ІЗАМЕРЫ́Я (ад іза... + грэч. meros доля, частка) y хіміі, з’ява існавання злучэнняў (пераважна арган.) з аднолькавай малекулярнай формулай, але рознай структурнай і прасторавай будовай і таму рознымі фіз. і хім. ўласцівасцямі. Такія злучэнні наз. ізамерамі.
Адкрыта ням. хімікам Ю.Лібіхам (1823), які паказаў, што існуюць 2 розныя па ўласцівасцях рэчывы аднолькавага саставу: AgCNO — фульмінат Ag-O-N=C і ізацыянат Ag-N=C=O серабра. Тэрмін «І.» ўведзены швед. хімікам Ё.Берцэліусам (1830), які даследаваў вінную і вінаградную к-ты. Далейшае развіццё І. атрымала ў навук. працах А.М.Бутлерава, Я.Х.Гофа, Ф.А.Кекуле, А.Пастэра, У.Прэлага. Адрозніваюць структурную ізамерыю (асобны выпадак — таўтамерыя) і прасторавую ізамерыю (стэрэаізамерыю), якую падзяляюць на энантыямерыю (аптычную ізамерыю) і дыястэрэамерыю (асобны выпадак — геаметрычная ізамерыя). Гл. таксама Дыястэрэамеры, Стэрэахімія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ДА (ісп. corrida de toros літар. бег быкоў),
бой быкоў, нац.ісп. відовішча. Вядома са старажытнасці, звязана з тагачасным культам быка. З пач. 18 ст. — традыц. цыркавое відовішча ў Іспаніі, Партугаліі, Паўд. Францыі і краінах Лац. Амерыкі, якое звычайна наладжваецца ў час свят. Адбываецца на спец. арэне ці абгароджанай пляцоўцы. Кожная К. праходзіць у некалькі этапаў: спачатку тарэра (удзельнікі К.) дражняць быка чырв. плашчамі, потым пікадоры (конныя тарэра) наносяць жывёле лёгкія ўдары доўгімі пікамі, а бандэрыльё раздражняюць яе кароткімі коп’ямі (бандэрыльямі); завяршае К. матадор (гал. фігура К.), які трапным ударам шпагі ў загрывак забівае раз’юшанага быка. У краінах, дзе пашырана К., у яе ёсць шмат праціўнікаў, якія разглядаюць К. як крывавае, небяспечнае для людзей, негуманнае ў адносінах да жывёлы і таму амаральнае відовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
раннедзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Кіеўскай і Жытомірскай абл. Украіны і ПдУ Беларусі (нізоўі р. Прыпяць з гарадамі Брагін і Мазыр) у 11—15 ст. Вылучылася ў выніку драблення Кіеўскай Русі. Сталіца — г.Кіеў. Яго ўладальнік лічыўся (з канца 12 ст. фармальна) вярх. сюзерэнам усёй Русі, таму К.к. не мела трывалай княжацкай дынастыі і за валоданне ім сапернічалі прадстаўнікі розных адгалінаванняў Рурыкавічаў. У 1240 заваявана Залатой Ардой, ханы якой кіравалі княствам праз падуладных князёў, а з канца 13 ст. праз свайго баскака. У 1362 уключана ў склад ВКЛ. З гэтага часу яго князямі былі сваякі вял. князёў ВКЛ. У канцы 14 ст. пераўтворана ў намесніцтва, у 1440 адноўлена. Скасавана ў 1470, на яго тэр. створана Кіеўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎКІ́П (Leukippos; каля 550—400 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, адзін са стваральнікаў атамістычнага вучэння. Вучань Зянона Элейскага, настаўнік Дэмакрыта. Пасля 450 заснаваў філас. школу ў Абдэры. Л. прыпісваюць творы «Вялікі дыякосмас», «Пра розум». Ён першы ўстанавіў закон прычыннасці і закон дастатковага абгрунтавання: «Ні адна рэч не ўзнікае беспрычынна, але ўсё ўзнікае на якой-небудзь падставе і ў сілу неабходнасці». Увёў у навук. ўжытак паняцці: абсалютнай пустаты; атамаў, якія рухаюцца ў гэтай пустаце; механічнай неабходнасці. Сцвярджаў, што пустата раздзяляе ўсё існае на мноства элементаў, якія ўяўляюцца аднароднымі, непарыўнымі, а таму і непадзельнымі (atomoi). Паводле Л., атамы нязменныя, не валодаюць якасцю і адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі велічынёй і формай; знаходзяцца ў вечным руху і ўтвараюць усё мноства рэчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЕ ТЭ́ЛЕБАЧАННЕ,
сістэма тэлебачання, у якой тэлевізійны сігнал выражаны паслядоўнасцю кодавых (лічбавых) камбінацый эл. імпульсаў. Адрозніваецца адсутнасцю назапашвання скажэнняў сігналу пры перадачы на вял. адлегласці, высокімі перашкодаўстойлівасцю і якасцю перадачы тэлевізійных відарысаў, магчымасцю апрацоўкі на ЭВМ і стварэння аўтаматызаваных комплексаў падрыхтоўкі тэлевізійных праграм.
Сігнал Л.т. патрабуе значнай прапускной здольнасці каналаў сувязі, і таму выкарыстоўваюць высокаэфектыўныя метады лічбавай мадуляцыі і сцісканне лічбавага патоку ў некалькі разоў, што забяспечвае, напр., у тэлевіз. вяшчанні перадачу некалькіх праграм звычайнай, а таксама высокай выразнасці ў паласе частот стандартнага тэлевізійнага канала. Аперацыі пры перадачы (перашкодаўстойлівае кадзіраванне, змяншэнне лішкавасці і інш.), прыёме (узмацненне, лічбавая апрацоўка, дэмадуляцыя) і відэазапісе ажыццяўляюцца над лічбавым тэлевіз. сігналам, які пераўтвараецца ў аналагавы сігнал перад узнаўленнем (напр., на экране кінескопа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФІЛІ́Я (ад мона... + ...філія),
паходжанне групы арганізмаў ад агульнага продка; адзін з асн. прынцыпаў эвалюцыі арган. свету. Ідэя М. складае аснову сучаснай сістэматыкі. Класічнае разуменне М.: узнікненне таксона любога рангу ад адзінага родапачынальнага віду на аснове дывергенцыі або адаптыўнай радыяцыі. Распаўсюджанне з’яў эвалюцыйнага паралелізму ў філагенезе розных груп арганізмаў ускладняе практычнае выкарыстанне класічнай канцэпцыі М. ў сістэматыцы, таму што мяжу паміж продкавым і нашчадкавым таксонамі часта перасякаюць некалькі філетычных ліній, што эвалюцыяніруюць паралельна, агульны продак якіх існаваў на больш ранніх этапах філагенезу. Гэты прыватны выпадак М. наз. парафіліяй. Амер. палеантолаг Дж.Сімпсан прапанаваў (1960) разглядаць таксон як монафілетычны, калі ён паходзіць адным або некалькімі каранямі ад аднаго таксона больш нізкага рангу (напр., тып — ад класа, клас — ад атрада і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦАВАСЛАБО́ДСКІ БОЙ 1944,
бой партызанскіх 277-га палка і 278-га атрада па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў ноч на 23.3.1944 у Вял.Айч. вайну. Партыз. разведка ўстанавіла, што ў гарнізон Пацава Слабада прыбыў на адпачынак ням. зенітны батальён 4-й танк. арміі, таму па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ВАГ І.З.Ізоха і нач. штаба М.А.Баранава быў падрыхтаваны план бою. Арганізаваўшы засаду на выпадак падыходу варожых падмацаванняў, партызаны амаль адначасова атакавалі фаш. гарнізоны ў абедзвюх вёсках, у ходзе бою спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, вял. колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Партызаны страцілі 4 чал.
паслядоўнасць ферментатыўных рэакцый акіслення глюкоза-6-фасфату да вуглякіслага газу і вады. Адбываецца ў цытаплазме жывых клетак і суправаджаецца ўтварэннем адноўленага каферменту нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ∙H).
Агульнае ўраўненне П.ц.: 6 глюкоза-6-фасфат + 12 НАДФ = 6 CO2 + 12 НАДФ∙H + 12H+ + 5 глюкоза-6-фасфат + H3PO4. Звычайна не выкарыстоўваецца клеткай для атрымання энергіі, таму што не з’яўляецца асн. шляхам абмену глюкозы. Біял. значэнне П.ц. — забеспячэнне клеткі адноўленым НАДФ, неабходным для біясінтэзу тлустых к-т, халестэрыну, стэроідных гармонаў, пурынаў і інш.найважн. злучэнняў. Выяўлены ў жывёл, раслін, мікраарганізмаў. У млекакормячых высокая актыўнасць П.ц. выяўляецца ў печані, кары наднырачнікаў, тлушчавай тканцы, малочнай залозе ў перыяд лактацыі і ў эмбрыянальных тканках, нізкая — у сардэчнай і шкілетных мышцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),
род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.
Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СТЫ СКАЗ,
сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.