ФЕНАКО́ПІЯ,

няспадчынная змена фенатыпу (мадыфікацыя), падобная на праяўленне пэўных змен генатыпа (мутацый). Звычайна з’яўляецца вынікам уздзеяння фіз. і хім. агентаў на генетычна нармальны (немутантны) арганізм, што развіваецца. Напр., частае ўжыванне алкаголю цяжарнай жанчынай можа выклікаць парушэнне развіцця зародка, падобнае на спадчынны сіндром — хваробу Даўна. З высокай частатой Ф. індуцыруюцца на пэўных стадыях антагенезу (крытычныя перыяды); адзін і той жа агент на розных стадыях выклікае розныя Ф., а розныя фактары пры ўздзеянні на адну і тую ж стадыю — аднолькавыя. Фенакапіраванне выкарыстоўваецца як метад вывучэння заканамернасцей рэалізацыі генет. інфармацыі ў ходзе антагенезу.

Р.​Г.​Заяц.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТО́РЫСТЫ ВАДАРО́Д, фторавадарод,

злучэнне фтору з вадародам (HF).

Бясколерны газ ці вадкасць з рэзкім пахам, tпл -83, 36 °C, tкіп 19,52 °C, шчыльн. вадкага 980 кг/м³. Малекулы звычайна асацыіраваныя. Водны раствор — фторыставадародная кіслата. Рэагуе з металамі з утварэннем фтарыдаў, з аксідамі — оксіфтарыдаў ці фтарыдаў, замяшчае галагены ў галагенідах металаў. Добры растваральнік неарган. і арган. злучэнняў. Атрымліваюць узаемадзеяннем флюарыту (CaF2) з канцэнтраванай сернай к-той. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе, у вытв-сці хладонаў, фтарапластаў і інш. Таксічны, раздражняе дыхальныя шляхі, на скуры выклікае язвы і апёкі. ГДК у паветры 0,005 мг/м³, у вадзе 0,05 мг/л.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛО́РУ ДЫАКСІ́Д,

злучэнне хлору з кіслародам, ClO2.

Зеленавата-жоўты газ, у вадкім стане ярка-чырв., у цвёрдым чырванавата-жоўты; tпл 59,5 °C, tкіп 11 °C. Добра раствараецца ў вадзе, сернай і воцатнай к-тах, чатыроххлорыстым вугляродзе. Мае каля 26,3% актыўнага хлору (колькасць Cl2, якая вылучаецца пры ўзаемадзеянні з салянай к-той). Моцны акісляльнік. Атрымліваюць аднаўленнем хларатаў SO2 шчаўевай або салянай к-тамі. Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін, цэлюлозы ў вытв-сці паперы вышэйшых гатункаў; абясшкоджання сцёкавых вод, якія маюць у сабе фенолы; для падрыхтоўкі пітной і тэхнал. вады. Раздражняе дыхальныя шляхі; ГДК у паветры 0,1 мг/м³.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАМП (ням. Stampfe ад італьян. stampa пячатка),

1) штэмпель, пячатка, найчасцей прамавугольная, з выпуклым адваротным надпісам (малюнкам) назвы і адраса ўстановы, арг-цыі, прадпрыемства, якую звычайна ставяць у верхняй частцы дзелавых дакументаў; таксама сам адбітак, зроблены такой пячаткай.

2) Прылада або форма для серыйнага вырабу розных прадметаў спосабам ціску або чаканкі (гл. Штампоўка).

3) У пераносным сэнсе — трафарэт, шаблон, гатовы ўзор, які слепа пераймаюць. Адрозніваюць Ш.: ідэалаг., літ., моўныя, у мастацтве. Яны служаць для адлюстравання ў пэўных формах той ці інш. маст. задумы, настрою, ідэі (напр., моўны Ш. «чорнае золата» адпавядае паняццям «нафта», «вугаль»).

т. 17, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКО́РТ (франц. escorte ад італьян. scorta той, хто суправаджае),

група караблёў, самалётаў, вайск. падраздзяленне, прызначаныя для аховы (прыкрыцця) і суправаджэння. У ВМФ (ВМС) Э. з эсмінцаў, фрэгатаў і інш. караблёў, а часам і самалётаў непасрэдна ахоўваюць трансп. судны, што ідуць у складзе канвояў, а таксама суправаджаюць (прыкрываюць) на пераходзе морам адзіночныя і невял. групы надводных караблёў, падводных лодак і транспартаў. Ганаровы Э. на матацыклах, аўтамабілях і самалётах-знішчальніках прызначаецца для суправаджэння кіраўнікоў дзяржаў і інш. дзярж. і ваен. дзеячаў. У шэрагу краін прадугледжана таксама вылучэнне ганаровага Э. пры пахаванні ваеннаслужачых і інш. асоб. Гл. таксама Канвой.

т. 18, кн. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФІ́Р (грэч. aither) сусветны, светлавы эфір, гіпатэтычнае ўсёпранікальнае асяроддзе, якому ў класічнай (нерэлятывісцкай) фізіцы надавалася роля пераносчыка святла і эл.-магн. узаемадзеянняў.

Мех. мадэль Э., надзеленага ўласцівасцямі абсалютна цвёрдага цела, была вельмі супярэчлівая. Каб забяспечыць вял. скорасць эл.-магн. хваль (гл. Скорасць святла) і іх папярочнасць, Э. мусіў мець вял. пругкасць і ў той жа час не павінен быў аказваць супраціўлення мех. руху ў ім макраскапічных цел (напр., планет). Праблема Э. ў фізіцы была знята пасля стварэння адноснасці тэорыі і ўстанаўлення факта матэрыяльнасці эл.-магн. поля, якое не патрабуе спец. носьбіта.

т. 18, кн. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НКА 1) найменшы з натуральных лікаў n = 1. Пры множанні адвольнага ліку на 1 атрымліваецца той жа самы лік.

2) Элемент e мноства M наз. адзінкай, у адносінах да бінарнай алг. аперацыі *, калі для адвольнага элемента a мноства M выконваецца роўнасць a * e = a, або e * a = a (абедзве роўнасці незалежныя, г. зн., што ў агульным выпадку a * b ≠ b * a). Адрозніваюць левыя і правыя адзінкі: a * eп = a і eл * a = a. Калі на мностве M вызначана некалькі бінарных аперацый (напр., множанне і складанне лікаў), то e наз. адзінкай толькі ў адносінах да множання, у адносінах да складання — нулём.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЯВЫ́ Леанід Сяргеевіч (н. 17.12.1928, Кіеў),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Ташкенцкі ін-т тэатр. мастацтва (1950), Школу-студыю МХАТ (1955). На сцэне з 1950. З 1961 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, з 1988 у т-ры «Ленком». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Блахін («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Сярпілін («Салдатамі не нараджаюцца» паводле К.​Сіманава). З 1965 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Семнаццаць імгненняў вясны» (Дзярж. прэмія Расіі імя бр. Васільевых, 1976), «Выконваючы абавязкі», «Узброены і вельмі небяспечны», «Той самы Мюнхаўзен», «Пакроўскія вароты», «Нябёсы запаветныя» і інш.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КЕР (Hooker) Джозеф Долтан (30.6.1817, Хейлсуэрт, Вялікабрытанія — 10.12.1911),

англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1874). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1859), чл. Парыжскай АН (1866). Вучыўся ва ун-це г. Глазга. З 1855 у Бат. садзе ў К’ю (Лондан), у 1865—85 дырэктар. У 1873—78 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Аўтар (разам з Дж.​Бентамам) працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Адзін з першых прапагандыстаў дарвінізму. Апрацаваў калекцыі Ч.​Дарвіна з а-воў Галапагас. Навук. працы па батаніка-геагр. і фларыстычных даследаваннях Аўстраліі, Паўн. Індыі і Непала.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН (Anderson) Шэрвуд (13.9.1879, г. Камдэн, штат Агайо, ЗША — 8.3.1941),

амерыканскі пісьменнік. Першы раман «Сын Уіндзі Макферсана» (1916). Вядомасць прынеслі зб-кі апавяданняў «Уайнсбург, Агайо» (1919), «Трыумф яйка» (1921), «Коні і людзі» (1923) і інш. Даследаваў уплыў індустрыялізацыі і сац. адчужэння на чалавечую псіхіку (раманы «Людзі, якія маршыруюць», 1917; «Па той бок жадання», 1932, і інш.). Пад уплывам фрэйдызму напісаны раманы «Мноства шлюбаў» (1923), «Цёмны смех» (1925). Як бескампрамісны рэаліст і праніклівы псіхолаг зрабіў уплыў на некаторых амер. пісьменнікаў 20 ст.

Тв.:

Бел. пер. — Папяровыя шарыкі;

Ніхто не ведае;

Прыстойнасць;

Хлусня: [Навелы // Далягляды. Мн., 1989;

Рус. пер. — Избранное. М., 1983.

Ш.Андэрсан.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)