МАРТЫНЕ́НКА Алег Рыгоравіч (н. 12.3.1936, г. Краматорск, Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1989), д-р тэхн. н. (1973), праф. (1978). Скончыў Чэшскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1959, Прага). З 1963 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (з 1966 заг. лабараторыі і нам. дырэктара, з 1988 дырэктар). Навук. працы па аэратэрмаоптыцы, асімптатычных метадах канвектыўнага цепла- і масаабмену, газадынаміцы віхравых атм. утварэнняў, метадах разліку цеплаабменных апаратаў і прылад. Выявіў анамальны эфект у цеплаперадачы пры турбулентным працяканні вадкасці ў каналах складанай формы, устанавіў заканамернасці эвалюцыі дысіпатыўных структур, эфект «адмоўнай вязкасці». З 1974 сурэдактар ад СССР час. «International Jornal of Heat and Mass Transfer» («Міжнародны часопіс па цепла- і масаабмену»), з 1988 гал. рэдактар «Инженерно-физического журнала».
Тв.:
Введение в теорию конвективных газовых линз. Мн., 1972 (разам з П.М.Калеснікавым, В.Л.Калпашчыкавым);
Асимптотические методы в теории свободно-конвективного теплообмена. Мн., 1979 (разам з А.А.Беразоўскім, Ю.А.Сакавішыным).
т. 10, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ АСВЕ́ТА»,
штомесячны навук.-пед. часопіс. Выдаецца з чэрв. 1924 у Мінску на бел. мове. У 1924—29 наз. «Асьвета», 1930—36 «Камуністычнае выхаванне», 1937—39 «Кансультацыя настаўніку», 1940—41 і 1948—59 «Савецкая школа». У студз. 1960 аб’яднаны з час. «У дапамогу настаўніку» (выд. з 1945), выходзіць пад сучаснай назвай. Асвятляе пытанні пед. тэорыі і практыкі, дзейнасць устаноў і органаў адукацыі, арганізацыі навуч.-выхаваўчага працэсу ў агульнаадук., сярэдняй спец. і вышэйшай школах, дзіцячых пазашкольных выхаваўчых установах, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі пед. работнікаў і інш. Аказвае навук. і метадычную дапамогу пед. грамадскасці Беларусі па адраджэнні нац. сістэмы адукацыі на аснове нар. педагогік і лепшых дасягненняў сав. школы. Асн.рубрыкі: «Арганізацыя народнай адукацыі», «Пытанні педагогікі і псіхалогіі», «Педагагічная навука — школе», «Школа вачамі сацыёлага», «Праблемы сучаснага выхавання», «Псіхалогія навучання і выхавання», «Выхаваўчы працэс: тэорыя і практыка», «Маральнае выхаванне», «Эстэтычнае выхаванне», «Пазакласная работа», «У пазашкольных установах», «Тэма. са школьнай праграмы», «На вашу кніжную паліцу» і інш.
У.І.Якубовіч.
т. 11, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ШЛЯХ»,
грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.Туронак, Л.Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.Маркотнага (Ф.Пяткевіча), М.М. (М.Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.Арсенневай, З.Верас, І.Дварчаніна, Г.Леўчыка, апавяданні Л.Леўскага, А.Пакуцкага і інш.
А.В.Вабішчэвіч, А.С.Ліс.
т. 11, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЯ ВА́РТА»
(«Novaja varta»),
грамадска-навуковы і літ. часопіс бел. студэнцкай моладзі Віленскага ун-та, аб’яднанай у арг-цыю «Скарынія». Выдаваўся ў 1931—32 і 1934 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіў неперыядычна. Рэдактары-выдаўцы К.Глінскі, Т.Грышкевіч (з 3-га нумара). Асвятляў грамадскую і культ.-асв. дзейнасць бел. студэнтаў, узнімаў пытанні нац.-вызв. руху, супрацоўніцтва з польск. студэнцкімі арг-цыямі (арт. «Абавязак хвіліны» Я.Зенюка, «Адно з пытанняў» А.Бартуля, «Чвэрць веку існавання беларускай прэсы»). Змяшчаў дыскусійныя матэрыялы па розных паліт. кірунках развіцця сусв. грамадства, даследаванні па бел. гісторыі і л-ры («Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі» пад крыптанімам «Ш.», «Крытычныя моманты з жыцця Купалы і Коласа — паводле іх твораў» Ант. Навіны), творы Х.Ільяшэвіча, В.Багдановіча (Віцябляніна), Бартуля, Дж.Свіфта, хроніку культ-грамадскага жыцця моладзі Зах. Беларусі. Выйшлі 3 нумары. Выданне спынена ў сувязі з самаліквідацыяй арг-цыі «Скарынія».
С.І.Ёрш, А.С.Ліс.
т. 11, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДИНА»,
масавы расійскі гіст. ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1989 у Маскве на рус. мове штомесяц. Першапачаткова выданне газ. «Правда». Друкуе навук.-папулярныя артыкулы па паліт., эканам., ваен., рэліг., этн. гісторыі і гісторыі культуры Расіі і СССР, усеагульнай гісторыі, публіцыстычныя матэрыялы, нататкі, інтэрв’ю. З 1990 спачатку раз на год, потым раз на паўгода выходзяць і тэматычныя нумары часопіса (пра войны 1812, Крымскую 1853—56, грамадзянскую 1918—20 у Расіі, сав.-фінляндскую 1939—40, Вял. Айчынную, 1-ю і 2-ю сусветныя, пра 300-гадовую гісторыю рас. ВМФ, пра Польшчу і інш.). Шэраг матэрыялаў асвятляе асобныя пытанні гісторыі і культуры Беларусі — артыкулы пра ВКЛ (1995, №3), Ф.Скарыну (1992, №4), А.Т.Касцюшку (1994, №12), С.Булак-Балаховіча (1997, №11), М.Шагала (1991, №5), удзел Дняпроўскай ваен. флатыліі ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 (1996, №7/8) і інш. З 1993 да часопіса выдаецца дадатак «Источник» (6 выпускаў за год), дзе друкуюцца рассакрэчаныя дакументы з рас. архіваў.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РНДАЙК (Thorndike) Эдуард Лі (31.8.1874, г. Уільямсберг, штат Масачусетс, ЗША — 9.8.1949),
амерыканскі псіхолаг і педагог. Чл. Нац. АН ЗША. З 1904 праф. Калумбійскага ун-та і пед. каледжа ў Нью-Йорку. З 1924 адзін з рэдактараў час. «Journal of genetic psychology» («Часопіс генетычнай псіхалогіі»), з 1926 — «Genetic psychology monographs» («Манаграфіі генетычнай псіхалогіі»). У працы «Розум жывёл» (1898) Т., уяўляючы інтэлект жывёл як інструмент прыстасавання да навакольнага асяроддзя, сфармуляваў закон «спроб і памылак»: спробы, якія выпадкова былі ўдалымі, замацоўваюцца і ствараюць уражанне мэтанакіраваных паводзін. Яго праца «Педагагічная псіхалогія» (1903) зрабіла ўплыў на развіццё тэорыі навучання ў ЗША, у т. л. на канцэпцыі праграмаванага навучання. Ён распрацоўваў праблемы навыкаў, паводзінскай псіхалогіі, сфармуляваў «закон праектавання», «закон эфектаў», «закон гатоўнасці» і інш. Т. належыць серыя прац па псіхалогіі навучання арыфметыцы, алгебры, мове, чытанню. Ён распрацаваў уласную сістэму тэстаў для колькаснага вымярэння ўзроўню псіхічнага развіцця. Даследаванні Т. даюць падставу сцвярджаць, што ён падрыхтаваў узнікненне біхевіярызму.
т. 15, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РНЫ (Černý) Адольф (19.8.1864, г Градзец-Кралаве, Чэхія — 27.12.1952),
чэшскі пісьменнік, вучоны-славіст. Д-р філал. н. (1946). Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1925). Скончыў настаўніцкі ін-т (1883). У 1898 заснаваў час. «Slovanský přehled» («Славянскі агляд»), у якім змяшчаліся матэрыялы пра грамадскае, культ. і літ. жыццё слав. народаў, у т. л. і беларусаў. У 1898—1904 заг. Этнагр. музея, у 1901—20 выкладчык слав. моў Карлава ун-та ў Празе. У 1890-я г. наведваў Беларусь, запісваў бел. фальклор («Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні», 1895). Надрукаваў арт. «Беларускі часопіс» (1906) і «З Беларусі» (1909), прысвечаныя бел. газетам «Hama доля» і «Наша ніва». У арт. «Беларускія нацыянальныя і культурныя імкненні ў 1909—1910 гг.» (1911) характарызаваў літ. рух на Беларусі. Аўтар кніг і артыкулаў пра славян «Славянства ў час сусветнай вайны» (1919), «Выбраныя паэтычныя творы» (т. 1—4, 1928—29). Пераклаў на чэш. мову асобныя вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі.
І.У.Саламевіч.
т. 17, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА (АБТ). Заснавана ў 1954 у Лондане членамі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, дзеячамі бел. эміграцыі і англ. навукоўцамі-беларусістамі для пашырэння ведаў пра Беларусь сярод англічан. Разам з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны ў Лондане з’яўляецца цэнтрам бел. навук.-культ. жыцця ў Англіі. У 1965—88 выпускала «The Journal of Byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у якім славісты ЗША, Ізраіля, Германіі, Англіі, Польшчы друкавалі артыкулы па гісторыі, палітыцы, культ. праблемах жыцця бел. народа. З 1966 АБТ арганізуе штогадовыя курсы лекцый па гісторыі л-ры і культуры Беларусі. Супрацоўнічае з Асацыяцыяй славістаў ун-таў Вялікабрытаніі, Брыт. Нац. Асацыяцыяй усх.-еўрап. даследаванняў, удзельнічае ў міжнар. канферэнцыях і кангрэсах славістаў. Выдала кн. апавяданняў С.Яновіча (1974), «Беларускую граматыку» П.Мэё (1976, на англ. мове), зб. вершаў М.Багдановіча, А.Гаруна, З.Бядулі (1983, на бел. і англ. мовах). Прэзідэнты АБТ: Л.Гарлех (1965—73), А.Макмілін (з 1974), старшыні: О.Герберт (1965—73), Д.Джоліф (1974—80), Дж.Дзінглі (з 1981).
А.С.Ляднёва.
т. 1, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс. Выдаваўся ў студз. 1942 — маі 1944 у Рызе з дазволу і пры падтрымцы герм. улад на рус. (наз. «Новый путь») і бел. мовах. Матэрыялы агульнапаліт. характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя бел. варыянта знаходзілася ў Мінску (гал. рэдактар У.Сядура), у Рызе выданне рыхтаваў да друку К.Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд». Друкаваў агульнапаліт. і ваен. агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура фаш. Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. Змясціў шмат публікацый пра бел. нар. творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў Ф.Аляхновіча, К.Каганца, А.Кіркора, І.Насовіча, Е.Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я.Лёсіка, літ. творы Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, У.Клішэвіча, Т.Лебяды, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш. фотанарысы «Вуліцамі Менска», «25 год Віленскай беларускай гімназіі», «Першае пасяджэнне аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады» і інш. Друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі. Выйшла 45 нумароў.
С.У.Жумар.
т. 11, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.
У.М.Конан.
т. 13, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)