наступальная аперацыя войск Зах. фронту Сав. Расіі 4—23 ліп. ў савецка-польскую вайну 1920. Задача аперацыі — разгром сіл Паўн.-Усх. фронту Польшчы і вызваленне Беларусі. У пач. ліпеня войскі Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) у складзе 3-й, 4, 15, 16-й армій і Мазырскай групы войск мелі 81 тыс. штыкоў, 10,5 тыс. шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў. Паўн.-Усх. фронт Польшчы (каманд.ген. С.Шаптыцкі) складаўся з 1-й, 4-й армій і Палескай групы, налічваў каля 72 тыс. штыкоў і шабляў.
Гал. ўдар наносілі 4, 15 і 3-я арміі з Полацка-Лепельскага р-на на Свянцяны з тым, каб акружыць і знішчыць гал. сілы праціўніка ў раёне Глыбокае—Докшыцы. 4 ліп. ўдарная групоўка перайшла ў наступленне; 4-я армія прарвала фронт праціўніка, 5 ліп. заняла Германавічы. Часці і злучэнні 15-й арміі наступалі ўздоўж чыг. Полацк—Маладзечна, 4 ліп. яны прасунуліся на 15—20 км, 5 ліп. вызвалілі Глыбокае; 3-я армія фарсіравала р. Бярэзіна і заняла Докшыцы, 6-га ліп. — Параф’янава. У ноч на 7 ліп. ў наступленне перайшла 16-я армія, якая пасля фарсіравання р. Бярэзіна дзейнічала ў напрамку Ігумен—Мінск. Мазырская група вяла баявыя дзеянні з 19 чэрв.; 29 чэрв. яна вызваліла Рэчыцу і Мазыр, 10 ліп. — Бабруйск, 9 ліп. 3-і конны корпус — Свянцяны, 11 ліп. 16-я армія — Мінск, 15-я армія — Маладзечна.
12 ліп. Антанта прад’явіла сав. ўраду ультыматум (т.зв. ноту Керзана) з патрабаваннем спыніць наступленне войск Зах. фронту. Але паколькі польскі ўрад не звярнуўся з прапановай мірных перагавораў, сав.бок адхіліў ультыматум і прыняў рашэнне працягваць наступленне. 17 ліп. 15-я армія вызваліла Ліду, 19 ліп. 4-я армія — Гродна, 16-я армія — Баранавічы. Завяршылася аперацыя 23 ліп. вызваленнем Пінска часцямі Мазырскай групы. За 20 дзён войскі Зах. фронту прасунуліся больш чым на 300 КМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКІ (Мікалай Ануфрыевіч) (6.12.1870, г. Краслава, Латвія — 24.1.1965),
філосаф, заснавальнік інтуітывізму, прадстаўнік персаналізму ў Расіі. Атрымаў адукацыю ў Пецярбургскім ун-це (1891—98), скончыўшы фізіка-матэм. і гісторыка-філал. ф-ты. Д-р філасофіі (1907). З 1916 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1922 высланы за мяжу. Выкладаў ва ун-тах Прагі, Брно, Браціславы (да 1945). У 1946 пераехаў у ЗША (праф. філасофіі Свята-Уладзіміраўскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку, 1947—50). У аснову тэорыі пазнання Л. пакладзена сістэма т.зв. інтэгральнага інтуітывізму — любы прадмет пазнаецца шляхам інтуіцыі (інтэлектуальнай, пачуццёвай, містычнай) у залежнасці ад характару аб’екта. У вучэнні аб быцці (анталогіі) зыходзіў з таго, што свет складаецца з мноства субстанцый — звышпрасторавых і звышчасавых ідэальных асоб, «субстанцыянальных дзеячаў», падобна паняццю манады Г.Лейбніца, якія звязаны паміж сабой і звышсусв. пачаткам (Богам) і ўтвараюць вышэйшую сферу свету — Царства Божае, або Царства гармоніі. У сваіх этычных працах развіваў анталагічную тэорыю каштоўнасцей, паводле якой абс. каштоўнасці ўвасоблены ў «паўнаце быцця», У Богу; грамадства, у якім знікаюць уяўленні аб вышэйшых каштоўнасцях і ідэалах, становіцца арэнай неўтаймаванага эгаізму і маральнага хаосу, што вядзе да ўзаемнага непаразумення і бязлітаснасці, росту злачыннасці, духоўнаму збядненню ўнутр. свету асобы. На яго думку, у рамках маральнага прагрэсу, які падымае сусв. істоты на больш высокія ступені дасканаласці, адбываецца і маральны рэгрэс — працэс аддалення ад Бога носьбітаў «сатанінскай прыроды»; у гісторыі адбываецца рух «ад нуля» ў бокабс. дабра і адноснага зла, прамежкавых фаз на шляху прагрэсу да больш высокіх форм боскага дабра і справядлівасці.
Тв.:
Свобода воли. Париж, 1927;
Избранное. М., 1991;
Условия абсолютного добра. М., 1991;
Чувственная, интеллектуальная и мистическая интуиция. М., 1995.
Літ.:
Старченко Н.Н. Мир, интуиция и человек в философии Н.О.Лосского. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ЛЬ (франц. morale ад лац. moralis маральны, духоўны),
асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); адзін з асн. спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве. Узнікла на ранніх ступенях развіцця чалавечага грамадства і выяўлялася ў розных маральных сістэмах, якія развіваліся і змянялі адна адну. Рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх сферах яго грамадскага жыцця — у працы, побыце, палітыцы, навуцы, сям’і, унутрыгрупавых, міжнар. адносінах, а таксама яго адносіны з прыродай. Адлюстроўвае цэласную сістэму поглядаў на сац. жыццё, якая змяшчае разуменне сутнасці грамадства, гісторыі, чалавека і яго быцця. Уяўляе сабой усведамленне людзьмі грамадска неабходнага тыпу паводзін і іх рэалізацыю ў свабодных дзеяннях з апорай на ўласныя перакананні і грамадскую думку. Нормы М. пастаянна абнаўляюцца з улікам гіст. традыцый, духоўнай і нац.-культ. спадчыны, жаданняў людзей. У М. вял. роля належыць індывід. свядомасці (уласныя перакананні, матывы, самаацэнка), якія дазваляюць чалавеку кантраляваць свае дзеянні, самастойна вызначаць сваю лінію паводзін у грамадстве. У разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца ўчынкі. Напр., эканам. рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; ‘нормы права замацоўваюцца ў афіц. заканадаўстве; адм. формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіц. паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні М. кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях М. з’яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. Ён не звязаны з афіц. паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. У адрозненне ад звычаяў, нормы М. набываюць сэнс агульначалавечых каштоўнасцей і прынцыпаў і падтрымліваюцца ў выніку заведзенага і агульнапрынятага парадку.
Літ.:
Мораль, сознание и поведение. М., 1986;
Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990;
Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЭ́НАС-А́ЙРЭС (Buenos Aires),
горад, сталіца Аргенціны. Размешчаны на раўніне, на паўд. беразе эстуарыя Ла-Платы, за 275 км ад Атлантычнага ак. Утварае самаст.адм. адзінку — федэральную акругу. Каля 3 млн.ж.; разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю пл. каля 3,9 тыс.км² з нас. каля 12 млн.ж. (1993). Гал.трансп. вузел краіны: экспарт мяса, шэрсці, збожжа, імпарт прамысл. абсталявання, руд, вугалю, нафты. Марскі порт, пач. пункт рачнога суднаходства на Паране і Уругваі; адыходзяць 18 чыгунак, шматлікія аўтадарогі. Міжнар. аэрапорт Эсейса, 2 аэрадромы. Буйнейшы эканам. цэнтр краіны: дае каля 60% прамысл. прадукцыі, забяспечвае каля 75% абароту знешняга гандлю. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (асабліва аўтамаб.), эл.-тэхн., электронная, нафтаперапр., суднабуд., харч. (мясахаладабойная, піваварная, мясакансервавая), шкловая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная. Метрапалітэн.
Засн. ў 1536 ісп. канкістадорамі, якія пад націскам індзейцаў у 1541 спалілі і пакінулі горад. У 1580 адноўлены. З 1617 сталіца губернатарства, з 1776 віцэ-каралеўства Ла-Плата. Адзін з цэнтраў Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. У 1816—26 сталіца Аб’яднаных правінцый Ла-Плата, з 1829 — правінцыі Буэнас-Айрэс, з 1862 часовая, з 1880 афіц. сталіца Аргенціны.
Побач з сучаснымі шматпавярховымі будынкамі, у т. л. небаскробамі, некаторыя вуліцы і агульная забудова горада захавалі рысы архітэктуры калан. перыяду з гал. плошчай, адкрытай у бок мора, і прамавугольнай сеткай вуліц. Помнікі калан. перыяду: ратуша (кабільда, 1725—65, арх. А.Бланкі, Х.Б.Прымалі), царква Сан-Ігнасіо (1710—34, арх. Х.Краўс, Бланкі). Сярод пабудоў 20 ст. будынак кангрэса і т-р «Калон» (пач. 20 ст., арх. В.Маэна), т-р «Сан-Марцін» (1953—60), «Банк оф Лондан энд Саўт Амерыка» (1960—66)
У Буэнас-Айрэсе 9 ун-таў (старэйшы з 1821), кансерваторыя і інш. Акадэмія навук. Музеі: Нац. гістарычны, Этнаграфічны, Нац. прыгожых мастацтваў і інш.Нац.б-ка, Б-ка кангрэса. Оперны тэатр «Калон».
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Да арт.Буэнас-Айрэс. Оперны тэатр «Калон». Арх. В.Маэна. 1908.У цэнтры Буэнас-Айрэса.Да арт.Буэнас-Айрэс. Авеніда 9 Ліпеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Бабруйску і Бабруйскім раёне; налічвала 29 груп, больш за 500 чал. Групы ўзначальвалі М.Р.Баглай, П.С.Вашукевіч, А.К.Калеснікаў і Я.І.Савацееў, В.С.Калеснікаў, Д.М.Лемяшонак, П.Ф.Маслёнак і В.І.Бутараў, П.М.Сцяржанаў, І.В.Стомаў (з крас. 1942 Я.Е.Царык) і С.Г.Акуліч, А.Ф.Фальковіч і інш., а таксама б. ваеннаслужачыя (групы С.З.Крамнёва, В.І.Лівенцава, А.Н.Сумбаева, І.А.Хімічова, К.М.Якаўлева). Апрача Бабруйска, падп. групы дзейнічалі на ст. Мошны, у р.п. Глуша, у вёсках Брожа, Варатынь, Васілеўка, Восава, Гарбацэвічы, Казакова, Каралёва Слабада, Кругланіва, Фартуны, Цялуша, Чыкілі, Шчаткава, Панюшкавічы і інш. Падпольшчыкі выводзілі са строю абсталяванне на лесакамбінаце, хлебазаводзе, электрастанцыі, здабывалі і выраблялі дакументы, пячаткі, мелі радыёпрыёмнікі, фоталабараторыю; учынялі дыверсіі на суднарамонтным і шпаларэзным з-дах, на радыёзаводзе; вялі прапаганду ў варожых фарміраваннях (70 ням. салдатаў у 1943 са зброяй перайшлі на бок партызанаў); перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, узрыўчатку, прадукты, медыкаменты, звесткі разведкі; арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера смерці, ратавалі насельніцтва ад вывазу ў Германію. У друкарні акупантаў яны друкавалі лістоўкі, бланкі пропускаў, прадуктовыя карткі, пазней вынеслі з яе шрыфт і інш. абсталяванне, з якога ў студз. 1942 партызаны наладзілі выпуск лістовак і адозваў да насельніцтва. У снеж. 1941 акупанты раскрылі некалькі падп. груп, у студз. 1942 частка падпольшчыкаў пад пагрозай правалу пайшла да партызанаў. Некат. падп. групы, звязаныя са штабамі часцей Чырв. Арміі, рэгулярна забяспечвалі іх інфармацыяй пра колькасць, дыслакацыю і ўзбраенне часцей праціўніка. У 2-й пал. 1943 баявая дзейнасць падпольшчыкаў узмацнілася, створаны новыя падп. групы (на чыг. вузле, электра- і тэлефоннай станцыях). Восенню 1943 патрыёты ўзарвалі воінскі эшалон з жывой сілай і баявой тэхнікай праціўніка, цэментны з-д, падпалілі казармы. У Бабруйску помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.
Да арт.Бабруйскае патрыятычнае падполле. Помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс.чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс.чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАТРАПІ́Я (ад грэч. anisos неаднолькавы + tropos напрамак),
1) у фізіцы — залежнасць фіз. (мех., аптычных, магн. і інш.) уласцівасцяў рэчыва ад напрамку. Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцяў (напр., вадкіх крышталёў) тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул. У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напр., драўніна) або штучнай тэкстуры (напр., пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія мех. уласцівасцяў). Анізатрапія многіх уласцівасцяў крышталёў, напр. лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцяў, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж гал. восі сіметрыі і ўпоперак да яе. Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі. Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напр., у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, эл. поля, магн. поля (гл.Катона—Мутона эфект, Фарадэя эфект).
2) А. ў геалогіі абумоўлена мікраслаістасцю, упарадкаванай арыентацыяй зерняў і крышталёў і мікратрэшчынаватасцю горных парод і мінералаў. Крышталі розных мінералаў выяўляюць анізатрапію розных уласцівасцяў: слюды — аптычных, мех. (спайнасці, пругкасці, трываласці); дыстэну — цвёрдасці; кварцу, турмаліну — аптычных, п’езаэлектрычнага эфекту; магнетыту — ферамагнітных; кальцыту — аптычных. Анізатрапія некаторых мінералаў выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні. Анізатрапія масіваў горных парод вызначаецца ўпарадкаванымі лінейнымі ці плоскаснымі элементамі будовы (стратыфікаваныя асадкавыя і метамарфічныя тоўшчы горных парод з лінейна арыентаванымі структурамі, слаістасцю, макратрэшчынаватасцю і інш.). Пры горных работах найб. значэнне маюць дэфармацыйныя ўласцівасці парод.
3) У батаніцы — здольнасць розных органаў адной і той жа расліны займаць рознае становішча пры аднолькавым ўздзеянні пэўнага фактара вонкавага асяроддзя. Напр., пры бакавым асвятленні расліны яе верхавінка выгінаецца ў бок крыніцы святла, а лісцевыя пласцінкі займаюць перпендыкулярнае напрамку прамянёў становішча.
Літ.:
Шаскольская М.П. Очерки о свойствах кристаллов. 2 изд. М., 1978;
Сиротин Ю.М., Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭ́НА (ад лац. antenna рэя),
прыстасаванне для выпрамянення і прыёму электрамагнітных хваляў, адзін з асн. элементаў ліній радыёсувязі. Перадавальная антэна пераўтварае энергію эл.-магн. ваганняў, засяроджаную ў выхадных вагальных ланцугах радыёперадатчыка, у энергію радыёхваляў. Прыёмная антэна выконвае адваротнае пераўтварэнне энергіі радыёхваляў у энергію ВЧ-ваганняў і аддзяляе карысны сігнал ад перашкод. У большасці перадавальных антэн інтэнсіўнасць выпрамянення залежыць ад напрамку (накіраванасць выпрамянення), што павышае напружанасць эл.-магн. хвалі ў бокнайб. выпрамянення (раўназначная эфекту, выкліканаму павышэннем выпрамяняльнай магутнасці); вызначаецца каэфіцыентам накіраванага дзеяння (КНДз). Залежнасць напружанасці эл. поля ад напрамку назірання графічна адлюстроўваецца дыяграмай накіраванасці (ДН). Звычайна ДН мае многапялёсткавы характар (вынік інтэрферэнцыі выпрамянення ад асобных элементаў антэны); адрозніваюць гал. пялёстак і бакавыя. Чым большыя памеры антэны ў параўнанні з даўжынёй хвалі, тым вузейшы гал. пялёстак, большы яго КНДз і большая колькасць бакавых пялёсткаў. Асн. характарыстыкі антэны (ДН, КНДз і ўваходнае супраціўленне, што характарызуе ўзгадненне антэны з лініяй перадачы) аднолькавыя ў рэжымах перадачы і прыёму. Паводле канструкцыі і прынцыпу работы антэны бываюць: бягучай хвалі антэна, дыяпазонная антэна, рамачная антэна, хваляводна-рупарная антэна, люстраная антэна, вібратарная, шчылінная, лінзавая, антэнная рашотка і інш.
Вібратарная антэна — праваднік даўжынёй L = 0,5λ, дзе λ — даўж. хвалі; КНДз=1,64, для яго павелічэння звычайна выкарыстоўваюць многавібратарныя антэны (гл.Тэлевізійная антэна), выкарыстоўваюць ва ўсіх дыяпазонах радыёхваляў. Шчылінная антэна — метал. экран з прамавугольнымі адтулінамі; выкарыстоўваюць у дыяпазоне ЗВЧ. Лінзавая антэна складаецца з абпрамяняльніка (вібратарная, шчылінная або інш. антэны) і дыэлектрычнай лінзы, якая факусіруе хвалю ў вузкі прамень; КНДз да 104; выкарыстоўваецца ў радыёлакацыйных і вымяральных устаноўках. Антэнная рашотка — сістэма слабанакіраваных антэн, якія ў рэжыме перадачы далучаюцца да агульнага генератара праз сістэму размеркавання магутнасці, у рэжыме прыёму — да агульнага прыёмніка; КНДз прыблізна роўны здабытку КНДз асобнага выпрамяняльніка і іх колькасці. Асаблівасць — магчымасць павароту ДН адносна самой рашоткі (эл. сканіраванне), што дасягаецца зменай рознасці фазаў паміж суседнімі выпрамяняльнікамі з дапамогай спец. фазавярчальнікаў па камандах ЭВМ.
А.А.Юрцаў.
Антэна лінзавая і яе дыяграмы накіраванасці (ДН).Антэна вібратарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС),
Беларуская самаахова, ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял.Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал.ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач.жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,
працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.
Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз,хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд.т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн.т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн.т пестыцыдаў.
На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.