ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),

навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.

Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.​С.​Грабніцкі, С.​С.​Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.​К.​Обердык, А.​Дыль, К.​Кох, Э.​Лукас і інш.

На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел. НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж. абл. с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.

Літ.:

Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;

М., 1930;

Помология БССР. [Т. 1—4]. Мн. 1972—80.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРАМАСА́КС (ням. Skramasax),

адзін з відаў колюча-сякучай халоднай зброі бліжняга бою. Нож з прамым адналязовым клінком (даўж. 20—50 см, шыр. 2—4 см) з патоўшчанай спінкай і дзяржаннем. Вядомы з пач. н.э. У эпоху Вял. перасялення народаў С. — тыповая зброя «варвараў» Паўн.-Зах. і Сярэдняй Еўропы; напр., у франкаў — асн. від узбраення. З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ўвайшоў у баявы ўжытак ч. балцкага і фінскага насельніцтва ўзбярэжжа Балт. мора. Для ўзбраення славян не характэрны. У 10—11 ст. знік з вайск. ўжытку. Ва Усх. Прусіі, зах. раёнах Літвы і Латвіі выкарыстоўваўся і ў 12 ст. (магчыма, і пазней). На Беларусі С. знойдзены пры раскопках селішча Гарадок (2-я пал. 9—пач. 10 ст.) і курганнага могільніка Вышадкі (10 ст.) Гарадоцкага р-на, у Віцебску і Мінску (12 ст.). Паводле меркавання некат. даследчыкаў, ад С. вядуць сваё паходжанне асобныя тыпы цесакоў і корды.

Літ.:

Кулаков В.И. Древности пруссов, VI—XIII вв. М., 1990;

Казакявичюс В.К. Оружие балтских племен II—VIII вв. на территории Литвы. Вильнюс, 1988.

Г.​В.​Ласкавы.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ТУС САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

суадноснае становішча (пазіцыя) індывіда або групы ў сац. сістэме, якое вызначаецца па шэрагу эканам., прафес., этн. і інш. спецыфічных для дадзенай сістэмы адзнак (пол, узрост, прафесія, адукацыя, даход і інш.). Упершыню паняцце «С.с.» выкарыстаў у канцы 19 ст. англ. гісторык Г.​Мэн. К.​Маркс і Ф.​Энгельс лічылі, што аб’ектыўнай асновай становішча індывідаў у грамадстве з’яўляецца грамадская практыка, іх сумесная дзейнасць, якая набывае ў ходзе развіцця асаблівыя гіст. формы. М.​Вебер сцвярджаў, што стратыфікацыя грамадства і становішча індывіда ў ім вызначаюцца не толькі эканам. кампанентамі (доступ да сродкаў вытв-сці, грамадскіх багаццяў), але і сац. ролямі і пазіцыямі. Кожны індывід мае некалькі статусных характарыстык Вылучаецца гал. статус, які і вызначае становішча асобы ў грамадстве. У залежнасці ад таго, якую пазіцыю займае чалавек у грамадстве дзякуючы спадчынным адзнакам (сац. паходжанне, раса, нацыянальнасць і інш.) або асабістым намаганням (адукацыя, кваліфікацыя і г.д.), адрозніваюць прыродны і дасягальны С.с. Суадносіны іх у сац. структуры грамадства з’яўляюцца паказчыкамі характару эканам. і паліт. улады, якая і вызначае адпаведную структуру С.с.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЗЕНГА́ЎЗЫ, фон Тызенгаўзены,

шляхецкі род уласнага герба «Буйвал» у Рэчы Паспалітай. Маюць ням. паходжанне, у пач. 13 ст. прыбылі з Гальштэйна ў Інфлянты. З Т., што жылі ў ВКЛ, найб. вядомы:

Готард Ян (? — 1640), кашталян вендэнскі ў 1621—34, ваявода дорпцкі з 1634. Готард (? — 1669), канонік і суфраган віленскі з 1661, абат гебдоўскі, біскуп-намінат метонскі, біскуп смаленскі з 1667. Юрый (? — 6/7.9.1679), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік ВКЛ з 1650. Андрэй (? — 8.2.1673), лоўчы ВКЛ з 1667. Стафан (? — 24.12.1708), падстолі ВКЛ у 1687, ваявода новагародскі з 1689. Ян Стафан (? — 1730), вял. пісар ВКЛ у 1669—1714, ваявода мсціслаўскі з 1714, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1716 і 1720. Міхал Бенядзікт (? — да 12.10.1726), вял. пісар ВКЛ з 1714. Антоній (1733—85), гл. Тызенгаўз А. Канстанцін (3.6.1786, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1853), арнітолаг. Аўтар прац «Асновы арніталогіі, або Навукі пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1843—46). Захапляўся жывапісам, быў вучнем Я.​Рустэма. У сваім маёнтку ў Паставах стварыў арніталагічны музей, сабраў карцінную галерэю, значную б-ку.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХО́ВІЦ Марцін (ліст. 1632, г. Збоншынь, Польшча — ліст. 1613),

тэолаг і пісьменнік-палеміст, ідэолаг левага крыла радыкальна-рэфармацыйнага руху ў ВКЛ і Польшчы. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це. З 1559 настаўнік пратэстанцкай школы ў Вільні. З пач. 1560-х г. прыхільнік і прапагандыст анабаптызму і антытрынітарызму. Быў прапаведнікам у кальвінісцкім зборы, удзельнічаў у сінодах бел. і літ. антытрынітарыяў. Пад націскам кальвіністаў і гар. магістрата ў 1565 выехаў у Польшчу, жыў у Куявіі ў маёнтку аднадумца Я.​Немаеўскага, з якім арганізаваў антытрынітарскую суполку, потым пераехаў з ім у Люблін і ўзначаліў антытрынітарскую суполку. У 1581 у мяст. Лоск (каля г. Валожын) вёў палеміку з С.Будным і В.Цяпінскім. Лічыў веру асабістай справай чалавека, патрабаваў рэліг. верацярпімасці, выступаў супраць прыгонніцтва, Контррэфармацыі і езуітаў, адмаўляў свецкую ўладу і войны. Этыка Ч. грунтавалася на прынцыпах евангельскага вучэння і запаветаў Ісуса Хрыста. Аўтар твораў «Хрысціянскія размовы» (1575), «Пра паходжанне памылак дзетахрышчэнцаў» (1582) і інш.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — нач. XVII в.). Мн., 1970.

С.​А.​Падокшын.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГРЫ́НАЎ Пётр Гаўрылавіч (н. 29.6.1938, в. Вялікі Бор Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1986), праф. (1988). Брат І.Г.Чыгрынава. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1961). Працаваў настаўнікам, на камсамольскай рабоце, з 1971 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, з 1977 у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе паходжанне і развіццё матэрыяльнай, духоўнай і паліт. культуры бел. народа, станаўленне дзяржаўнасці, гіст.-паліт. аспекты развіцця грамадскай думкі на Беларусі, фарміраванне дзярж. суверэнітэту і дэмакратызацыю паліт. сістэмы ў сучасных умовах, бел.-рус. адносіны, праблемы патрыят. выхавання. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Нарысы гісторыі Ленінскага камсамола Беларусі» (1975), «Нарысы гісторыі міліцыі Беларускай ССР, 1917—1987» (1987), «Школа мужнасці і патрыятызму: Кароткі нарыс гісторыі ДТСААФ БССР» (2-е выд. 1988).

Тв.:

Да абароны Радзімы. Мн., 1973;

Военно-патриотическое воспитание трудящихся. Мн., 1991;

Грамадская думка ў Беларусі: Палітыка-гіст. аспект. Мн., 1996;

Белорусско-российские отношения: История и современность. Мн., 1999;

Очерки истории Беларуси. Мн., 2000;

История Беларуси. 2 изд. Мн., 2002;

Беларускі народ: вытокі, кансалідацыя, сучаснасць. Мн., 2002.

т. 17, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭТНАГРА́ФІЯ БЕЛАРУ́СІ»,

аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена ў 1989 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі. Уключае больш за 3 тыс. артыкулаў, пераважная большасць якіх прысвечана паказу асн. аспектаў жыццядзейнасці беларусаў ад старажытнасці да нашага часу: паходжанне і развіццё бел. этнасу, працэсы складвання бел. народнасці і нацыі, фарміраванне этн. самастойнасці беларусаў, асаблівасці іх культуры і побыту. Асвятляюцца матэрыяльная (прылады працы, жыллё, традыц. адзенне, ежа, трансп. сродкі, рэчы гасп. і хатняга ўжытку і інш.) і духоўная (веды, прац. навыкі, традыцыі, звычаі, абрады і святы, уяўленні і вераванні, мараль і этыка, розныя віды нар. творчасці, нар. медыцына, метралогія, метэаралогія і інш.) культуры бел. народа. Частка артыкулаў прысвечана інш. народам і этн. групам, што жывуць на Беларусі або мяжуюць з ёй. Тэарэт. артыкулы даюць вызначэнне асн. паняццяў этналагічнай навукі, паказваюць гісторыю яе развіцця. Пэўнае месца адведзена біягр. артыкулам пра даследчыкаў культуры і побыту беларусаў. Выданне мае прадметна-імянны паказальнік, яно багата праілюстравана каляровымі, чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, чарцяжамі, партрэтамі.

Л.​В.​Календа.

Энцыклапедыя «Этнаграфія Беларусі».

т. 18, кн. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАШЭ́ВІЧ Іосіф (Юзаф) Бенядзіктавіч (1793, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 1.2.1860),

бел. і польскі гісторык, этнограф, юрыст. Скончыў Віленскі ун-т (1815). У 1815—26 выкладаў у Крамянецкім ліцэі (Украіна). У 1826—31 праф. права Віленскага ун-та. Пісаў на польскай мове. Друкаваўся ў час. «Атэнэум», «Pamiętnik Warszawski» («Варшаўскі дзённік») і інш. Аўтар навук. прац «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян» (1826), «Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі» (1828), «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII стагоддзя» (т. 1—3, 1844—45), «Матэрыялы да статыстыкі і этнаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет» (1848), публікацый пра Бельск, Драгічын, Супрасль і інш. Апіраючыся на звесткі М.​Стрыйкоўскага, А.​Нарушэвіча, Т.​Нарбута, вывучаў паходжанне плямён, што жылі на тэр. Беларусі, фальклор і этнаграфію бел. насельніцтва. У сваіх працах часта зыходзіў з паланафільскіх пазіцый.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964. С. 56;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.

т. 18, кн. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎРЭ́ІНАЎ Мікалай Мікалаевіч (25.2.1879—7.9.1953),

расійскі рэжысёр, драматург, тэарэтык і гісторык тэатра. Скончыў Пецярб. вучылішча правазнаўства (1901), вучыўся ў Пецярб. кансерваторыі (клас М.Рымскага-Корсакава). У 1907 адзін з заснавальнікаў «Старадаўняга тэатра», у 1909 — «Вясёлага тэатра для пажылых людзей» (з Ф.​Ф.​Камісаржэўскім). У 1910—14 рэжысёр т-ра «Крывое люстэрка». Паставіў свае п’есы «Школа этуалей» (1911), «Кулісы душы» (1912), «Кухня смеху» (1913), «Чацвёртая сцяна» (1915), «Самае галоўнае» (1921). У 1925 эмігрыраваў у Францыю, з К.​Рошчынай-Інсаравай і С.​Ліфаром стварыў Т-р рус. драмы. Сярод пастановак: «Тэатр вечнай вайны» (1929), «Я іншай такой краіны не ведаю» (1939; аўтар абодвух Я.), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1935), «Спектакль Казьмы Пруткова» (1938), «Нічога падобнага» Н.​Тэфі (1939), «Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва (1943—44). Як драматург і рэжысёр імкнуўся да малых форм (тэатр. пародыі, арлекінады, фарсу), ствараў дасціпнае і эфектнае відовішча. Аўтар прац «Уводзіны ў манадраму» (1909), «Паходжанне драмы» (1921), «Тэатр як такі» (1923), «Прыгонныя акцёры» (1925), «Гісторыя рускага тэатра» (1955) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),

філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.​Кант, Г.​Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.​Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.​А.​Абрамаў, Л.​Берталанфі, Дж.​Клір, Э.​М.​Сарока, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)