КРУ́ПЫ,

прадукт харчавання, які складаецца з цэлых або здробненых зярнят крупяных культур, а таксама збожжавых і бабовых. Маюць высокія пажыўныя і смакавыя якасці, добра разварваюцца і засвойваюцца арганізмам. Маюць у сабе 65—75% вугляводаў, 7,6—13% бялкоў, 0,8—2,5% тлушчаў (у аўсяных да 6,5%).

Бываюць грэцкія, рысавыя, ячныя, аўсяныя, пшанічныя, кукурузныя, гарохавыя, а таксама манныя (з пшаніцы), прасяныя і інш. Ёсць К. з сумесі некалькіх мучністых кампанентаў крупяных і збожжавых культур, да якіх дадаюць цукар, сухое малако і інш. Да К. адносяцца аўсяныя, кукурузныя і пшанічныя шматкі. Тэхнал. працэс вырабу К. складаецца з ачысткі зерня ад дамешак і абалонак, тэрмічнай апрацоўкі (прапаркі, сушкі — аўса, гароху, кукурузы), шліфоўкі і паліравання зерня, сартавання яго на фракцыі і інш. З К. робяць харч. канцэнтраты, гатуюць кашы, супы і г.д.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)