МЕСІ́Я (ад стараж.-яўр. памазаннік),

1) у іудаізме і хрысціянстве «божы пасланец», «выратавальнік», які павінен знішчыць зло і ўсталяваць «божае царства». Першапачаткова М. называўся цар, які пры ўступленні на трон памазваўся асвячоным алеем, у інш. выпадках — ідэальны дзярж. кіраўнік або святар. У час асіра-вавілонскага, персідскага, рымскага панавання над яўрэямі, калі няўдалыя спробы вызвалення пахіснулі веру ў магутнасць Яхве, у іудаізме склаўся класічны вобраз М. як збавіцеля, выратавальніка, які павінен узначаліць яўр. народ, вызваліць яго ад іншаземнага панавання і забяспечыць яму пануючае становішча сярод іншых народаў. У хрысціянстве ідэя М. ўвасобілася ў вобразе Ісуса Хрыста, які вёў радаслоўную ад цара Давіда і ахвяраваў сабою для выратавання ўсяго чалавецтва ад першароднага граху; уваскрослы Хрыстос павінен прыйсці на зямлю ў другі раз, каб канчаткова знішчыць зло і вырашыць лёс чалавецтва. Ідэя аб М. прысутнічае ў інш. рэлігіях свету (Вішну — у індуізме, Майтрэя — у будызме, Саош’янт — у зораастрызме і інш.); яна была характэрна для многіх сял. і нац.-вызв. рухаў. Многія сучасныя нетрадыц. культы ўвасабляюць ідэю М. ў вобразах заснавальнікаў гэтых вераванняў.

2) Пераноснае — збавіцель, выратавальнік.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)