КАНЧЭ́ЎСКІ (Ігнат Уладзіміравіч) (май 1896, Вільня — 23.4.1923),
бел. філосаф, паэт, публіцыст. Брат А.У.Канчэўскага. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це (1913—16), на Вышэйшых каап. курсах пры ун-це імя А.Л.Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў укр. нац. рух. З 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх т-ваў Беларусі. Друкаваў вершы, паліт. артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі К. — адданасць бел. справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філас. эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гіст. лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Гал. мэтай народа лічыў дзярж. незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з гал. перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сац. аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам». Вершы друкаваў пад псеўд. Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэт. творчасць вызначаецца філас. пранікнёнасцю ў сутнасць нар. жыцця, спалучэннем прыгажосці бел. слова з нац. светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...»).
Тв.:
Адвечным шляхам: Дасьледзіны бел. сьветагляду. 4 выд. Мн., 1993.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. С. 78—88;
Конан У.У. свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. Мн., 1990;
Яго ж. «...Нас злучае супольнасць ахвяры»: Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)