СКІРГА́ЙЛА (у праваслаўі Іван; каля 1354—23.12.1394?),
князь полацкі, трокскі і кіеўскі ў ВКЛ. Сын Альгерда, брат Ягайлы. Пасля выгнання ў 1377 з Полацка кн. Андрэя Альгердавіча вял. кн. Ягайла пасадзіў там княжыць С. Палачане, незадаволеныя язычніцтвам С., у 1381 выгналі яго з княжання. На чале войска Ягайлы і пры дапамозе Інфлянцкага ордэна аблажыў на некалькі месяцаў Полацк, але горада не ўзяў. У гэты час прыняў праваслаўе. Калі ў канцы 1381 велікакняжацкі трон у Вільні захапіў Кейстут, войска, падначаленае С., прызнала ўладу новага вял. князя, а С. ўцёк у Інфлянты. Летам 1382 С. далучыўся да войска Ягайлы, удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках. У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Атрымаў ад Ягайлы Трокскае княства. З гэтага часу С. стаў другой уплывовай асобай у ВКЛ. Удзельнічаў у заключэнні Крэўскай уніі 1385 паміж ВКЛ і Польшчай, але застаўся праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве 1386 на чале войска ВКЛ перамог смаленскага кн. Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў ВКЛ Смаленскае княства. Вясной 1387 узяў Полацк, дзе захапіў у палон Андрэя Альгердавіча. У 1387 Ягайла пацвердзіў права С. на валоданне Трокскім і Полацкім княствамі, даў яму Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапошаск, Любашаны, Ігумен, Лагойск. У выніку Востраўскага пагаднення 1392 Ягайла фактычна прызнаў Вітаўта сваім намеснікам у ВКЛ і перадаў яму Трокскае княства, узамен Вітаўт абяцаў С. дапамагчы захапіць Кіеў. Вясной 1393 Вітаўт захапіў у кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча Жытомір і Оўруч і аддаў іх С., восенню 1393 перадаў С. Кіеў. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
т. 14, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)