АНТРАПАЗААНО́ЗЫ

[ад антрапа... + заа... + ...оз(ы)],

зоаантрапанозы, інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, агульныя для жывёл і чалавека. Крыніца інфекцыі хворыя жывёлы, з якімі чалавек кантактуе. Многія антрапазаанозы — трансмісіўныя хваробы, характарызуюцца прыроднай ачаговасцю. У мед. л-ры антрапазаанозы наз. заанозамі.

Антрапазаанозы выклікаюцца бактэрыямі (бруцэлёз, злаякасны ацёк, сап, слупняк, сібірская язва, туберкулёз, тулярэмія, чума вярблюдаў, меліяідоз, харч. таксікаінфекцыі і інш.), вірусамі (арнітоз, шаленства, яшчур, кляшчовы энцэфаліт, інфекцыйны энцэфаламіэліт коней і інш.), грыбкамі (актынамікоз, парша, стрыгучы лішай), спірахетамі і лептаспірамі (лептаспіроз, клешчавы зваротны тыф), рыкетсіямі (Ку-ліхаманка, пацуковы рыкетсіёз, паўночна-азіяцкі клешчавы сыпны тыф), прасцейшымі (таксаплазмоз, трыпаназамоз, лейшманіёз і інш.), членістаногімі (акароз), гельмінтамі (дыфілабатрыёзы, апістархоз, тэніідоз, трыхінелёз, эхінакакоз, тоніярынхоз).

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)