этнічная група і рэліг. абшчына (каля 400 чал.). Жывуць у гарадах Наблус (Іарданія) і Халон (Ізраіль). С. — патомкі вавілонскіх каланістаў, пераселеных у 722 да к.э. ў Самарыю, якія змяшаліся з насельніцтвам Ізраільскага царства. З Бібліі прызнаюць толькі Пяцікніжжа ў асобай рэдакцыі. Лічаць свяшчэннай гару Герызім (каля г. Наблус). З канца 6 ст. да н.э. з-за абвастрэння рэліг.-паліт. супярэчнасцей адышлі ад іудзейскай абшчыны ў Іерусаліме. У 129 да н.э. хасманейскі правіцель Гіркан I (гл.Макавеі) разбурыў храм на гары Герызім. У 36 н.э. пры Понцію Пілаце рымляне ўчынілі крывавую расправу над С. Жылі таксама ў Егіпце, Сірыі, Рыме, Грэцыі і Іране.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПЦЫ́,
адна са старых рускіх сектаў, якая вылучылася з хрыставер’я (хлыстоў). У 1760—70-я г. пашырылася сярод аброчных сялян у шэрагу цэнтр. губерняў Расіі. Заснавальнікам і найб. аўтарытэтам С. лічыўся К.Селіванаў. Аскетызм у С. прыняў крайнюю форму: патрабаваў ад вернікаў «вогненнага хрышчэння» — кастрацыі. Лічылася, што менавіта С. (са спасылкай на Евангелле, дзе ідзе размова пра С., якія самі спаклалі сябе для царства нябеснага) будуць тымі выбраннікамі, «ангелападобнымі людзьмі», якія застануцца пасля страшнага суда. Царскія ўлады жорстка праследавалі С., неаднаразова ссылалі. У пачатку 20 ст. налічвалася прыблізна 5—6 тыс. С. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі абшчыны С. распаліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́НІЯ ВЯЛІ́КАЯ,
старажытная дзяржава армян, якая займала большую частку Армянскага нагор’я. Пачала складвацца ў 6 ст. да н.э., пазней — сатрапія Ахеменідаў. У канцы 4—3 ст. да н.э. самастойнае царства. У 3—2 ст. да н.э. заваявана Арташэсам I і абвешчана незалежнай дзяржавай. Пры Тыгране II [95—56 да н.э.] самая вял. дзяржава эліністычнага Усходу. У вайне з Рымам страціла амаль усе заваяванні, у 114 абвешчана рымскай правінцыяй. Пазней царская ўлада ў Арменіі Вялікай адноўлена. На пач. 4 ст.н.э. пры Аршакідах уведзена хрысціянства як афіц. рэлігія. Феад. раздробленасць, барацьба паміж Іранам і Рымам за панаванне на Усходзе аслабілі Арменію Вялікую. У 387 падзелена паміж іранскімі Сасанідамі і Візантыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБ (сапр.Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),
заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус.ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКА́ВІ (Аўрам Якаўлевіч) (1835, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 1919),
расійскі ўсходазнавец, семітолаг. Адукацыю атрымаў у Віленскім рабінскім вучылішчы, ун-тах Пецярбурга, Берліна, Парыжа. З 1877 заг. аддзела яўр. кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу; склаў вопіс рукапісаў, якія там знаходзіліся, займаўся іх публікацыяй. Даследаванне Гаркаві «Сказанні мусульманскіх пісьменнікаў пра славян і рускіх...» (1870), якое змяшчае вытрымкі з твораў 26 араб. пісьменнікаў 7—10 ст., — важная крыніца па гісторыі Стараж. Русі. Аўтар шматлікіх прац, прысвечаных гісторыі яўрэяў, хазараў («Сказанні яўрэйскіх пісьменнікаў пра хазараў і хазарскае царства», 1874), караімаў («Нарысы гісторыі караімства», 1897—1902), яўр. эпіграфіцы, этнаграфіі, філалогіі і інш. Адзін з рэдактараў «Яўрэйскай энцыклапедыі» (т. 1—16, 1908—13).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕ́ТРА,
у грэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і земляробства, дачка Кронаса і Рэі, сястра Зеўса. Дачку Д. Персефону пакахаў і ўкраў бог падземнага царстваАід. Пакуль Д. блукала ў пошуках дачкі, зямля перастала плоданасіць, засохлі дрэвы і травы, загінулі статкі, пачаўся голад. Зеўс загадаў вярнуць Персефону, каб летнія месяцы яна праводзіла на зямлі, зімовыя — у царстве Аіда. У г. Элеўсін быў узведзены храм Д., дзе 9 дзён у верасні спраўлялі містэрыі, у гонар Д. і Персефоны ладзілі святы Фесмафорыі. Свае творы Д. прысвяцілі Гамер, Калімах, Феакрыт, Г.Сакс, Ф.Шылер і інш. У рым. міфалогіі Д. адпавядае Цэрэра.
Л.М.Драбовіч.
Дэметра («Дэметра Кнідская»). Скульптар Брыяксіс. 340—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІКІ́ЙСКАЯ АРМЯ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
княства, потым царства на тэр.Кілікіі ў 1080—1375. Сталіца — г. Сіс. Узнікла ў выніку масавых уцёкаў у Кілікію армян (у т. л. знаці) пасля заваявання Арменіі туркамі-сельджукамі і візантыйцамі. Тут правіла дынастыя Рубенідаў (назва ад імя першага князя Рубена). Да 1182 ваявала з Візантыяй.
Найб. росквіту дасягнула пры Левоне II (з 1198 цар). Развіваліся рамёствы, гандаль, культура (цэнтры — гарады Сіс, Тарс, Мамедыя і інш.), сельская гаспадарка. З 1-й пал. 13 ст. васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1375 заваявана мамлюкамі.
Літ.:
Микаелян Г.Г. История Киликийского армянского государства. Ереван, 1952.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Кілікійская армянская дзяржава. Трыпціх-рэлікварый. Серабро з пазалотай. 1293.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),
апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СА,
старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст.н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў I ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.