СЦЯПНЯ́К-КРАЎЧЫ́НСКІ (сапр. Краўчынскі) Сяргей Міхайлавіч
(13.7.1851, с. Новы Старадуб Пятроўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 23.12.1895),
рускі рэвалюцыянер-народнік, пісьменнік. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1870), вучыўся ў Лясным ін-це (1871—73). У 1872 чл. рэв. гуртка «чайкоўцаў». Увосень 1873 хадзіў у «народ». Быў арыштаваны, уцёк, у 1874 эмігрыраваў. Летам 1875 удзельнічаў у Герцагавінска-Баснійскім паўстанні 1875—78, супрацоўнічаў у газ. «Работник» (Жэнева). За ўдзел ва ўзбр. паўстанні ў італьян. правінцыі Беневента ў 1877 арыштаваны, амнісціраваны. З мая 1878 нелегальна жыў у Пецярбургу, быў чл. «Зямлі і волі», рэдагаваў 1-ы нумар час. «Земля и воля». 4.8.1878 забіў шэфа жандараў Н.В.Мезяннова. З 1878 у эміграцыі (Швейцарыя, Італія, з 1884 у Лондане). У пач. 1880-х г. далучыўся да «Народнай волі», але разыходзіўся з яе членамі па многіх пытаннях. У 1891 у Лондане заснаваў «Фонд вольнай рускай прэсы», арганізаваў англ. «Т-ва сяброў рускай свабоды» (1890), рэдагаваў яго орган — час. «Free Russia» («Свабодная Расія», вып. 1—3, 1890—92). У 1890-я г. адмаўляў тэрор як метад паліт. барацьбы. Аўтар гісторыка-публіцыст. кн. «Падпольная Расія» (1881—82 на італьян. мове; рус. пер. аўтара 1893), «Расія пад уладай цароў» (1885, на англ. мове, рус. пер. 1965), рамана «Андрэй Кожухаў» («Шлях нігіліста», 1889; рус. пер. 1898), аповесці «Домік на Волзе» (1889), драм. прапагандысцкіх казак, нарысаў і інш. Яго творчасці ўласцівы рамантычныя адносіны да рэчаіснасці, эмацыянальнасць, рэв. пафас.
Тв.:
Соч. 1—2. М., 1958;
Избранное. М., 1972.
Літ.:
Маевская Т.П. Слово и подвиг: Жизнь и творчество С.М.Степняка-Кравчинского. Киев, 1968.
т. 15, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)