ІЗАМЕРЫ́Я (ад іза... + грэч. meros доля, частка) y хіміі, з’ява існавання злучэнняў (пераважна арган.) з аднолькавай малекулярнай формулай, але рознай структурнай і прасторавай будовай і таму рознымі фіз. і хім. ўласцівасцямі. Такія злучэнні наз. ізамерамі.
Адкрыта ням. хімікам Ю.Лібіхам (1823), які паказаў, што існуюць 2 розныя па ўласцівасцях рэчывы аднолькавага саставу: AgCNO — фульмінат Ag-O-N=C і ізацыянат Ag-N=C=O серабра. Тэрмін «І.» ўведзены швед. хімікам Ё.Берцэліусам (1830), які даследаваў вінную і вінаградную к-ты. Далейшае развіццё І. атрымала ў навук. працах А.М.Бутлераеа, Я.Х.Гофа, Ф.А.Кекуле, А.Пастэра, У.Прэлага. Адрозніваюць структурную ізамерыю (асобны выпадак — таўтамерыя) і прасторавую ізамерыю (стэрэаізамерыю), якую падзяляюць на энантыямерыю (аптычную ізамерыю) і дыястэрэамерыю (асобны выпадак — геаметрычная ізамерыя). Гл. таксама Дыястэрэамеры, Стэрэахімія).
Т.Т.Лахвіч.
т. 7, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)