КОД (франц. code ад лац. codex збор законаў),

сістэма ўмоўных знакаў (сімвалаў) для перадачы, апрацоўкі і захоўвання (запамінання) інфармацыі. Канечная паслядоўнасць кодавых знакаў наз. словам. Бывае К. раўнамерны (словы маюць аднолькавую даўжыню — лік элементаў) і нераўнамерны (розны лік элементаў, напр., К.Морзе).

Выбар К. вызначаецца ўмовамі перадачы, апрацоўкі і захоўвання інфармацыі, эфектыўным выкарыстаннем канала сувязі, забеспячэннем перашкодаўстойлівасці перадачы і інш. (гл. Кадзіраванне). К. у вылічальнай тэхніцы — сістэма ўмоўных знакаў для адлюстравання інфармацыі ў ЭВМ. Фіз. форма К. залежыць ад носьбіта інфармацыі, (напр., на перфакартах гэта спалучэнне прабітых і непрабітых участкаў, на магн. носьбітах (дысках, стужках, барабанах) — выбарачнае намагнічванне ўчасткаў. Найб. пашыраныя двайковыя пазіцыйныя К. (гл. Двайковая сістэма лічэння). Для спрашчэння алгарытмаў выканання арыфм. аперацый выкарыстоўваюць К. прамы (напр., у запамінальных прыладах), адваротны (дапаўненне да 1) і дадатковы (дапаўненне да 2; выкананне арыфм. ці інш. аперацый над лікамі).

М.П.Савік.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)