ЧАД (Tchad, Chad),
бяссцёкавае возера ў Цэнтр. Афрыцы (у сумежных раёнах Нігерыі, Нігера, Чада і Камеруна), на выш. 240 м. Даўж. 270 км, шыр. да 150 км. Пл. ад 10 да 26 тыс. км² (у залежнасці ад шматгадовых ваганняў сцёку ў Ч.), глыб. адпаведна 4—11 м. У эпохі павышэння вільготнасці клімату (апошняе 5—6 тыс. г. назад) пл. возера дасягала да 400 тыс. км². Зах. і паўд. берагі нізкія, б.ч. забалочаныя; паўн.-ўсх. і ўсх. моцна парэзаныя, каля іх шматлікія астравы. У Ч. упадаюць рэкі Шары і Камадугу-Іобе. У месцах упадзення рэк вада ў возеры прэсная, на астатняй ч. — слаба саланаватая. У Ч. значны падземны адток, які дае жыўленне грунтавым водам прылеглых раёнаў. Водзяцца ламанціны, бегемоты, кракадзілы; шмат водных і балотных птушак. Рыбалоўства. Суднаходства.
т. 17, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)