НЕЙ, Нэй (Ney) Мішэль (10.1.1769, г. Саарлуі, Германія — 7.12.1815), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Эльхінгенскі (1808), князь Маскоўскі (1812). У арміі з 1787. Вылучыўся ў 1794—95 у час войнаў, якія вяла рэв. Францыя. Камандаваў дывізіяй (з 1800), франц. войскамі ў Швейцарыі (з 1802), 6-м (1805—11) і 3-м (1811—14) карпусамі. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў, у т.л. рус.-аўстра-франц. вайны 1805 (перамог аўстр. войскі ў раёне Эльхінгена каля г. Ульм, Баварыя), вайны 1812 (Смаленская і Барадзінская бітвы, баі пад Красным, Оршай і інш.). У 1814 прызначаны каралём Людовікам XVIII Бурбонам пэрам Францыі і чл. Ваен. савета. У перыяд «Ста дзён» (1815) перайшоў на бок Напалеона I Банапарта, узначальваў старую гвардыю ў бітве каля Ватэрлоо. Пасля вяртання Бурбонаў арыштаваны і паводле прыгавору суда расстраляны за здраду каралю. Аўтар мемуараў (т. 1—2, апубл. ў 1833).
Літ.:
Виноградов А Род французских «князей Московских» // Родина. 1992. № 6/7.
т. 11, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)