У́ЛЬМАНІС, Улманіс (Ulmanis) Карліс (4.9.1877, Добельскі р-н, Латвія — 1942), латвійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Лейпцыгскім с.-г. ін-це (Германія) і ун-це Небраскі (ЗША); аграном. У 1913 вярнуўся ў Латвію. У 1917 нам. камісара Часовага ўрада Ліфляндскай губерні. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў партыі Латв. сял. саюз (крас. 1917). У ліст. 1918 — чэрв. 1921 старшыня Часовага ўрада Латвіі. Прэм’ер-міністр (у 1925—26, 1931, сак. 1934 — чэрв. 1940) і міністр (у 1926, 1931, 1934—36) замежных спраў Латвіі. У маі 1934 ажыццявіў дзярж. пераварот і стаў дыктатарам, з крас. 1936 прэзідэнт Латвіі. Падазрона ставіўся да нац.-культ. жыцця беларусаў Латвіі. У ліп. 1940 ва ўмовах далучэння Латвіі да СССР адхілены ад улады, дэпарціраваны. Памёр у турме г. Краснаводск (цяпер Туркменбашы, Туркменістан).

т. 16, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)