ФЕРЫ́ТЫ (ад лац. ferrum жалеза),
хімічныя злучэнні аксіду жалеза з аксідамі пераходных і рэдказямельных элементаў; неметалічныя цвёрдыя магнітныя матэрыялы. Большасць Ф. — ферымагнетыкі. Характарызуюцца вял. намагнічанасцю, малымі электраправоднасцю і стратамі на віхравыя токі.
Адрозніваюць: Ф.-шпінелі, Ф.-гранаты, артаферыты, гексаферыты (з крышт. рашоткай тыпу мінералаў шпінелі, гранату, пераўскіту і гексаганальнай крышт. рашоткай, адпаведна). Выкарыстоўваюцца ў радыётэхніцы (ферытавыя антэны, асяродкі радыёчастотных контураў), у ЗВЧ-тэхніцы (вентылі і цыркулятары), у выліч. тэхніцы (элементы аператыўнай памяці), як магн. асяроддзе для верт. запісу гуку і відарыса, для вырабу невял. паст. магнітаў і інш.
Літ.:
Структура и свойства ферритов. Мн., 1974;
Крупичка С. Физика ферритов и родственных им магнитных окислов: Пер. с нем. Т. 1—2. М. 1976;
Летюк Л.М., Журавлев Г.И. Химия и технология ферритов. Л., 1983.
Л.А.Башкіраў.
т. 16, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)