуцыялізацыі (уключэнне ў структуру грамадства) і сац. кантролю. Нарматыўная рэгуляцыя бывае традыцыйнай, калі крытычныя адносіны да Н.с., прынятых у дадзеным грамадстве, недапушчальныя або праследуюцца санкцыямі, і рацыянальнай, калі развіццё і абгрунтаванне новых Н.с. становіцца важнай задачай. Новыя Н.с. павінны адпавядаць аб’ектыўным умовам развіцця эканомікі, навукі, грамадства і інш. Адсутнасць або знікненне Н.с. наз. анаміяй (паводле Э.​Дзюркгейма), іх парушэнне — дэвіяцыяй (гл. Дэвіянтныя паводзіны).

Літ.:

Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;

Плахов В.Д. Социальные нормы: Филос. основания общей теории. М., 1985;

Пеньков Е.М. Социальные нормы: основания общей теории. М., 1985.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)