ТАСКА́НА (Toscana),
вобласць у Цэнтр. Італіі, на ПнЗ Апенінскага п-ва. Абмываецца Лігурыйскім і Тырэнскім морамі. Пл. 23 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (2001). Уключае правінцыі: Маса-Карара, Лука, Пістоя, Фларэнцыя, Ліворна, Піза, Арэца, Сіена, Грасета. Гал. горад і эканам. цэнтр — Фларэнцыя. Большую ч. тэр. займаюць Апеніны; узбярэжжа нізіннае. Клімат міжземнаморскі. Каля 40% тэр. (пераважна ў гарах) пад лесам. Развітая эканам. вобласць. Здабыча кінавары, жал. руды, бурага вугалю, пірытаў, мармуру. Прам-сць: Чорная металургія, маш.-буд., хім., нафтаперапр., тэкст., папяровая. Пасевы пшаніцы і інш. збожжавых, цукр. буракоў, тытуню, агародніны. Каля 20% с.-г. угоддзяў пад садамі, вінаграднікамі, насаджэннямі аліў. Свіна- і авечкагадоўля. Турызм.
У пач. 3 ст. да н.э. (наз. Тусцыя, Этрурыя) заваявана рымлянамі, у канцы 5 ст. н.э. — остготамі, у 6 ст. — Візантыяй, потым лангабардамі. З канца 8 ст. ўваходзіла ва ўладанні Карла Вялікага (з 9 ст. маркграфства), з канца 10 ст. — у «Свяшчэнную Рым. імперыю». У 11—12 ст. на тэр. Т. ўтварыліся камуны Фларэнцыя, Лука, Сіена, Піза, Арэца і Пістоя з развітым рамесніцтвам і гандлем. У 1-й пал. 15 ст. Т. кіравала дынастыя фларэнційскіх Медычы, з 1737 — Латарынгская дынастыя. У час напалеонаўскіх войнаў акупіравана (1800) франц. войскамі, у 1801 на яе тэр. ўтворана каралеўства Этрурыя, якое ў 1807—08 далучана да Францыі. Венскі кангрэс 1814—15 аднавіў Вял. герцагства Тасканскае. У час Рысарджымента тэр. Т. ў 1860 далучана да Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1943) ням.-фаш. войскамі, вызвалена ў 1944 сіламі руху Супраціўлення.
т. 15, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)