ЯКО́БІ (Jacobi) Фрыдрых Генрых (25.1.1743, г. Дзюсельдорф, Германія — 10.3.1819, нямецкі пісьменнік і філосаф; прадстаўнік філасофіі пачуцця і веры. Прэзідэнт Баварскай АН (1807—12). Аўтар філас. раманаў «З пісьмаў Эдуарда Альвіля» (1775—76) і «Вальдэмар» (1779). У сваёй філасофіі выступаў супраць «разважнага» рацыяналізму Асветніцтва і вучэння І.Канта. На першы план ставіў права пачуцця і ўслед за Д.Юмам лічыў, што рэальнае існаванне прадметаў дадзена чалавечай свядомасці непасрэдна. Гэту непасрэдную верагоднасць Я. называў верай, шчырасцю або пачуццём, а таксама розумам і проціпастаўляў апасродкаваным ведам — разважанню. Паводле Я., змест веры — рэальнасць як пачуццёвага свету зямных рэчаў, так і абсалютнага і вечнага, у якім чалавек адчувае сябе адначасова і паглынутым абсалютам, і выратаваным праз сваю суб’ектыўнасць. Кантаўскаму катэгарычнаму імператыву Я. проціпастаўляў асобасную маральную аўтаномію, якая ўзвышаецца над рыгарызмам маральных запаветаў. Я. крытыкаваў вучэнні І.Г.Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля, бачыў у іх пантэістычныя і «нігілістычныя» тэндэнцыі. Ірацыяналістычныя імкненні вучэння Я. выступілі прадвеснікам некаторых матываў філасофіі жыцця і экзістэнцыялізму.
Л.Б.Савеня.
т. 18, кн. 1, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)