ЦЫНКЕРНА́ГЕЛЬ (Zinkernagel) Рольф (н. 6.1.1944, г. Базель, Швейцарыя),
швейцарскі вучоны ў галіне імуналогіі. Замежны чл.Амер.нац.АН (1996), Аўстрал.АН (1996), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1998), Лонданскага каралеўскага т-ва (1998). Скончыў Базельскі ун-т (1968), дзе і працаваў. З 1971 у Лазанскім ун-це. З 1973 у Аўстрал. ун-це (Канбера). З 1975 у клініцы мед. даследаванняў г. Ла-Джола (ЗША). З 1979 у Цюрыхскім ун-це, з 1992 дырэктар Ін-та эксперым. імуналогіі ў Цюрыху. Навук. працы па механізмах імуналагічнай талерантнасці, памяці, распазнавання клеткамі імуннай сістэмы мікробаў і малекул уласнага арганізма. Вызначыў ролю лімфацытаў (кілераў) у абароне ад вірусаў, антыцел у клетачным імунным адказе пры аўтаімунных рэакцыях у запаленчых працэсах. Нобелеўская прэмія 1996 (з П.Дохерці).