ФАКСТРО́Т (англ. foxtrot ад fox ліса + trot рысь, хуткі крок),

бальны танец. Муз. памер ​4/4, тэмп умерана хуткі, рытм сінкапіраваны. Характэрныя рысы: дробны слізготны крок, рухі метрычна роўныя, вар’іруюцца. Засн. на танц. рухах тустэпа.

Узнік у ЗША, пасля 1912 пашырыўся ў Еўропе. З сярэдзіны 1920-х г. паявіўся т.зв. квік-Ф. (хуткі Ф., квікстэп). Звычайны Ф. ва ўмерана хуткім тэмпе сталі называць слоу-Ф. (павольны Ф.). Адзін з абавязковых у праграме сучасных бальных танцаў. Жанравыя рысы Ф. ўвасоблены ў творах Дж.​Пучыні, Дз.​Шастаковіча. Элементы Ф. ёсць у музыцы бел. кампазітараў В.​Іванова, С.​Картэса, А.​Мдывані, В.​Помазава, В.​Раінчыка, Дз.​Смольскага і інш.

З 1950—60-х г. атрымаў пашырэнне ў нар. побыце на Беларусі. Уваходзіць у рэпертуар нар. інстр. ансамбляў і асобных выканаўцаў на розных інструментах.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)