ТУРМАЛІ́Н (ад сінгальскага турмалі — той, што прыцягвае попел),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў пераменнага саставу. Агульная формула XY3Z6(Si6O18)[BO3]3 (OH, F)1+3, дзе X — Na, Ca; Y — Mg, Fe2+, Fe3+, Mn, Al, Li, Cr, V і інш.; Z — Al, Fe2+, Fe3+, Cr, Mg і інш. Утварае групу мінералаў з некалькіх ізаморфных радоў. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае слупкаватыя, ігольчастыя крышталі, радыяльна-прамяністыя, зблытана-валакністыя, масіўныя агрэгаты. Разнавіднасці: шэрл — чорны, жалезісты; дравіт — буры, магнезіяльны; рубеліт — чырвоны, ружовы, марганцовісты; індыгаліт — сіні і інш.; паліхромны Т. Цв. 7,5. Шчыльн. 2,9—3,34 г/см³. Крохкі. Піра- і п’езаэлектрычны. Паходжанне гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Выкарыстоўваецца як піраэлектрык. Празрыстыя крышталі — каштоўныя камяні 3-га (чырв. рубеліты) і 4-га парадкаў. Радовішчы ў ЗША. Мазамбіку, Бразіліі, Афганістане, М’янме, Расіі, Казахстане і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЛЬМАНІС, Улманіс (Ulmanis) Карліс (4.9.1877, Добельскі р-н, Латвія — 1942), латвійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Лейпцыгскім с.-г. ін-це (Германія) і ун-це Небраскі (ЗША); аграном. У 1913 вярнуўся ў Латвію. У 1917 нам. камісара Часовага ўрада Ліфляндскай губерні. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў партыі Латв.сял. саюз (крас. 1917). У ліст. 1918 — чэрв. 1921 старшыня Часовага ўрада Латвіі. Прэм’ер-міністр (у 1925—26, 1931, сак. 1934 — чэрв. 1940) і міністр (у 1926, 1931, 1934—36) замежных спраў Латвіі. У маі 1934 ажыццявіў дзярж. пераварот і стаў дыктатарам, з крас. 1936 прэзідэнт Латвіі. Падазрона ставіўся да нац.-культ. жыцця беларусаў Латвіі. У ліп. 1940 ва ўмовах далучэння Латвіі да СССР адхілены ад улады, дэпарціраваны. Памёр у турме г. Краснаводск (цяпер Туркменбашы, Туркменістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УСХО́ДНІ ВАЛ»
(ням. «Ostwall»),
стратэгічны абарончы рубеж у Вял.Айч. вайну, створаны ням. войскамі на сав.-германскім фронце да восені 1943 на лініі р. Нарва—г. Пскоў—Віцебск—Орша—р. Сож—сярэдняе цячэнне р. Дняпро—р. Малочная з мэтай спыніць наступленне Чырв. Арміі і выйграць час, спадзеючыся на раскол у антыфаш. кааліцыі і сепаратны мір з ЗША і Вялікабрытаніяй. Асн. частка «У.в.» — умацаванні на Дняпры. У вер. 1943 рубеж у паласе ням. групы армій «Поўдзень» і «А» стаў называцца пазіцыяй «Ватан», у паласе груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» — пазіцыяй «Пантэра». Да канца вер. 1943 сав. войскі нанеслі паражэнне праціўніку на Левабярэжнай Украіне, фарсіравалі Дняпро і месцамі прарвалі «У.в.». У ходзе наступальных Бранскай аперацыі 1943, Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944сав. войскі пераадолелі абарончыя пазіцыі «Пантэры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАКСТРО́Т (англ. foxtrot ад fox ліса + trot рысь, хуткі крок),
бальны танец. Муз. памер 4/4, тэмп умерана хуткі, рытм сінкапіраваны. Характэрныя рысы: дробны слізготны крок, рухі метрычна роўныя, вар’іруюцца. Засн. на танц. рухах тустэпа.
Узнік у ЗША, пасля 1912 пашырыўся ў Еўропе. З сярэдзіны 1920-х г. паявіўся т.зв. квік-Ф. (хуткі Ф., квікстэп). Звычайны Ф. ва ўмерана хуткім тэмпе сталі называць слоу-Ф. (павольны Ф.). Адзін з абавязковых у праграме сучасных бальных танцаў. Жанравыя рысы Ф. ўвасоблены ў творах Дж.Пучыні, Дз.Шастаковіча. Элементы Ф. ёсць у музыцы бел. кампазітараў В.Іванова, С.Картэса, А.Мдывані, В.Помазава, В.Раінчыка, Дз.Смольскага і інш.
З 1950—60-х г. атрымаў пашырэнне ў нар. побыце на Беларусі. Уваходзіць у рэпертуар нар.інстр. ансамбляў і асобных выканаўцаў на розных інструментах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская група). Мова фінаў, афіц. мова Фінляндыі (разам са шведскай мовай). Пашырана таксама ў Карэліі, Швецыі, Нарвегіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Германіі і інш. На тэр. Фінляндыі мае 8 асн. дыялектаў: паўд.-зах. (уласна фінскі, ці суомі), емскі (хяме), пераходныя паміж імі паўд.-, сярэдне- і паўн.-батнічны, паўн., савоскі (саво), паўд.-ўсходні. Ф.м. — аглюцінатыўная мова намінатыўнага ладу з элементамі флектыўнасці. Ёй уласцівы: у фанетыцы — багатая сістэма галосных, малая колькасць зычных, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — адсутнасць катэгорый грамат. роду і трывання; у сінтаксісе — пераважна свабодны парадак слоў. Пісьмовыя помнікі з 13 ст. Пісьменства на аснове лац. алфавіта.
Літ.:
Хакулинен Л. Развитие и структура финского языка: Пер. с фин. Ч. 1—2. М., 1953—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАТАВО́ДЗЕЦ,
ваенна-марскі дзеяч, военачальнік, які паспяхова ажыццяўляе кіраўніцтва ВМФ (ВМС) дзяржавы або іх значнай часткай (звычайна флотам) у час вайны. Валодае якасцямі палкаводца, а таксама майстэрствам падрыхтоўкі і кіраўніцтва сіламі флоту пры вырашэнні стратэг. або аператыўна-стратэг. задач.
У часы грабнога флоту як Ф. праславіліся Фемістокл і Перыкл (Стараж. Грэцыя), Дуілій (Стараж. Рым). У эпоху паруснага флоту прызнанымі Ф. былі Лі Сунсін (Карэя), М.Ройтэр (Галандыя), Ф.Дрэйк і Г.Нельсан (Вялікабрытанія), Ф.Ф.Ушакоў і П.С.Нахімаў (Расія) і інш. Сярод Ф. эпохі паравога флоту С.В.Макараў (Расія), Х.Тога (Японія) і інш. Важкі ўклад у развіццё ваен.-марскога майстэрства ў гады 2-й сусв. вайны зрабілі сав. Ф. С.Г.Гаршкоў, І.С.Ісакаў, М.Г.Кузняцоў, В.П.Дрозд і інш., а таксама Ф. і палкаводцы саюзнікаў Д.Макартур, Ч.Німіц (ЗША), Д.Тові (Вялікабрытанія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРОСТ (Frost) Роберт Лі (26.3.1874, г. Сан-Францыска, ЗША — 29.1.1963),
амерыканскі паэт. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це. У 1912—15 жыў у Англіі, дзе выйшла яго першая кн. «Воля хлопчыка» (1913). Рэаліст. тэматыка, «паэзія штодзённага», выкарыстанне гутарковай мовы выявілі яго погляд на этычныя і сац.праблемы эпохі (зб. «На поўнач ад Бостана», 1914). У зб-ках «Нью-Гэмпшыр» (1923), «Далёкі хрыбет» (1936) і інш. адчуванне трагічнай страты жывога кантакту чалавека з прыродай, крызісу сучаснай механістычнай цывілізацыі. Лірычныя вершы кніг «Дрэвасведка» (1942), «Вятроўнік» (1947), «На высечцы» (1962) адзначаны глыбінёй думкі і народнасцю, арыгінальным паэт. бачаннем і належаць да шэдэўраў англамоўнай паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНКЕРНА́ГЕЛЬ (Zinkernagel) Рольф (н. 6.1.1944, г. Базель, Швейцарыя),
швейцарскі вучоны ў галіне імуналогіі. Замежны чл.Амер.нац.АН (1996), Аўстрал.АН (1996), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1998), Лонданскага каралеўскага т-ва (1998). Скончыў Базельскі ун-т (1968), дзе і працаваў. З 1971 у Лазанскім ун-це. З 1973 у Аўстрал. ун-це (Канбера). З 1975 у клініцы мед. даследаванняў г. Ла-Джола (ЗША). З 1979 у Цюрыхскім ун-це, з 1992 дырэктар Ін-та эксперым. імуналогіі ў Цюрыху. Навук. працы па механізмах імуналагічнай талерантнасці, памяці, распазнавання клеткамі імуннай сістэмы мікробаў і малекул уласнага арганізма. Вызначыў ролю лімфацытаў (кілераў) у абароне ад вірусаў, антыцел у клетачным імунным адказе пры аўтаімунных рэакцыях у запаленчых працэсах. Нобелеўская прэмія 1996 (з П.Дохерці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПІТО́ (франц. chapiteau літар. — капітэль, каўпак),
часовае цыркавое памяшканне для дэманстрацыі спектакляў. Звычайна — купалападобны брызентавы шацёр, які нацягваецца з дапамогай розных мацаванняў на высокія мачты (формы) і бакавыя стойкі. Унутры Ш. знаходзяцца манеж, месцы для гледачоў, неабходныя тэхн. прыстасаванні і закулісная частка. Хутка збіраецца і разбіраецца. Прызначаны пераважна для раз’язнога абслугоўвання гледачоў (перасовачныя цыркі-Ш.). Стацыянарныя Ш. ствараюць у гарадах, дзе няма пастаянных цыркавых будынкаў, у садах, парках у летні перыяд (летнія цыркі-Ш.). Узніклі ў 1830-я г. (Летні цырк. Елісейскія палі, Парыж). Пашырыліся ў ЗША і інш. краінах свету. У Расіі першае Ш. адкрыта ў 1830 у Маскве, на Беларусі — у 1947 у Мінску, у 1950—60-я г. перасовачныя цыркі-Ш. працавалі ў Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКРАНАПЛА́Н (ад экран + франц. planer лятаць),
лятальны апарат для палётаў паблізу паверхні зямлі або вады з выкарыстаннем эфекту экрана — пругкай паветранай падушкі, што ўзнікае паміж гэтай паверхняй і крылом апарата. Ад судна на паветранай падушцы адрозніваецца выкарыстаннем набягаючага патоку (скараснога напору) паветра, а не напампоўваннем паветра пад днішча.
Экранны эфект дазваляе зменшыць патрэбную магутнасць рухавікоў. Э. маюць нізкаразмешчанае крыло малога падаўжэння і высока паднятае гарыз. апярэнне. Скорасць да 500—550 км/гадз. Першыя Э. створаны ў 1932—35 Т.Карыо (Фінляндыя). Э., здольныя ўзнімацца на адносна вял. вышыню, наз.экраналётамі (з’явіліся ў ЗША у 1960-х г., у СССР у 1973).
Літ.:
Белавин Н.И. Экранопланы. Л., 1977.
Экранапланы: а — па схеме самалёта; б — па схеме лятаючага крыла; 1 — стартавы рухавік; 2 — маршавы (асноўны) рухавік.