гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.
ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б.СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.
Літ.:
Гл. пры арт.Гідраэлектрычная станцыя.
У.М.Сацута.
Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКАВАЯ ВАЙНА́», бліцкрыг (ням. Blitzkrieg ад Blitz маланка + Krieg вайна),
тэорыя вядзення войнаў, асноўным зместам якіх з’яўляецца дасягненне перамогі ў найкарацейшы тэрмін. Тэорыя створана герм. ген.-фельдмаршалам А. фон Шліфенам і інш. ідэолагамі герм. мілітарызму і пакладзена ў аснову ваен. стратэгіі Германіі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. Найважнейшыя палажэнні тэорыі «М.в.»: апярэджванне праціўніка ў сканцэнтраванні і разгортванні войск; дасягненне поўнай перавагі ў сілах і сродках на гал. напрамку; забеспячэнне аператыўна-стратэг. раптоўнасці; дэзарганізацыя кіравання войскамі і тылу праціўніка; нанясенне максімальна магутнага першага ўдару з мэтай дасягнення ў пачатковых бітвах рашаючага поспеху; знішчэнне ўзбр. сіл праціўніка шляхам іх рассячэння і акружэння ў выніку імклівых дзеянняў мотапяхоты і танкаў. План Шліфена, упершыню прыменены ў 1914, пацярпеў крушэнне. У 1930-я г.ням. тэарэтыкі, у т. л. Э.Людэндорф, прадоўжылі развіццё асн. палажэнняў «М.в.», прапанаваўшы тэорыю «татальнай вайны», згодна з якой узмацнялася значэнне нечаканага нападу, больш маштабнага тэрору з мэтай запалохвання насельніцтва, своечасовай падрыхтоўкі і шырокага выкарыстання падрыўных сіл на тэр. праціўніка. У пач. 2-й сусв. вайны стратэгія «М.в.» забяспечыла Германіі поспех у Зах. Еўропе. У час Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45вял. значэнне ў зрыве плана «М.в.» мелі абарончыя аперацыі на Беларусі, у т. л.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941 і інш., а таксама Смаленская бітва 1941. Разгром ням.-фаш. войск пад Масквой азначаў поўны крах планаў «М.в.». У сучасных умовах асн. палажэнні «М.в.», мадыфікаваныя стратэгамі ЗША і НАТО, апрабаваны ў вайне супраць Ірака (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91) і інш. войнах. Яе рысы: нанясенне загадзя запланаваных, высокадакладных, выбіральных удараў па стратэг. аб’ектах на ўсёй тэр. праціўніка ў спалучэнні з масіраваным выкарыстаннем інфарм. і радыёэлектроннай барацьбы. Сродкамі ўзбр. процідзеяння стратэгіі «М.в.» з’яўляецца своечасовае стварэнне сукупнасці ўзаемадзейных рэгіянальных інфарм.-ўдарных груповак войск, павышэнне эфектыўнасці ППА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, якая склалася ў 11 ст. ў Полацкім княстве ў час яго эканам. і паліт. ўздыму. Сфарміравалася ў культавым буд-ве на аснове пераасэнсавання традыцый візант. архітэктуры пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Полацкага Сафійскага сабора. Найб. росквіту дасягнула ў 12 ст. Для П.ш.д. характэрна муроўка з плінфы «са схаваным радам», якая ўтварала двухколерную гаму паверхні сцяны, радзей — з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа творча развіла адзін з кірункаў візант.царк.-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда (бакавыя знадворку не выяўлены і часцей схаваны ў тоўшчы алтарных сцен). Асн. тып культавых збудаванняў: 1-нефавыя бесслуповыя з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра) 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Віцебская Благавешчанская царква, Барысаглебская царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра). У шэрагу храмаў меліся абходныя галерэі. Для некат. помнікаў П.ш.д. характэрна размяшчэнне падкупальнага квадрата не над усх., а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла і канструкцыйна-дэкар. сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік П.ш.д. дойлід Іаан — аўтар Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Мяркуюць, што полацкія дойліды ўдзельнічалі ў буд-ве Навагрудскай Барысаглебскай царквы, будавалі ў Ноўгарадзе (царква на Сінічай гары) і Смаленску. П.ш.д. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё архітэктуры Беларусі, на Смаленскую школу дойлідства, а таксама Маскоўскую школу дойлідства і Пскоўскую школу дойлідства.
Ю.А.Якімовіч, Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Полацкая школа дойлідства. Благавешчанская царква ў Віцебску. Здымак пасля рэстаўрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́Н (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),
у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э.культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл.Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем I (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст.н.э. заняпаў.
Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн. вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Яго ж. Вавилонская башня: Пер. с нем. М., 1991.
Да арт. Вавілон. Фрагмент рэльефу варотаў Іштар.Да арт. Вавілон. Дэкаратыўнае пано троннай залы Паўднёвага палаца. 6 ст. да н.э.Да арт. Вавілон. Рэшткі горада.Да арт. Вавілон. Вароты Іштар. Каля 570 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЛІН (Dublin; ірл.Бале-Аха-Кліях),
горад, сталіца Ірландыі. Размешчаны на У краіны, у вусці р. Ліфі, якая ўпадае ў зал. Дублін Ірландскага м. 915,5 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт. Каналамі Роял і Гранд злучаны з унутр. раёнамі. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае, прылада- і трактарабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, с.-г.), металаапр., харчасмакавая (піваварная, мясакансервавая, беконная, мукамольная, тытунёвая, вытв-сць віскі), тэкст. (шарсцяная і льняная), швейная, джутавая, буд. матэрыялаў. Дублінскі ун-т, Нац.ун-т, АН і Акадэмія мастацтваў. Тэатры. Штогадовы міжнар. Дублінскі тэатр. фестываль (з 1948).
Паходзіць ад стараж. назвы ўчастка р. Ліфі (Dubhlin — чорная затока). Упершыню ўпамінаецца пад 291. У 9 ст. заваяваны нарманамі, якіх паступова асімілявалі ірландцы. У 1170 захоплены англ. феадаламі, з канца 12 ст. цэнтр заваяванай імі калоніі. Гар. права з 1171. У 1613—1800 месца знаходжання ірл. парламента. З 17 ст. Д. — адзін з цэнтраў ірл.вызв. руху. У Д. адбылося Ірландскае паўстанне 1916. У 1919 тут засядаў Ірл. парламент, які абвясціў незалежнасць Ірландыі. Паводле англа-ірл. дагавора 1921 з Д. выведзены англ. гарнізон, горад стаў сталіцай Ірландскай вольнай дзяржавы, з 1949 — Ірландскай рэспублікі.
Са стараж. забудовы захаваліся замак (зараз Палац юстыцыі; 13 ст.), гатычныя царква Крайст-чэрч (1038—1225) і сабор Сент-Патрык (1190, перабудаваны пасля 1362). З 1757 перапланаваны цэнтр, дзе склаліся парадныя ансамблі ў стылі класіцызму. Парламент (1745—48), Трыніты-каледж (зараз ун-т; фасад — 1759), Чарлімант-хаўс (зараз Галерэя сучаснага мастацтва; 1763—70, арх. У.Чэймберс), ратуша (б. біржа; 1769, арх. Т.Кулі), Ірл. банк (1729—1805); будынкі «Чатырох судоў» (1786—1800), царква Сент-Джордж (1794—1802). У 1913 складзены план рэканструкцыі Д. (арх. П.Аберкрамбі); пабудаваны аэравакзал (1937—41), аўтавакзал (1951—53), шэраг жылых і прамысл. комплексаў. Музеі: Нац. музей, Нац. галерэя, Муніцыпальная галерэя сучаснага мастацтва, Грамадзянскі музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМ (ад франц. grimer падмалёўваць твар),
мастацтва змяняць вонкавы выгляд акцёра, пераважна яго твар, з дапамогай грыміравальных фарбаў, пластычных і валасяных наклеек, парыка, прычоскі і інш.; адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза. Характар грыму ў тэатры і кіно залежыць ад маст. асаблівасцей твора, рэжысёрскай канцэпцыі, задумы акцёра і стылю афармлення спектакля.
Гісторыя грыму ў т-ры ўзыходзіць да стараж.нар. абрадаў і гульняў, якія вымагалі ад удзельнікаў вонкавага пераўвасаблення. Нар. акцёры сярэдневякоўя (скамарохі, жанглёры і інш.) размалёўвалі твар сажай, сокам раслін. У 15—16 ст. удзельнікі прадстаўленняў карысталіся фантастычнымі маскамі і прымітыўна-рэалістычным грымам. Т-р класіцызму (17—18 ст.) стварыў ідэалізаваны, абагульнены грым. Развіццё рэалізму ў рус. т-ры 19 ст. садзейнічала росквіту мастацтва грыму, стварэнню грыма-партрэта; грым стаў адным з істотных кампанентаў рэжысёрскай задумы спектакля. З таго часу існуе прафесія мастака-грымёра.
У бел. т-ры развіццё грымёрскага мастацтва звязана з імёнамі буйных акцёраў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў стварэнні грыму (Г.Глебаў, Б.Платонаў, С.Бірыла, У.Крыловіч, П.Малчанаў, А.Кістаў, А.Ільінскі). Значны ўклад у станаўленне мастацтва грыму зрабілі бел. мастакі-грымёры С.Школьнікаў, Р.Волкаў, А.Буднік, В.Навіцкая, С.Пінхасік, В.Міронава, Л.Звездачотава і інш. У кіно мастацтва грыму мае спецыфіку: улічваюцца ўмовы аператарскай тэхнікі, асаблівасці кінаплёнкі, характар асвятлення. Буйны план на экране асабліва ў каляровым кіно патрабуе карпатлівай работы грымёра-мастака. У бел. кіно і на тэлебачанні развіццю мастацтва грыму садзейнічалі грымёры Р.Храпуцкі, У.Дзяменцьеў, У.Белавусаў, А.Чартовіч і інш. У цырку грым як адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза выкарыстоўваецца прадстаўнікамі жанру клаунады.
Літ.:
Школьников С.П. Искусство грима. Мн., 1963.
Да арт.Грым. Б.В.Платонаў (злева). Ён жа ў ролі Эзопа ў спектаклі «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду. 1957. Грым Платонава пры ўдзеле А.Тонкага.Да арт.Грым. Г.П.Глебаў (злева). Ён жа ў ролі Тулягі ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. 1939. Грым Глебава пры ўдзеле Р.Волкава.Да арт.Грым. У.М.Крыловіч (злева). Ён жа ў ролі Тодарбіча ў спектаклі «У ліпнёвую ноч» («Павукі і мухі») Б.Гарчынскага. 1927. Грым Крыловіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́НА,
гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.
Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш. — праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.
На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).
П.К.Чэрнік.
Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРА́ЦЫЯ (позналац. decoratio літар. ўпрыгожанне) у тэатры і кіно, афармленне трохмернай прасторы, у межах якой адбываецца дзеянне спектакля або фільма. Існуе для вобразнай характарыстыкі гіст. абставін, умоў і атмасферы спектакля або фільма — асяроддзя, у якім дзейнічае акцёр. Ствараецца з дапамогай архітэктуры, жывапісу, графікі, маст. планіроўкі месца дзеяння, спец. фактур, асвятлення і тэхнікі.
Сістэмы тэатр. Д.: кулісная перасоўная — мяккія навясныя кулісы або цвёрдыя на рухомых рамах, размешчаныя ад партала ўглыб сцэны (вядома з 1628); кулісна-арачная пад’ёмная — жывапісныя палотны, зробленыя з улікам перспектывы і сшытыя ў выглядзе арак (вядома з 17 ст.; разнавіднасць кулісна-арачнай Д. — ажурная, умацоўваецца на сетцы або апліцыруецца на цюлі); павільённая — сценкі-рамы, зацягнутыя маляваным палатном, перакрытыя столлю (з 1794); аб’ёмная — камбінацыя плоскіх сцен і аб’ёмных дэталей: станкоў, лесвіц, пандусаў і інш. (з 1870); для змены аб’ёмнай Д. ўжываюцца рухомыя пляцоўкі-фуркі, паваротны круг і інш.; праекцыйная Д. заснавана на праекцыі на экран статычных і дынамічных выяў — арх. і пейзажных матываў, дажджу, полымя і да т.п. (з 1908). Сярод прыёмаў — афармленне з ужываннем розных сістэм Д.: сімультантны (адначасовы паказ розных месцаў дзеяння), умоўны (афармленне ў нейтральных сукнах ці шырмах або ў іх спалучэнні з арх. і бытавымі дэталямі па рухомай устаноўцы), прасторавы (сцэна з Д. акружае гледача з усіх бакоў). Кінадэкарацыі робяцца трохмерныя з улікам умоў здымкі (план, ракурс, асвятленне), характару здымкі і стужкі. Ім дадаюць жывапісную і фактурную апрацоўку: умоўна-абагульненую для агульных і аддаленых планаў і ілюзорна-натуральную для буйных і сярэдніх планаў. Д. ў кіно робяцца ў натуральную велічыню аб’екта або ў выглядзе яго фрагмента (т.зв. «ігравой часткі»), Фрагмент Д. часам дапаўняецца макетамі і рознымі фонамі, якія ў кадры злучаюцца ў адно цэлае. Развіццё мастацтва Д. цесна звязана з развіццём тэатра, кіно, драматургіі, выяўл. мастацтва. Актыўным творчым пошукам адметныя работы мастакоў тэатра і кіно М.Апіёка, М.Блішча, Б.Герлавана, А.Грыгар’янца, Я.Ждана, А.Марыкса, П.Масленікава, Дз.Мохава, С. і Я.Нікалаевых, Ю.Тура, Я.Чамадурава і інш.Гл. таксама Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва.
Літ.:
Козлинский В.И., Фрезе Э.П. Художник и театр. М., 1975;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.
Г.І.Барышаў.
Да арт.Дэкарацыя. М.Апіёк. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Варвары» М.Горкага. 1966.Да арт.Дэкарацыя. П.Масленікаў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Яснае світанне» А.Туранкова. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны планбуд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген.план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НІЯ,
старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі
[1792—1750 да н.э.],
мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э.паўд.ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.
Літ.:
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.