ЭФІ́Р (грэч. aither) сусветны, светлавы эфір, гіпатэтычнае ўсёпранікальнае асяроддзе, якому ў класічнай (нерэлятывісцкай) фізіцы надавалася роля пераносчыка святла і эл.-магн. узаемадзеянняў.

Мех. мадэль Э., надзеленага ўласцівасцямі абсалютна цвёрдага цела, была вельмі супярэчлівая. Каб забяспечыць вял. скорасць эл.-магн. хваль (гл. Скорасць святла) і іх папярочнасць, Э. мусіў мець вял. пругкасць і ў той жа час не павінен быў аказваць супраціўлення мех. руху ў ім макраскапічных цел (напр., планет). Праблема Э. ў фізіцы была знята пасля стварэння адноснасці тэорыі і ўстанаўлення факта матэрыяльнасці эл.-магн. поля, якое не патрабуе спец. носьбіта.

т. 18, кн. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)