ЯРАШЭ́ВІЧ Іосіф (Юзаф) Бенядзіктавіч (1793, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 1.2.1860),
бел. і польскі гісторык, этнограф, юрыст. Скончыў Віленскі ун-т (1815). У 1815—26 выкладаў у Крамянецкім ліцэі (Украіна). У 1826—31 праф. права Віленскага ун-та. Пісаў на польскай мове. Друкаваўся ў час. «Атэнэум», «Pamiętnik Warszawski» («Варшаўскі дзённік») і інш. Аўтар навук. прац «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян» (1826), «Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі» (1828), «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII стагоддзя» (т. 1—3, 1844—45), «Матэрыялы да статыстыкі і этнаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет» (1848), публікацый пра Бельск, Драгічын, Супрасль і інш. Апіраючыся на звесткі М.Стрыйкоўскага, А.Нарушэвіча, Т.Нарбута, вывучаў паходжанне плямён, што жылі на тэр. Беларусі, фальклор і этнаграфію бел. насельніцтва. У сваіх працах часта зыходзіў з паланафільскіх пазіцый.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964. С. 56;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
т. 18, кн. 1, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)