АРЛЯ́К
(Pteridium),
род папарацяў сям. гіпалепісавых. 8 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных абласцях, з іх арляк звычайны (Р. aquilinum) расце амаль па ўсім свеце, арляк крымскі (Р. tauricum) — у горным поясе Крыма і Каўказа. На Беларусі ўсюды ў хвойных і мяшаных лясах, на ўзлесках, высечках і гарах расце арляк звычайны.
Шматгадовая споравая расліна выш. да 2 м з доўгім паўзучым разгалінаваным карэнішчам. Лісце адзіночнае, двойчы-, тройчы непарнаперыстае, скурыстае, размешчана на доўгім моцным чаранку ў адной плоскасці. Сорусы ўкрыты індузіем, пад загорнутым краем ліста. Споры тэтраэдрычныя, шарападобныя. Маладое лісце ядомае. Багатыя крухмалам (да 45%) карэнішчы маюць у сабе арлякадубільную і сінільную к-ты, выкарыстоўваюцца на корм свінням (для буйн. раг. жывёлы і коней атрутныя); лек сродак ад глістоў, кашлю, залатухі, рахіту ў дзяцей і інш.
т. 1, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)