ВАГА́НТЫ (ад лац. vagantes вандроўныя),
вандроўныя студэнты, шкаляры, ніжэйшыя клірыкі ў Зах. Еўропе 11—13 ст., якія складалі на лац. мове і выконвалі сатыр. вершы, застольныя, студэнцкія і любоўныя песні, пародыі, высмейвалі феадалаў, вышэйшае духавенства і заможных гараджан. Наз. таксама галіярдамі. Найб. росквіту творчасць вагантаў, пераважна песенная, дасягнула ў 12—13 ст. Праследаваліся афіц. царквой. З 14 ст. страцілі сваё значэнне.
Літ.:
Поэзия вагантов. М., 1975.
т. 3, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГ I Гаргасал
(?—502),
цар Іберыі (Картлі). Змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады. Пры ім перабудаваны Тбілісі для перанясення сюды сталіцы з Мцхеты. Вёў працяглую барацьбу з сасанідскім Іранам за незалежнасць Картлі. У 484 узначаліў вялікае антысасанідскае паўстанне грузінаў і армян. Празваны персамі Гаргасалам — «Воўчай галавой» за тое, што насіў шлем з такой выявай. Забіты ў баі з персамі. Груз. народ склаў пра яго песні і вершы.
т. 4, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЧЭ́РНІ МІ́НСК»,
газета. Выходзіць у Мінску з ліст. 1967 на бел. і рус. мовах 5 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця горада і рэспублікі. Друкуе вершы, апавяданні. Выдае штотыднёвы рэкламны дадатак (з 1973), штомесячныя дадаткі — знешнеэканамічную газ. «Международный клуб» і час. «Здоровье и успех» (абодва з 1996). З ліп. 1996 у камп’ютэрнай сістэме ІНТЭРНЭТ выходзіць электронны варыянт «Вячэрняга Мінска».
т. 4, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫВЕ́ БЕЛАРУ́СЬ!»,
часопіс. Орган Саюза беларускай моладзі (СБМ). Выдаваўся пры падтрымцы акупац. улад у ліп. 1943 — жн. 1944 у Мінску на бел. мове. Асвятляў мэты і задачы арг-цыі, палажэнні арганізац. і страявога статута СБМ, інфармаваў пра семінары, нарады і інспекцыйныя паездкі кіраўнікоў СБМ. Сярод публікацый нарысы па гісторыі Беларусі, вершы і песні бел. аўтараў, антысав. і антысеміцкая публіцыстыка. Выйшла 12 нумароў.
С.У.Жумар.
т. 6, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗО́РЬКА»,
газета для школьнікаў. Выдаецца з 1.1.1945 у Мінску штотыднёва на рус. мове. Да № 11 (1945) наз. «Пионер Белоруссии». Змяшчае матэрыялы пра вучобу і адпачынак дзяцей і падлеткаў. Сярод публікацый — вершы і апавяданні юных аўтараў, водгукі на кнігі, матэрыялы для вынаходнікаў, аматараў свойскіх жывёл, уражанні дзяцей ад падарожжаў па інш. краінах. Закранае пытанні экалогіі. Праводзіць конкурсы, віктарыны. Друкуе старонку для малодшых школьнікаў «Агеньчык».
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМБУ́Р (франц. calembour),
гульня слоў, стылістычны зварот у вершы, мове, жарце, пабудаваны на камічным абыгрыванні аднолькавых ці блізкіх па гучанні слоў або словазлучэнняў пры іх розным значэнні. Звычайна ўтвараюцца пры дапамозе амонімаў, амафонаў, паронімаў. Напр., К. з верша Р.Барадуліна «Тры прыступкі»:
У суседзяў стрэхі саламелі —
Мелі хлеб тут і да сала мелі,
Тут багата чулася Літва.
Ды пчалою сэрца Саламеі
Рвалася з зацішнага лятва.
т. 7, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫГАЛО́М»,
літаратурна-мастацкі часопіс. Выйшаў адзін нумар у лют. 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ю.Кіпель. Змясціў матэрыялы пра грамадскае і літ. жыццё Зах. Беларусі. Сярод публікацый — інфармацыя пра 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў, вершы М.Танка, Ф.Грышкевіча, вытрымкі з прац К.Маркса, Г.В.Пляханава, П.А.Гольбаха, Э.Сінклера. Меў рубрыку «Культурная хроніка». Канфіскаваны і забаронены польскімі ўладамі.
т. 8, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ВІЧ (Іван Мікалаевіч) (15.6.1936, в. Восава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 14.9.1981),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1970). Працаваў у сельскай гаспадарцы, сельсавеце, у раённай газеце г. Беразіно, з 1973 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1978 у Мінскім абл. навук.-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы. Друкаваўся з 1961. Пісаў пераважна лірычныя вершы, нарысы, апавяданні.
Тв.:
Камандзіроўка. Мн., 1973;
Васількі. Мн., 1984.
т. 10, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,
верш, напісаны рознымі строфамі, аддзеленымі адна ад адной графічна (прагаламі). Напр., верш В.Віткі «Старавер»:
Я не пішу
Верлібрам,
Грашу
Старым калібрам.
Ніколі разабрацца
Не мог я ў новай модзе,
Шчыруючы на градцы
На ўласным агародзе.
Сярод жывых не першы,
Не лепшы між памершых,
На рыфмах зубы з’еўшы,
Пісаў свае я вершы
Для дома,
Для альбома
І трохі
Для эпохі.
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ЧНІК ЛІТЭРА́ЦКІ»
(«Rocznik Literacki», «Літаратурны штогоднік»),
літаратурна-навуковы альманах. Выдаваўся ў 1843—49 на польск. мове Р.Падбярэскім. Выйшлі 4 тамы: т. 1—3 у Пецярбургу, т. 4 у Вільні. Прайшоў пэўную эвалюцыю ў прагрэс., дэмакр. кірунку, арыентаваўся на шырокае кола чытачоў. Вылучаўся высокім узроўнем афармлення. Друкаваў матэрыялы Падбярэскага, творы В.Рэута, упершыню змясціў бел. вершы Я.Баршчэўскага «Дзеванька» і «Гарэліца».
У.І.Мархель.
т. 13, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)