ШАПІТО́ (франц. chapiteau літар. — капітэль, каўпак),

часовае цыркавое памяшканне для дэманстрацыі спектакляў. Звычайна — купалападобны брызентавы шацёр, які нацягваецца з дапамогай розных мацаванняў на высокія мачты (формы) і бакавыя стойкі. Унутры Ш. знаходзяцца манеж, месцы для гледачоў, неабходныя тэхн. прыстасаванні і закулісная частка. Хутка збіраецца і разбіраецца. Прызначаны пераважна для раз’язнога абслугоўвання гледачоў (перасовачныя цыркі-Ш.). Стацыянарныя Ш. ствараюць у гарадах, дзе няма пастаянных цыркавых будынкаў, у садах, парках у летні перыяд (летнія цыркі-Ш.). Узніклі ў 1830-я г. (Летні цырк. Елісейскія палі, Парыж). Пашырыліся ў ЗША і інш. краінах свету. У Расіі першае Ш. адкрыта ў 1830 у Маскве, на Беларусі — у 1947 у Мінску, у 1950—60-я г. перасовачныя цыркі-Ш. працавалі ў Гомелі.

Літ.:

Кузнецов Е.М. Цирк. 2 изд. М., 1971.

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)