хімічнае рэчыва (матэрыял), у саставе якога ёсць радыенукліды. Небяспечныя для чалавека (гл.Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Радыеактыўнае забруджванне).
Паводле радыетаксічнасці ўсе радыенукліды падзяляюць на 4 групы. Група А — асабліва небяспечныя для чалавека радыенукліды цяжкіх элементаў (напр., палоній-210, ізатопы плутонію з масавымі лікамі 238—240, 242, 244), ядры якіх здольныя да спантаннага дзялення ці альфа-распаду, маюць параўнальна вялікія перыяды паўраспаду і могуць назапашвацца ў жыццёва важных органах чалавека. Радыенукліды з высокай (стронцый-90, ёд-131, цэрый-144, радый-224, торый-227, уран-235 і інш.), сярэдняй (натрый-22, фосфар-32, кальцый-45, жалеза-59, кобальт-60, цэзій-137 і інш.) і малой радыетаксічнасцю (вуглярод-14, вадарод-3 і інш.) адносяцца да груп Б, В і Г адпаведна. Работа з Р.р. рэгламентуецца нормамі радыяцыйнай бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДО́ЛЬФ II Габсбург (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл.Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА РАЎНКІЕ́РА,
экалагічная класіфікацыя раслін, заснаваная на месцазнаходжанні пупышак узнаўлення ў адносінах да паверхні глебы і наяўнасці адпаведных прыстасаванняў для перажывання неспрыяльнай пары года (зімы або засушлівага перыяду). Прапанавана дацкім эколагам і геабатанікам К.Раўнкіерам (1905, 1907). Адпаведна С.Р. адрозніваюць 6 груп жыццёвых форм раслін: эпіфіты — расліны, якія не маюць каранёў у глебе; фанерафіты — надземныя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на парастках, размешчаных вертыкальна; хамефіты — паверхневыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над зямлёй; гемікрыптафіты — расліны, што ўтвараюць дзірван, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на ўзроўні глебы ці пад яе паверхняй; крыптафіты — расліны, або іх часткі (клеткі), у якіх зімой пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); тэрафіты — аднагадовыя расліны, у якіх жыццёвы цыкл заканчваецца за адзін вегетацыйны сезон (неспрыяльную пару года перажываюць у выглядзе насення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОНу выяўленчым мастацтве,
зыходны прасцейшы элемент святлаценю ў натуры і маст. творы; ступень асвятлення і святлонасычанасці асобнага ўчастка прадмета і г.д. У творах жывапісу і графікі ствараецца прапарцыянальная прыроднай, багатая адценнямі шкала, у якой выбар святлоценявога Т. вызначаецца сістэмай адносін паміж Т., што стварае выразнасць святлаценю ў цэлым. Таксама зыходны элемент колеру ў прыродзе і каларыту ў творах мастацтва: якасць кожнага колеравага адцення, адпаведна асобнага ўчастка натуры або выявы ў суадносінах да асн. колераў спектра (напр., лімонна-жоўты, вогненна-чырвоны). У сістэме жывапісу колеравыя Т. непадзельна звязаны з адпаведнай ёй сістэмай святлоценявых Т. Агульны Т. — колеравы строй маст. твора або матыву, асн. адценне, якое абагульняе і падпарадкоўвае сабе ўсе колеры карціны і вызначае адзінства каларыту. Фарбы ў такім «танальным» жывапісе аб’ядноўваюцца агульным Т. (напр., серабрыстым, залацістым, цёплым, халодным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАПА́РА,
тэрмаадчувальны элемент з 2 паслядоўна злучаных метал. праваднікоў ці паўправаднікоў (гл.Тэрмаэлемент). Дзеянне заснавана на Зеебека з ’яве.
Калі месцы злучэнняў (кантакты) электраправодных элементаў знаходзяцца пры розных т-рах, то ў ланцугу Т. ўзнікае тэрмаэлектрарухальная сіла, тым большая, чым большая рознасць т-р кантактаў. У спалучэнні з электравымяральнымі прыладамі (мілівальтметрам, патэнцыяметрам і інш.) Т. ўтварае тэрмаэл. тэрмометр (пры вымярэнні т-ры адзін з кантактаў вытрымліваецца пры пастаяннай т-ры; дыяпазон т-р, якія вымяраюцца, залежыць ад матэрыялаў тэрмаэлектродаў — 4—2800 К). Выкарыстоўваюцца таксама ў аўтаматызаваных сістэмах кіравання тэхнал. працэсамі.
Уключэнне тэрмапары ў вымяральны ланцуг: а — вымяральная прылада 1 падключана злучальнымі правадамі 2 да канцоў тэрмаэлектродаў 3 і 4; б — у разрыў тэрмаэлектрода 3; T1 і T2 — тэмпературы адпаведна «гарачага» і «халоднага» кантактаў тэрмапары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМЕ́ЖАНЫЯ І АКРЭ́СЛЕНЫЯ ФІГУ́РЫў элементарнай геаметрыі.
Многавугольнік наз.ўмежаным у выпуклую крывую, калі ўсе яго вяршыні належаць гэтай крывой, і акрэсленым,
калі ўсе яго стораны — датычныя прамыя да яе; крывая адпаведнаназ. акрэсленай ці ўмежанай. У трохвугольнік можна ўмежыць, а вакол яго акрэсліць адзіную акружнасць; цэнтр акрэсленай акружнасці супадае з пунктам перасячэння перпендыкуляраў да старон трохвугольніка, праведзеных праз іх сярэдзіны, а цэнтр умежанай — з пунктам перасячэння бісектрыс трохвугольніка. Для чатырохвугольніка ўмежаная (акрэсленая) акружнасць існуе, калі выконваецца ўмова: AB+CD=AD+BC (α+β=180°). Такія фігуры разглядаюць і ў прасторы. Гл. таксама Паскаля тэарэма.
А.А.Гусак.
Да арт.Умежаныя і акрэсленыя фігуры: 1 — трапецыя, умежаная ў парабалу; 2 — чатырохвугольнік, акрэслены вакол акружнасці; 3 — паралелепіпед, умежаны ў сферу; 4 — сфера, умежаная ў конус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРЫ́ТЫ (ад лац. ferrum жалеза),
хімічныя злучэнні аксіду жалеза з аксідамі пераходных і рэдказямельных элементаў; неметалічныя цвёрдыя магнітныя матэрыялы. Большасць Ф. — ферымагнетыкі. Характарызуюцца вял. намагнічанасцю, малымі электраправоднасцю і стратамі на віхравыя токі.
Адрозніваюць: Ф.-шпінелі, Ф.-гранаты, артаферыты, гексаферыты (з крышт. рашоткай тыпу мінералаў шпінелі, гранату, пераўскіту і гексаганальнай крышт. рашоткай, адпаведна). Выкарыстоўваюцца ў радыётэхніцы (ферытавыя антэны, асяродкі радыёчастотных контураў), у ЗВЧ-тэхніцы (вентылі і цыркулятары), у выліч. тэхніцы (элементы аператыўнай памяці), як магн. асяроддзе для верт. запісу гуку і відарыса, для вырабу невял. паст. магнітаў і інш.
Літ.:
Структура и свойства ферритов. Мн., 1974;
Крупичка С. Физика ферритов и родственных им магнитных окислов: Пер. с нем. Т. 1—2. М. 1976;
Летюк Л.М., Журавлев Г.И. Химия и технология ферритов. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАД (Tchad, Chad),
бяссцёкавае возера ў Цэнтр. Афрыцы (у сумежных раёнах Нігерыі, Нігера, Чада і Камеруна), на выш. 240 м. Даўж. 270 км, шыр. да 150 км. Пл. ад 10 да 26 тыс.км² (у залежнасці ад шматгадовых ваганняў сцёку ў Ч.), глыб.адпаведна 4—11 м. У эпохі павышэння вільготнасці клімату (апошняе 5—6 тыс.г. назад) пл. возера дасягала да 400 тыс.км². Зах. і паўд. берагі нізкія, б.ч. забалочаныя; паўн.-ўсх. і ўсх. моцна парэзаныя, каля іх шматлікія астравы. У Ч. упадаюць рэкі Шары і Камадугу-Іобе. У месцах упадзення рэк вада ў возеры прэсная, на астатняй ч. — слаба саланаватая. У Ч. значны падземны адток, які дае жыўленне грунтавым водам прылеглых раёнаў. Водзяцца ламанціны, бегемоты, кракадзілы; шмат водных і балотных птушак. Рыбалоўства. Суднаходства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),
вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведнагастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ ГРУЗ,
наяўнасць у папуляцыі (віду) лятальных і інш. адмоўных мутацый, якія пры пераходзе у гомазіготны стан выклікаюць гібель асобін або зніжэнне іх жыццяздольнасці; у шырокім сэнсе — зніжэнне (сапраўднае або патэнцыяльнае) прыстасаванасці папуляцыі, што ўзнікае пры наяўнасці генетычнай зменлівасці. Тэрмін увёў амер. генетык Г.Мёлер у 1940-я г. Крыніцамі генетычнага грузу служаць мутацыйныя і сегрэгацыйныя працэсы. Адпаведна адрозніваюць мутацыйны, збалансаваны (сегрэгацыйны) і субстытуцыйны (пераходны) генетычны груз. Кожная папуляцыя нясе ў сабе генетычны груз, частка якога адбываецца за кошт паўторнай мутацыі, частка — за кошт эфекту звышдамінавання. У абодвух выпадках гомазіготы (гл.Гомазіготнасць) маюць адмоўнае праяўленне. Аднак паняцце шкоднасці мутацый адноснае, таму што генетычны груз можа адначасова быць і генетычным рэзервам эвалюцыі дзякуючы падтрымцы генетычнай разнастайнасці папуляцый. Вывучэнне генетычнага грузу ў выглядзе шкодных мутацый у чалавека (спадчынныя хваробы) мае важнае значэнне для вырашэння практычных пытанняў мед. генетыкі.