МАРТЫНЕ́НКА (Алег Рыгоравіч) (н. 12.3.1936, г. Краматорск, Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1989), д-р тэхн. н. (1973), праф. (1978). Скончыў Чэшскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1959, Прага). З 1963 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (з 1966 заг. лабараторыі і нам. дырэктара, з 1988 дырэктар). Навук. працы па аэратэрмаоптыцы, асімптатычных метадах канвектыўнага цепла- і масаабмену, газадынаміцы віхравых атм. утварэнняў, метадах разліку цеплаабменных апаратаў і прылад. Выявіў анамальны эфект у цеплаперадачы пры турбулентным працяканні вадкасці ў каналах складанай формы, устанавіў заканамернасці эвалюцыі дысіпатыўных структур, эфект «адмоўнай вязкасці». З 1974 сурэдактар ад СССР час. «International Jornal of Heat and Mass Transfer» («Міжнародны часопіс па цепла- і масаабмену»), з 1988 гал. рэдактар «Инженерно-физического журнала».
Тв.:
Введение в теорию конвективных газовых линз. Мн., 1972 (разам з П.М.Калеснікавым, В.Л.Калпашчыкавым);
Асимптотические методы в теории свободно-конвективного теплообмена. Мн., 1979 (разам з А.А.Беразоўскім, Ю.А.Сакавішыным).
т. 10, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)