ПОСТПАЗІТЫВІ́ЗМ (ад пост... + пазітывізм),

філасофскія канцэпцыі, што ўзніклі ў 1950—70-я г. ў працэсе крытыкі неапазітывізму. Не мае акрэсленага зместу, нярэдка атаясамліваецца з сучаснай аналітычнай філасофіяй, у інш. выпадках мае вельмі вузкую трактоўку. Тэарэт. абгрунтаваны ў працах К.​Попера «Логіка навуковага адкрыцця» (1959) і Т.​Куна «Структура навуковых рэвалюцый» (1963). Да асн. плыней П. адносяць крытычны рацыяналізм, прагматычны аналіз (У.​Куайн, М.​Уайт, ЗША), канцэпцыі І.​Лакатаса, М.​Полані (Вялікабрытанія), П.​Феерабенда і Р.​Рорці (ЗША), розныя варыянты сучаснага філас. рэалізму і інш. Агульным для ўсіх канцэпцый П. з’яўляецца адыход ад арыентацыі на сімвалічную логіку і звяртанне да гісторыі навукі, прызнанне вызначальнай ролі ў пазнанні тэарэт. ўзроўню ведаў, перанос акцэнту на сацыякульт. і каштоўнасныя аспекты навук. пазнання.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)