ПОСТПАЗІТЫВІ́ЗМ (ад пост... + пазітывізм),

філасофскія канцэпцыі, што ўзніклі ў 1950—70-я г. ў працэсе крытыкі неапазітывізму. Не мае акрэсленага зместу, нярэдка атаясамліваецца з сучаснай аналітычнай філасофіяй, у інш. выпадках мае вельмі вузкую трактоўку. Тэарэт. абгрунтаваны ў працах К.​Попера «Логіка навуковага адкрыцця» (1959) і Т.​Куна «Структура навуковых рэвалюцый» (1963). Да асн. плыней П. адносяць крытычны рацыяналізм, прагматычны аналіз (У.​Куайн, М.​Уайт, ЗША), канцэпцыі І.​Лакатаса, М.​Полані (Вялікабрытанія), П.​Феерабенда і Р.​Рорці (ЗША), розныя варыянты сучаснага філас. рэалізму і інш. Агульным для ўсіх канцэпцый П. з’яўляецца адыход ад арыентацыі на сімвалічную логіку і звяртанне да гісторыі навукі, прызнанне вызначальнай ролі ў пазнанні тэарэт. ўзроўню ведаў, перанос акцэнту на сацыякульт. і каштоўнасныя аспекты навук. пазнання.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ЦІ ХЛАРЫ́ДЫ,

злучэнні ртуці з хлорам: хларыд Hg2Cl2 (каламель) і дыхларыд ртуці HgCl2 (сулема). Бясколерныя крышт. рэчывы.

Каламель мае tпл 525 °C, шчыльн. 7150 кг/м³ (25 °C). Маларастваральная ў вадзе; не раствараецца ў этаноле, ацэтоне, дыэтылавым эфіры. Пры 400 °C, а таксама на святле раскладаецца на HgCl2 і ртуць. Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў параўнання ў электрахіміі, як каталізатар у арган. сінтэзе, антысептык, Сулема мае tпл 280 °C, шчыльн. 5450 кг/м³. Раствараецца у вадзе (у растворы малекулы практычна не дысацыіруюць), этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле. На святле і ў паветры ў разбаўленых водных растворах раскладаецца з утварэннем Hg2Cl2 і хлорыстага вадароду. Выкарыстоўваюць для пратручвання насення, як моцны антысептык, каталізатар ў арган. сінтэзе, для сінтэзу ртуцьарган. злучэнняў і інш. Моцны яд.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКА́М (Secam, скар. ад Sequential Couleur Avec Memoire паслядоўная перадача колераў з запамінаннем),

сістэма каляровага тэлебачання з пачарговай (праз радок) перадачай 2 колерарознасных сігналаў пры неперарыўнай перадачы сігналу яркасці. Асаблівасці — магчыма перадача сігналаў на вял. адлегласці пры малым узроўні колеравых скажэнняў, неадчувальнасць да фазавых скажэнняў. Прапанавана франц. інжынерам А. дэ Франсам (1954), для вяшчання прынята ў 1967.

Абодва колерарознасныя сігналы перадаюцца на дапаможных паднясучых частотах, трэці сігнал колернасці (зялёны) фарміруецца ў тэлевізійным прыёмніку прапарцыянальным складаннем (у спец. матрычным прыстасаванні) частак першых двух сігналаў. Для яго фарміравання прыёмнік мае лінію затрымкі на працягласць перадачы аднаго радка (64 мс) з мэтай адначасовага паступлення сігналаў у матрычнае прыстасаванне. Прынята ў 56 краінах, мае 7 версій (1990). Гл. таксама НТСЦ, ПАЛ.

т. 14, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭРО́МА (ад грэч. athēra кашка + ...ома),

кіста сальнай залозы, якая ўзнікае пры закупорцы вывадной пратокі. Бывае ў вобласці валасянога покрыва галавы, твару, шыі, машонкі ў выглядзе цвёрдай круглаватай бязбольнай пухліны. Мае цвёрдую капсулу з кашкападобнай белай масай. Магчыма нагнаенне. Лячэнне хірургічнае.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́МІНГ-СЛЯ́БІНГ,

камбінаваны пракатны стан для абціскання буйных (да 40 т) стальных зліткаў на загатоўкі квадратнага (блюмы) ці прамавугольнага (слябы) сячэння. У параўнанні з блюмінгам мае большую вышыню пад’ёму верхняга валка (да 2130 мм) і даўжыню рабочай часткі (да 3505 мм).

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТО́Д [ад грэч. oktō восем + (электр)од],

электронная лямпа, якая мае 8 электродаў: анод, катод і 6 сетак; камбінацыя трыёда і пентода. Выкарыстоўваецца ў супергетэрадзінных радыёпрыёмніках як частотапераўтваральная (трыёдная частка) і змяшальная (пентодная частка) лямпа. Можа замяняцца гептодам і пентагрыдам.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКЛА́Ў, энклаў (франц. enclave ад лац. inclavare замыкаць на ключ),

частка тэр. адной дзяржавы, з усіх бакоў акружаная тэр. іншай дзяржавы (напр., Сан-Марына на тэр. Італіі). Калі анклаў мае выхад да мора, яго наз. паўанклавам (напр., правінцыя Кабінда ў Анголе).

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕН (Brocken),

самая высокая вяршыня ў гарах Гарц, у Германіі. Выш. 1142 м. Складзена з гранітаў, мае форму ўсечанага конуса. Уваходзіць у рэзерват Обергарц. З Брокенам звязаны шэраг ням. нар. легендаў (зборышча ведзьмаў на Брокене ў Вальпургіеву ноч і інш.). Турызм.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ», «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica),

амерыканская выдавецкая фірма ў Чыкага. Засн. на пач. 1940-х г. Выдае Брытанскую энцыклапедыю, галіновыя энцыклапедыі, слоўнікі, л-ру для дзяцей і юнацтва, маст. і інш. л-ру. Мае аддзяленні ў Лондане, Таронта, Жэневе, Токіо.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ САЎГА́С-ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1956 у г. Ваўкавыск як зоаветэрынарны тэхнікум. У 1979 рэарганізаваны ў саўгас-тэхнікум. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): ветэрынарыя, заатэхнія. Мае аддзяленне павышэння кваліфікацыі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 4, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)