ЯЎРЭ́ІНАЎ Мікалай Мікалаевіч (25.2.1879—7.9.1953),
расійскі рэжысёр, драматург, тэарэтык і гісторык тэатра. Скончыў Пецярб. вучылішча правазнаўства (1901), вучыўся ў Пецярб. кансерваторыі (клас М.Рымскага-Корсакава). У 1907 адзін з заснавальнікаў «Старадаўняга тэатра», у 1909 — «Вясёлага тэатра для пажылых людзей» (з Ф.Ф.Камісаржэўскім). У 1910—14 рэжысёр т-ра «Крывое люстэрка». Паставіў свае п’есы «Школа этуалей» (1911), «Кулісы душы» (1912), «Кухня смеху» (1913), «Чацвёртая сцяна» (1915), «Самае галоўнае» (1921). У 1925 эмігрыраваў у Францыю, з К.Рошчынай-Інсаравай і С.Ліфаром стварыў Т-р рус. драмы. Сярод пастановак: «Тэатр вечнай вайны» (1929), «Я іншай такой краіны не ведаю» (1939; аўтар абодвух Я.), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1935), «Спектакль Казьмы Пруткова» (1938), «Нічога падобнага» Н.Тэфі (1939), «Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва (1943—44). Як драматург і рэжысёр імкнуўся да малых форм (тэатр. пародыі, арлекінады, фарсу), ствараў дасціпнае і эфектнае відовішча. Аўтар прац «Уводзіны ў манадраму» (1909), «Паходжанне драмы» (1921), «Тэатр як такі» (1923), «Прыгонныя акцёры» (1925), «Гісторыя рускага тэатра» (1955) і інш.
т. 18, кн. 1, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)