падсямейства жукоў сям. пласцініставусых. Каля 2700 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі часцей трапляецца бронзаўка залацістая (Cetonia aurata); 2 віды, бронзаўка вял. зялёная (Potosia aeruginosa) і бронзаўка мармуровая (Liocola marmorata), рэдкія, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 0,8—11 см. Колер яркі: зялёныя, медна-чырвоныя, фіялетавыя, з метал. бляскам. У некаторых на галаве рогі. Крылы ў час палёту выпростваюцца праз выемкі ў надкрылах. Лятаюць у маі—верасні. Лічынкі С-падобныя, жывуць у трухлявай драўніне, дуплах, пнях, глебе, мурашніках, норах грызуноў. Жукі кормяцца бутонамі, кветкамі, маладымі пладамі і лісцем пладовых, тэхн. і дэкар. раслін. Зімуюць лічынкі і жукі. За год адно пакаленне. Бронзаўкі — прамежкавыя гаспадары скрэбня-волата, паразіта чалавека і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКУ́ЛАЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 13.9.1922, в. Емяльянаўская Валагодскай вобл., Расія),
рускі паэт. Скончыў Валагодскі пед.ін-т (1951). У 1968—89 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў паэзіі «Заваяванае шчасце» (1949), «Зялёны цэх» (1954), «Плуг і баразна» (1974, Дзярж. прэмія РСФСР імя А.М.Горкага 1974), «Вогнішча, якое грэла цябе» (1975), «Усходы» (1982), паэм «У завею» (1955), «Табою б ён ганарыўся...» (1957), «Пераадоленне» (1962), «Іў-гара» (1970), «Застаўся ў полі след» (1978), «Споведзь» (1980), кніг нарысаў. Лірыка Вікулава адметная глыбінным пранікненнем у нар. душу, спробай асэнсавання сацыяльных, духоўных і патрыятычных яе пачаткаў, лірычнай напеўнасцю, набліжанасцю да фальклору.
Літ.:
Коробов В.И. Сергей Викулов. М., 1980;
Оботуров В.А. Сергей Викулов: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I (Wilhelm; 22.3.1797, Берлін — 9.3.1888),
прускі кароль [1861—88] і герм. імператар [1871—88]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха Вільгельма III. Прафес. ваенны, ген. ад інфантэрыі (1840). Удзельнічаў у вайне 1814—15 кааліцыі еўрап. дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Пасля ўступлення на прускі прастол бяздзетнага старэйшага брата Фрыдрыха Вільгельма IV атрымаў тытул прынца (1840). Кіраваў задушэннем Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Ваен. губернатар Рэйнскай вобл. і Вестфаліі (з кастр. 1849). У 1858—61 рэгент пры псіхічнахворым Фрыдрыху Вільгельме IV, пасля яго смерці (2.1.1861) кароль. У 1867—71 прэзідэнт Паўночнагерманскага саюза. У час праўлення Вільгельма I актыўную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрываў прызначаны ім у 1862 прускі прэм’ер-міністр (у 1871 пасля аб’яднання герм. зямель у адзіную імперыю выбраны яе рэйхсканцлерам) О. фон Бісмарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКО́НЦІ ((Viskonti) Лукіна) (сапр.Вісконці ды Мадроне; 2.11.1906, г. Мілан, Італія — 17.3.1976),
італьянскі рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму ў італьян. кіно. Распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, гібель прыгажосці і мастацтва ў сучасным свеце — гал. тэмы фільмаў Вісконці, адметных вытанчанай пластычнай культурай: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Гібель багоў» (1969), «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974), «Бязвінны» (1976). Шэраг фільмаў Вісконці атрымаў прэміі міжнар. кінафестываляў. З 1945 ставіў спектаклі ў драм. і муз. т-рах (п’есы У.Шэкспіра, Т.Уільямса, Ж.Ануя, А.Мілера, А.Чэхава, оперы Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Р.Штрауса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941.
Сфарміравана 5—6 ліп. ў Вял.Айч. вайну. 9—11 ліп. разам з войскамі Чырв. Арміі вяло баі ў часВіцебска абароны 1941. Складалася з 4 батальёнаў (2 тыс.чал.): Асаавіяхіма (участак уздоўж берага Зах. Дзвіны ў раёне Мазурына, паўн.-ўсх. ўскраіна Віцебска, дзе 11 ліп. 1-я рота батальёна амаль уся загінула каля в. Журжава), Кастрычніцкага (баі на тэр. прадпрыемстваў, вуліцах горада, у раёне Смаленскай шашы і інш.), Першамайскага (цэнтр горада на левым беразе Зах. Дзвіны, дзе адбіваў неаднаразовыя спробы гітлераўцаў пераправіцца цераз раку), Чыгуначнага (раён воз. Лосвіда, у напрамку Суражскай шашы і інш.). 11 ліп. апалчэнцы пакінулі Віцебск разам з сав. войскамі, многія ўліліся ў іх рады, частка пайшла да партызан і падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1808—1918. Засн. на базе 5-класнага нар. вучылішча. Была пад папячыцельствам Віленскай навучальнай акругі (у 1829—50 Беларускай навучальнай акругі, у 1850—64 Пецярбургскай). Тэрмін навучання 7, з 1871 — 8 гадоў. Рыхтавала навучэнцаў да паступлення ва ун-т. Напачатку прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, з 1828 толькі дваран і чыноўнікаў. Выкладаліся філасофія, палітэканомія, права, польск., рус., лац., грэч., франц., ням. мовы, фізіка-матэм. і прыродазнаўчыя дысцыпліны. У розныя часы выкладчыкамі працавалі А.П.Сапуноў, М.Я.Нікіфароўскі, П.В.Шэйн, браты М. і В.Чысцяковы і інш. Сярод выпускнікоў і вучняў гімназіі І.І.Гарбачэўскі, Т.Заблоцкі, Я.Вуль, Л.Шапялевіч і інш. Гімназісты ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64. За час існавання гімназія падрыхтавала каля 3 тыс. юнакоў. Скасавана дэкрэтам ВЦВК ад 16.10.1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн ў 1918 як Віцебскі пед.ін-т на базе Віцебскага настаўніцкага інстытута. У 1919 пед.ін-т перайменаваны ў Ін-тнар. адукацыі, у 1923 аб’яднаны з БДУ. У 1930 адноўлены, у 1934—92 імя С.М.Кірава. З 1.9.1995 ун-т. У 1996/97 навуч.г. ф-ты: матэм., фіз., біял., філал., бел. філалогіі і гісторыі, мастацка-графічны, фізічнай культуры і спорту, дашкольнай педагогікі і псіхалогіі, педагогікі і методыкі пач. навучання, музычна-мастацкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Ун-т мае н.-д. лабараторыю па біялогіі Беларускага Паазер’я, бат. сад, музей П.М.Машэрава, гісторыі ВНУ, біял., літ., мастацкі. Выдае час. «Диалог. Карнавал. Хронотоп», «Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Фёдар Рыгоравіч) (20.2.1729, г. Кастрама, Расія — 15.4.1763),
рускі акцёр і тэатр. дзеяч. У 1741—48 вучыўся ў Маскве. Арганізаваў у Яраслаўлі аматарскую трупу, з 1750 — публічны т-р. У 1752 Волкаў і некалькі акцёраў былі выкліканы імператрыцай Елізаветай Пятроўнай у С.-Пецярбург; выступаў на прыватнай і прыдворнай сцэнах. Пазней залічаны ў трупу першага пастаяннага рус. публічнага т-ра (арганізаваны ў 1756 у Пецярбургу), з 1761 — дырэктар гэтага т-ра. У творчасці адышоў ад эстэт. канонаў класіцызму, ад пашыранай у той час урачыстай дэкламацыі. Праславіўся як выканаўца гал. роляў у трагедыях А.Сумарокава: Аскольд («Семіра»), Амерыканец («Прыстанішча дабрачыннасці»), Марс («Новыя лаўры»), з вял. майстэрствам іграў і ў камедыях. Імя Волкава прысвоена Яраслаўскаму драм. т-ру (1911).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НІЯ КАЎКА́ЗСКАЯ, Аран,
стараж. дзяржава ва Усх. Закаўказзі ў 4—3 ст. да н.э. — 10 ст.н.э. (у ніжнім цячэнні Аракса і Куры). Сталіцы Кабалака, Партаў (Барда), Ардэбіль. Першапачаткова саюз роднасных плямёнаў (албаны, уціі, каспіі і інш.), пазней рабаўладальніцкая, каля 3—5 ст.н.э.феад. дзяржава. Найб. магутнасці дасягнула ў час праўлення цара Урнайра (370-я г.), які распаўсюдзіў у Албаніі каўказскай хрысціянства. У пач. 5 ст. з’явілася алб. пісьменнасць. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідскага Ірана, супраць якога ў 451, 484, 571 адбыліся паўстанні. У 7 ст. іранскае панаванне змянілася візант. і хазарскім. У 713 заваявана арабамі. У 9 ст. распалася на княствы і з пач. 10 ст. большасць зямель Албаніі каўказскай увайшла ў склад Шырвана і інш. дзяржаў.