класіфікацыя моў свету, якая праводзіцца ў залежнасці ад граматычнага ладу мовы, пераважна марфалогіі; адзін з відаў тыпалагічнай класіфікацыі моў. Паводле М.к.м. вылучаюць 4 тыпы моў свету: коранеізаляваныя мовы (адсутнасць словазмянення, грамат. значнасць парадку слоў, слабое проціпастаўленне знамянальных і службовых слоў); аглюцінатыўныя мовы (грамат. адназначнасць афіксаў, адзіны тып скланення і спражэння, адсутнасць значных чаргаванняў); інкарпараваныя мовы (магчымасць уключэння ў склад дзеяслова-выказніка інш. членаў сказа, пераважна прамога дапаўнення); флектыўныя мовы (поліфункцыянальнасць грамат. марфем, наяўнасць фанетычна не абумоўленых змен кораня, вял. колькасць фанетычна і семантычна нематываваных тыпаў скланення і спражэння).
Многія мовы займаюць прамежкавае становішча на шкале М.к.м., сумяшчаюць у сабе прыкметы розных тыпаў. Напр., бел. мова адносіцца пераважна да флектыўнага тыпу, аднак у ёй сустракаюцца выпадкі. калі адносіны паміж словамі выражаюцца не столькі канчаткамі, колькі парадкам слоў (напр., «Маці любіць дзіця» — «Дзіця любіць маці»).
Літ.:
Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́КА,
назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.Коласа, «Музыка» М.Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.Шагал, Я.Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ІВялікія і Малыя,
дзярж. ўтварэнні (княствы) нагайцаў (мангыты, кунграты і інш. цюркамоўныя плямёны, якія ўзялі сабе агульную назву ад імя золатаардынскага цемніка Нагая, у склад арды якога ўваходзілі ў 2-й пал. 13 ст.), што ўзніклі ў выніку распаду Нагайскай Арды ў 2-й пал. 16 ст. Н. Вялікія ўтварыліся з улусаў, што качавалі паміж Волгай і р. Урал, у 1555—1600 неаднаразова прымалі рас. падданства; у 1634 выцеснены калмыкамі на правабярэжжа Волгі, дзе качавалі ў Прыкаспіі (да р. Церак) разам з некаторымі ўлусамі Н. Малых, б.ч. жыхароў якіх з сярэдзіны 16 ст. насяляла Прыазоўе (паміж Донам і Кубанню) у якасці васалаў Крымскага ханства і Турцыі. У 17—18 ст. Н. Малыя амаль поўнасцю выцеснены рас. казакамі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я, дзе падзяліліся на орды (Буджакскую, Едысанскую і інш.). У канцы 18 — пач. 19 ст. іх жыхары часткова прынялі рас. падданства і былі зноў пераселены ва ўсх. Прыазоўе, часткова перасяліліся ў Турцыю паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял.кн.ВКЛ Вітаўтам і вял.кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЭ́СТА (італьян. podestá ад лац. potestas улада),
кіраўнік выканаўчай і суд. улады ў італьянскіх гарадах-камунах у 12 — пач. 16 ст. Выбіраўся з іншагародніх жыхароў на тэрмін ад 6 мес. да 1 года. У 2-й пал. 12 ст. імператар Фрыдрых I Барбароса прысвоіў сабе права прызначэння П., ператварыўшы яго ў прадстаўніка імператарскай улады. Пасля бітвы каля Леньяна (1176) гарады зноў самі выбіралі П. У сярэдзіне 13 ст. паспяховая барацьба папаланаў з патрыцыятам прывяла ў шэрагу гарадоў (Балоння, Фларэнцыя, Сіена і інш.) да аслаблення ўлады П. на карысць нар. капітанаў. У 14—15 ст. П. мелі толькі юрыд. функцыі, у пач. 16 ст. іх замянілі калегіі суддзяў. У некаторых буйных сярэдневяковых гарадах-дзяржавах Італіі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя) П. называлі прадстаўнікоў падуладных гарадоў, якія прызначаліся цэнтр. уладай. У час фаш. дыктатуры ў Італіі ў гарадах была ўведзена (1926) вышэйшая адм. пасада П., якую займалі па прызначэнні ўрада. У 1946 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ППР; Polska Partia Robotnicza),
створана 5.1.1942 на падпольным сходзе членамі б.Камуністычнай партыі Польшчы. Кіраўнікі ППР — М.Навотка (1942), П.Фіндэр (1942—43). У.Гамулка (з 1943). Актыўна ўдзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць герм. акупацыі Польшчы, вясной 1942 стварыла ўзбр. арг-цыю — Гвардыю Людову (з 1.1.1944 — Армія Людова). Сумесна з інш. левымі партыямі стварыла Краёву Раду Нарадову, як орган улады ў Польшчы, які не падпарадкоўваўся Польскаму ўраду ў эміграцыі. Прадстаўнікі ППР займалі ключавыя пасады ў Польскім камітэце нацыянальнага вызвалення (1944), часовым урадзе Польскай Рэспублікі (1945) і Урадзе нац. адзінства (1945—47). У снеж. 1945 адбыўся 1-ы з’езд ППР, на якім была ўхвалена праграма, якая прадугледжвала радыкальную аграрную рэформу, нацыяналізацыю асн. сродкаў вытворчасці, транспарту і банкаў. Пасля перамогі на выбарах у сейм у снеж. 1947 узяла курс на поўнае падпарадкаванне сабеінш. левых партый і прымусовую ліквідацыю апазіцыі. У снеж. 1948 у выніку аб’яднання ППР з Польскай сацыялістычнай партыяй створана Польская аб’яднаная рабочая партыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБУШЫ́НСКІЯ,
дынастыя рас. прамыслоўцаў, банкіраў і паліт. дзеячаў. Заснавальнік М.Я.Рабушынскі быў вядомы з 1840-х г. як уладальнік тэкст. фабрык у Маскве і Калужскай губ. У канцы 19 — пач. 20 ст. валодалі шматлікімі баваўнянымі, шклянымі, ільноапрацоўчымі, папяровымі і паліграф. прадпрыемствамі ў розных губ.; у гады 1-й сусв. вайны набылі шэраг прадпрыемстваў лясной і металаапрацоўчай прам-сці, пачалі будаваць аўтамаб. завод. У 1900 падпарадкавалі сабе Харкаўскі пазямельны банк, у 1902 засн. Банкірскі дом братоў Р. (з 1912 Маскоўскі банк). Адыгрывалі вядучую ролю ў прадпрымальніцкіх арг-цыях Расіі. З Р. найб. вядомы ўнук М.Я.Рабушынскага Павел Паўлавіч (30.6.1871, Масква — 19.7.1924), саўладальнік і кіраўнік (з 1900) «Т-ва мануфактур П.М.Рабушынскага з сынам», Маскоўскага банка, «Т-ва друкарань П.П.Рабушынскага», акцыянер многіх кампаній. У 1905—06 чл.ЦК партыі акцябрыстаў. З 1906 уваходзіў у кіраўніцтва партыі мірнага абнаўлення, з 1912 — прагрэсістаў. У 1915 ініцыятар стварэння і старшыня маскоўскага Ваен.-прамысл.к-та. Падтрымаў Карнілава мяцеж 1917. З 1919 у Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
радовішча даламітаў у Віцебскім р-не, каля г.п. Руба, вёсак Вярхоўе, Гралева, Цякава, Койтава, Чырвоны Двор, на правым і левым берагах р.Зах. Дзвіна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі франскага яруса (верхні дэвон). Складаецца з 5 участкаў: Руба і Вярхоўе (адпрацаваныя), Цякава-Койтава (закансервавана), Гралева (распрацоўваецца), Чырванадворскі (рэзервовы). Даламіты шэрыя, жаўтавата-шэрыя, скрытакрышт., моцныя, участкамі трэшчынаватыя, порыстыя, кавернозныя, акварцаваныя, з лінзамі і праслоямі даламітавага пяску і друзу, маюць у сабе аксіду кальцыю CaO 23,8—34,5%, аксіду магнію MgO 14,7—22,6%. Разведаныя запасы (на ўчастках Гралева і Чырванадворскі) 843,7 млн.т, перспектыўныя 389,3 млн.т, астатак разведаных запасаў 748,1 млн.т (2000). Выяўленая магутнасць карыснай тоўшчы 10,5—30,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 22—44 м. У рэчышчы р.Зах. Дзвіна даламіты выходзяць на дзённую паверхню. Даламіты прыдатныя на выраб даламітавай мукі (для вапнавання кіслых глеб), друзу, мінер. парашку для асфальтабетону, напаўняльніка для покрыўнага слоя руберойду і часткова для нізкагатунковага шкла. Радовішча распрацоўваецца акц. т-вам «Даламіт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КТЫ (ад лац. relictum астатак),
віды і іншыя групы раслін і жывёл, што захаваліся ад флор і фаун мінулых геал. эпох. Р. адрозніваюць па геал. узросце (неагенавыя — метасеквоя, секвоя, хахуля, ледавіковыя — бакаплаў Паласа, карлікавая бяроза, мянтуз, рапушка еўрап., рэліктавая мізіда і інш.), па месцы паходжання (напр., міжземнаморскія, туранскія), экалагічных умовах (напр., гігра- і мезафільныя), па часе ранейшага панавання і пашырэння (напр., неагенавыя, мезазойскія, мелавыя) і інш. Для Р. характэрна ізаляванасць у філагенет. сістэме. Іх падзяляюць на кансерватыўныя (віды, якія амаль не змяніліся пры адносна нязменных умовах асяроддзя) і адаптыўныя, што змяніліся і прыстасаваліся да новых умоў. Таксама адрозніваюць сурэлікты (захоўваюць свой арэал), адаптаны (пашыраюць яго), дэграданты (скарачаюць арэал і колькасць відаў). Маюць у сабе багатую генет. і геагр. інфармацыю. Выкарыстоўваюцца пры даследаванні гісторыі ўзнікнення і фарміравання біягеацэнозаў, вывучэнні працэсаў відаўтварэння, выяўленні філагенет. сувязей. Найб. рэдкія Р. ўключаюць у Міжнар. і нац.Чырв. кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛА́ТА, латук пасяўны,
салата-латук (Lactuca sativa),
кветкавая расліна сям. складанакветных. Пашырана па ўсіх кантынентах у культуры. Радзіма — Міжземнамор’е, родапачынальнік — латук дзікі. Стараж. агароднінная культура.
Аднагадовая разеткавая расліна. Сцябло прамастойнае, уверсе разгалінаванае, выш. 60—200 см. Лісце разеткі буйное, жаўтавата-зялёнае, суцэльнае, сядзячае, рознай формы, гладкае, маршчыністае, гафрыраванае або кучаравае, часта шчыльна змыкаецца ў качан. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя або бледна-жоўтыя, у кошыку. Плод — сямянка. Разнавіднасці С.: ліставая пасяўная (скараспелая, напр., сорт Маскоўская парніковая); ліставая кучаравая (напр., Грэнд Рапідс); вузкалістая (напр., Латук позні); качанная (сартатыпы масляналістая, напр., Майская, і храсткаваталістая, або ледзяная, напр., Ледзяная гара) з качанамі плоска-акруглай формы; даўгалістая, С. Рамэн, (напр., сорт Парыжская зялёная) з качаном падоўжана-авальнай формы. Ужываюць свежымі лісце, качан, патоўшчанае сцябло. Лісце мае ў сабе вітаміны (C, B, PP і інш.), карацін, солі жалеза, калію, фосфару, сцябло — млечны сок, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, насенне — алей. Харч., лек. расліна.