«РО́ДИНА»,
масавы расійскі гіст. ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1989 у Маскве на рус. мове штомесяц. Першапачаткова выданне газ. «Правда». Друкуе навук.-папулярныя артыкулы па паліт., эканам., ваен., рэліг., этн. гісторыі і гісторыі культуры Расіі і СССР, усеагульнай гісторыі, публіцыстычныя матэрыялы, нататкі, інтэрв’ю. З 1990 спачатку раз на год, потым раз на паўгода выходзяць і тэматычныя нумары часопіса (пра войны 1812, Крымскую 1853—56, грамадзянскую 1918—20 у Расіі, сав.-фінляндскую 1939—40, Вял. Айчынную, 1-ю і 2-ю сусветныя, пра 300-гадовую гісторыю рас. ВМФ, пра Польшчу і інш.). Шэраг матэрыялаў асвятляе асобныя пытанні гісторыі і культуры Беларусі — артыкулы пра ВКЛ (1995, №3), Ф.Скарыну (1992, №4), А.Т.Касцюшку (1994, №12), С.Булак-Балаховіча (1997, №11), М.Шагала (1991, №5), удзел Дняпроўскай ваен. флатыліі ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 (1996, №7/8) і інш. З 1993 да часопіса выдаецца дадатак «Источник» (6 выпускаў за год), дзе друкуюцца рассакрэчаныя дакументы з рас. архіваў.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)