ТАТЭ́М (англ. totem ад індз. ататэм — яго род),

1) жывёла, расліна, прадмет ці з’ява прыроды, якія служаць аб’ектам шанавання пэўнай родавай групы. Кожны род меў свой Т. і насіў яго назву (гл. Татэмізм).

2) Герб з выявай жывёлы, расліны, прадмета ці з’явы прыроды, якія з’яўляюцца аб’ектам шанавання.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫСТЫЦЭ́РК (ад грэч. kystis пузыр + kerkos хвост),

разнавіднасць лічынкі стужачных чарвей — фіны. Характэрна развіццё адной галоўкі з прысоскамі і кручкамі, укручанай у поласць пузыра. Развіваецца ў арганізме прамежкавага гаспадара — свінні, буйн. раг. жывёлы, зрэдку чалавека, выклікае цыстыцэркозы. У арганізме канчатковага гаспадара (напр., чалавека) ператвараецца ў дарослага чарвяка.

т. 17, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,

гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТЭРЭ́ЛЫ (Pasteurella),

род бактэрый сям. бруцэлавых. 4 віды. Найб. пашыраная і вывучаная P. multocida, якая выклікае захворванні свойскай і дзікай жывёлы (напр., пастэрэлёзы, бывае прычынай рэспіраторных хвароб чалавека.

Клеткі шара- ці яйцападобнай формы, нерухомыя, грамадмоўныя, інтэнсіўна афарбоўваюцца на полюсах. Аэробы або факультатыўныя анаэробы. Спор не ўтвараюць.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВА́Н,

прыродны нац. парк у Арменіі, на ўзбярэжжы воз. Севан. Пл. 150,1 тыс. га. Засн. ў 1978 для аховы і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў басейна возера, горна-лясных комплексаў Армянскага нагор’я, помнікаў культуры (арх. комплекс Севанскага манастыра, 4 ст.). Сустракаюцца буйн. капытныя жывёлы, драпежнікі, шмат вадаплаўных птушак, эндэмічна севанская стронга.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАХІБОТРЫЯТАКСІКО́З,

хвароба сельскагаспадарчых жывёл і птушак, выкліканая атрутным плесневым грыбам стахіботрысам. Жывёлы заражаюцца пры ўжыванні папсаваных грыбам кармоў, таксама пры выпасе на ржышчы, выкарыстанні папсаванага грыбам подсцілу. Прыкметы: парушэнне мінер. абмену, язвы і трэшчыны губ, ацёкі морды жывёл, рыніты і інш. Хвароба ўскладняецца сепсісам. Гл. таксама Кармавыя атручэнні.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМА́Й,

у рэлігіі і міфалогіі стараж. цюркаў багіня жаночага, зямнога пачатку і ўрадлівасці. Лічылася апякункай воінаў і жонкі кагана (правіцеля). Перажыткі веры ў У. захоўваліся ў міфалогіях шэрагу цюркамоўных народаў (казахаў, кіргізаў і інш.), якія шанавалі яе як апякунку парадзіх і немаўлят, падаўніцу добрага ўраджаю і прыплоду жывёлы.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗЭМПЛЯ́Р (лац. exemplar узор),

1) асобны прадмет з шэрагу аднародных прадметаў, асобная адзінка чаго-н. (напр., сігнальны Э. з’яўляецца ўзорам для інш. Э. пэўнага выдання).

2) Асобны прадстаўнік якой-н. пароды, віду, разнавіднасці (жывёлы ці расліны).

3) У пераносным сэнсе — асоба, якая вызначаецца незвычайнымі, часцей адмоўнымі ўласцівасцямі.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССКІ́ВІЧНЫЯ, агнаты (Agnatha),

надклас ніжэйшых пазваночных жывёл, 2 вымерлыя класы: няпарнаноздравыя (Monorhina, Cephalaspidomorphi) і парнаноздравыя (Diplorhina, Pteraspidomorphi); 1 сучасны клас — кругларотыя, які ўключае 40—42 віды міногаў і міксінаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, у марскіх і прэсных водах. На Беларусі вядомы 3 віды міногаў.

Стараж. прымітыўныя рыбападобныя жывёлы без сківіц і парных канечнасцей, з хордай. Унутр. шкілет храстковы (у вымерлых быў вонкавы касцявы шкілет). Шчэлепы ў выглядзе мяшкоў з пялёсткамі энтадэрмальнага паходжання. Ноздравая адтуліна ў большасці няпарная. Паўкружных каналаў 1 ці 2. Рот круглы, сысучага тыпу, корм лічынак — раслінныя рэшткі, водарасці, дарослыя паядаюць мяса і кроў рыб ці зусім не кормяцца. Выкапнёвыя бяссківічныя ўсмоктвалі разам з глеем і пяском дробныя арганізмы. Рэшткі бяссківічных вядомы з кембрыю да позняга дэвону Вялікабрытаніі, Нарвегіі (Шпіцберген), Германіі, ЗША, Кітая, Аўстраліі, Тувы і інш. месцаў. Росквіт у познім сілуры і раннім дэвоне. Даўж. ад некалькіх сантыметраў (верацёнападобныя жывёлы) да 1 м (пляскатыя донныя формы). Рэшткі бяссківічных з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі пры вывучэнні адкладаў.

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ДНАСЦЬ,

эвалюцыйна сфарміраваная здольнасць жывёл прыносіць уласцівы кожнаму віду прыплод, які ў нармальных умовах кампенсуе натуральную смяротнасць. Залежыць ад спосабу размнажэння. Жывёлы з большай працягласцю жыцця і высокай ступенню клопату аб патомстве выводзяць 1—2 дзіцяняці (часта не кожны год); недаўгавечныя жывёлы (напр., дробныя грызуны) здольныя размнажацца некалькі разоў за год і прыносіць у прыплодзе 10—15 дзіцянят. Некат. насякомыя (напр., тэрміты) адкладваюць да мільёна яец, месяц-рыба — да 300 млн. ікрынак і не клапоцяцца аб патомстве. П. мяняецца з узростам, вагаецца па сезонах (у відаў з паўторным размнажэннем) і ў розныя гады ў залежнасці ад забяспечанасці жывёл кормам, кліматычных умоў, шчыльнасці папуляцыі і інш. Павышэнне П. (велічыні прыплоду) с.-г. жывёл — адна з асн. праблем жывёлагадоўлі. Павышаная П. перадаецца патомству і замацоўваецца шляхам адбору і падбору як важная пародная адзнака. Пры працяглым блізкароднасным развядзенні П. зніжаецца (часам да поўнай бясплоднасці). Частковая ці поўная страта П. ў патомстве часта бывае пры аддаленай гібрыдызацыі.

т. 12, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)