МОНАФІЛІ́Я (ад мона... + ...філія),

паходжанне групы арганізмаў ад агульнага продка; адзін з асн. прынцыпаў эвалюцыі арган. свету. Ідэя М. складае аснову сучаснай сістэматыкі. Класічнае разуменне М.: узнікненне таксона любога рангу ад адзінага родапачынальнага віду на аснове дывергенцыі або адаптыўнай радыяцыі. Распаўсюджанне з’яў эвалюцыйнага паралелізму ў філагенезе розных груп арганізмаў ускладняе практычнае выкарыстанне класічнай канцэпцыі М. ў сістэматыцы, таму што мяжу паміж продкавым і нашчадкавым таксонамі часта перасякаюць некалькі філетычных ліній, што эвалюцыяніруюць паралельна, агульны продак якіх існаваў на больш ранніх этапах філагенезу. Гэты прыватны выпадак М. наз. парафіліяй. Амер. палеантолаг Дж.​Сімпсан прапанаваў (1960) разглядаць таксон як монафілетычны, калі ён паходзіць адным або некалькімі каранямі ад аднаго таксона больш нізкага рангу (напр., тып — ад класа, клас — ад атрада і г.д.).

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)