ВО́ЙТЭС ((Voites) Маргарыта) (н. 30.10.1936, Масква),

эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1979). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1964). З 1964 салістка т-ра «Ванемуйне», з 1969 — т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый у операх: Канстанца («Выкраданне з сераля» В.А.Моцарта), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Нарына, Лючыя («Дон Паскуале», «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Альцына («Альцына» Г.Ф.Гендэля); у аперэтах: Віялета («Фіялка Манмартра» І.Кальмана), Адэль («Лятучая мыш» І.Штрауса). Выступае як камерная спявачка.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Скот) (24.11.1868, г. Тэксаркана, ЗША — 1.4.1917),

амерыканскі піяніст, кампазітар, джазавы спявак. Атрымаў вядомасць як аўтар і выканаўца фартэпіянных твораў (каля 50) у стылі рэгтайм, які паўплываў на стылістыку музыкі яго балета «Танцавальны рэг» (1902), оперы «Трыманіша» (1911), мюзікла «Калі» (1916) і інш. Сярод інш. твораў інстр. п’есы «Сцяг з кляновым лістом» (1899), «Канферансье», мелодыя якой — вядучая муз. тэма фільма «Афера» (1973) — адрадзіла цікавасць да яго творчасці. Аўтар падручніка «Школа рэгтайма».

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУМАХМА́ТАЎ (Асанхан Джумахматавіч) (н. 16.7.1923, г. Арашан, Кыргызстан),

кіргізскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958, клас Б.Хайкіна). З 1948 дырыжор (з перапынкам), у 1973—83 гал. дырыжор Кіргізскага т-ра оперы і балета. У 1962—76 адначасова гал. дырыжор Аркестра нар. інструментаў імя К.Арозава, з 1969 Сімф. аркестра радыё і тэлебачання Кыргызстана. Муз. кіраўнік многіх оперных і балетных спектакляў. Старшыня Кірг. муз. т-ва (з 1987). Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ТНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.6.1930, Масква — 9.10.1994),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1993). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Сярод твораў: оперы «Тыль Уленшпігель» (1984), «Містэрыя апостала Паўла» (1986), балеты «Геолагі» (паст. 1963), «Ваніна Ваніні» паводле Стэндаля (паст. 1961), «Малы Цахес, празваны Цыноберам» паводле Э.Т.А.Гофмана (паст. 1970); «Пяць духоўных песнапенняў» (1970); 5 сімфоній (1950—69); камерна-інстр. ансамблі; канцэрт для духавых інструментаў (1968); фп. п’есы; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НДХАЛЬМ ((Lindholm) Берыт Марыя) (н. 18.10.1934, Стакгольм),

шведская спявачка (драм. сапрана). Скончыла оперна-драм. школу ў Стакгольме (1963). З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах Еўропы і Амерыкі. Адна з лепшых сучасных выканальніц сапранавых партый у операх Р.Вагнера: Брунгільда, Ізольда, Лізавета і Венера, Эльза («Валькірыя», «Трыстан і Ізольда», «Тангейзер», «Лаэнгрын»). Сярод інш. партый: Аіда, Амелія («Аіда», «Бальмаскарад» Дж.Вердзі), Леанора («Фідэліо» Л. Бетховена), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Электра («Электра» Р.Штрауса), Касандра («Траянцы» Г.Берліёза).

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫРЗАБА́ЕЎ (Артык) (н. 11.5.1930, Бішкек),

кіргізскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Муз. вучылішча імя Мураталы Курэнкеева ў г. Фрунзе (1954). З 1954 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Валодае голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Тактагул, Семетэй («Тактагул», «Айчурэк» У.Уласава, А.Малдыбаева, У.Ферэ), Арцём («Ак шумкар» С.Раўзава), Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Яга, Рыгалета, Жэрмон («Атэла», «Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ).

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ДА ((Abbado) Клаўдзіо) (н. 26.6.1933, Мілан),

італьянскі дырыжор і піяніст. Скончыў Міланскую кансерваторыю па класах фп. (1953) і кампазіцыі (1955). Выступаў як піяніст. З 1969 дырыжор, муз. і маст. кіраўнік (да 1986) т-ра «Ла Скала», з 1971 адначасова гал. дырыжор Венскага філарманічнага, з 1979 Лонданскага сімфанічнага, з 1989 Берлінскага філарманічнага аркестраў. Кіраўнік створанага ў 1982 філарманічнага аркестра «Ла Скала». З 1986 маст. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Лаўрэат міжнар. конкурсу маладых дырыжораў імя Дз.Мітропуласа (Нью-Йорк, 1963).

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Медэя Пятроўна) (н. 10.9.1930, Тбілісі),

грузінская спявачка (сапрана), педагог. Нар. арт. Грузіі (1965), нар. арт. СССР (1976). Дачка П.В.Аміранашвілі. Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Груз. т-ра оперы і балета. Сярод лепшых партый: Маро («Даісі» З.Паліяшвілі), Мзія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу «Мадам Батэрфляй» (Осака, 1970). Дзярж. прэмія Груз. ССР 1971.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧЫ́ННІКАЎ (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 29.5.1936, г. Варонеж),

рускі кампазітар і дырыжор. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1962, клас Ц.Хрэннікава). З 1962 дырыжор розных аркестраў, у т. л. Усесаюзнага радыё і тэлебачання. Сярод твораў: 2 оперы; балеты; араторыі «Гімны Айчыне» і «Сергій Раданежскі»; кантата, 4 сімфоніі, 6 сюіт і інш. для сімф. арк.; камерна-інстр. творы; хары; рамансы; музыка да кінафільмаў «Вайна і мір», «Андрэй Рублёў», «Яны змагаліся за Радзіму», «Іванава дзяцінства», «Барыс Гадуноў» і інш.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕКІ́ЛАВА (Лейла Махат кызы) (н. 29.1.1927, Баку),

азербайджанская балерына. Нар. арт. СССР (1967). Скончыла Бакінскае харэагр. вучылішча (1943), з 1953 выкладала ў ім. У 1943—76 салістка Азерб. т-ра оперы і балета імя М.Ф.Ахундава. Сярод партый у нац. балетах: Гюльянак («Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі), Айша («Сем прыгажуняў» К.Караева), Гюльшэн («Гюльшэн» С.Гаджыбекава); у класічных — Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева). З 1976 кіраўнік Ансамбля танца Азербайджана.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)